Узнали, чем школьники смогут заняться во время весенних каникул

Сумаваць не давядзецца!

Вось і пачалася самая доўга­чаканая пара для школьнікаў — канікулы. Вясенні перапынак паміж чвэрцямі — восем дзён. З 28 сакавіка па 4 красавіка ў вучняў будзе час адпачыць ад падручнікаў і хатніх заданняў, але не ад сустрэч з сябрамі і карысных мерапрыемстваў. Карэспандэнт «Р» даведаўся, якія падзеі чакаюць дзяцей на канікулах.

Хто мацнейшы і разумнейшы?

На вясенніх канікулах у Мінску запланавана больш за 135 масавых мерапрыемстваў. З 29 сакавіка па 3 красавіка з улікам рэкамендацый санэпідслужбы будуць працаваць 254 школьныя лагеры з дзённым знаходжаннем, разлічаныя на 8000 навучэнцаў. Прадугледжаны трохразовае харчаванне, комплекс адукацыйных і забаўляльных мерапрыемстваў. У гэтыя ж дні пройдзе заключны этап рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах. Ад Мінска ў ім удзельнічаюць 227 дзяцей.

Таксама ў кожным раёне сталіцы вызначана школа, якая выступіць базавай спартыўнай пляцоўкай. Тут штодня будуць праводзіцца спартыўныя спаборніцтвы і дні валейбола, футбола, баскетбола. Для юных аматараў фільмаў у кінатэатрах Мінска пакажуць дакументальную стужку «100 імёнаў Беларусі».





Інтэлект у пашане

30 сакавіка ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбудзецца Рэспубліканскі кубак НЦМТДМ «Вясна-2021» па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў. У турніры сустрэнуцца 30 каманд з 16 населеных пунктаў краіны, а ўсяго ў ім возьмуць удзел 180 чалавек.

— Каманды вызначаць пераможцаў і прызёраў у гульнях «Што? Дзе? Калі?» і «Свая гульня» ў дзвюх узроставых катэгорыях — «юніёры» і «ювеналы», — дзеліцца намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце НЦМТДМ Дзмітрый Хаванскі.

Праверыць свае разумовыя здольнасці ў інтэлектуальнай анлайн-гульні «Бітва розумаў» прапануе Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя. З панядзелка па суботу ў гісторыях сацыяльнай сеткі «ВКонтакте» ў супольнасці «БРПА — тэрыторыя дзяцінства!» будуць з'яўляцца заданні на логіку. За правільныя адказы хлопцы і дзяўчаты атрымаюць балы, якія ў канцы спаборніцтва змогуць абмяняць на прызы: партатыўныя калонкі, байкі, тэрмакружкі.


Інавацыі на канікулах

З 29 сакавіка па 1 красавіка ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі пройдзе гарадскі этап рэспубліканскага конкурсу інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў Ні-Tech. Прадугледжана работа секцый «Мабільная робататэхніка», «Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў», «Протатыпаванне», «Вэб-дызайн» і іншых. Таксама 31 сакавіка юныя майстры будуць выразаць з паперы творчыя кампазіцыі на тэму «Дрэва жыцця» або «Букет» у рамках гарадскога этапу Рэспубліканскага конкурсу юных майстроў «Беларуская выцінанка».


Пасябраваць з прыродай

Вясенні лагер «Юны валанцёр» чакае дзяцей у дні канікул. Для школьнікаў з усёй краіны арганізуюць анлайн-сустрэчы і заняткі па азнаямленні з экалагічным напрамкам валанцёрства і прасоўванні каштоўнасцей падтрымкі прыроды. Усяго сфармаваны два атрады. Для хлопчыкаў і дзяўчынак 10–15 гадоў на платформе ZOOM пройдуць анлайн-трэнінгі і заняткі. А для падлеткаў 14–16 гадоў арганізуюць навучальны курс на базе Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра.


grudnitskiy@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter