Суквецце культур

На Х Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне прыедуць больш за паўтары тысячы ўдзельнікаў і гасцей.

На Х Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне прыедуць больш за паўтары тысячы ўдзельнікаў і гасцей.

На Х Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне свае песні, танцы, кухню прэзентуюць прадстаўнікі 35 са 140 нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. У тым ліку такія “экзатычныя” для нашай краіны, як кабардзіна-балкары, мардвяне, іспанцы, венесуэльцы і індыйцы.

Вялікаму святу, якое адбудзецца ў горадзе над Нёманам 6—8 чэрвеня, папярэднічалі два гады карпатлівай працы арганізатараў фестывалю і рэспубліканскага журы. Пасля таго як ён распачаўся канцэртам у Белдзяржфілармоніі, ва ўсіх абласцях і горадзе Мінску прайшлі адборачныя туры. У выніку прафесійнае журы назвала калектывы мастацкай творчасці і асобных артыстаў, народных майстроў і кулінараў, якія прымуць удзел у фінале фестывалю. Усяго праз адборачныя туры прайшло больш за дзве тысячы чалавек. У фінал трапілі 900 прадстаўнікоў 35 нацыянальнасцей. Менавіта яны і выступяць сёлета на вуліцах і падворках горада Гродна.

— Васямнаццаць гадоў таму, калі фестываль толькі пачынаўся, у Гродна прыехалі прадстаўнікі 11 нацыянальнасцей, — успамінае галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Людміла Лебедзь, якая стаяла ля вытокаў фестывалю. — Але ўжо тады Гродна быў вельмі здзіўлены. Праўда, напачатку гродзенцы насцярожана аднесліся да калектываў, якія хадзілі па іх горадзе ў нацыянальных строях, спявалі песні і размаўлялі на незразумелых для іх мовах. Але здзіўленне вельмі хутка перайшло ў захапленне. І з тых часоў фестываль стаў неад’емнай часткай не толькі культурнага, але і грамадскага жыцця Гродна.

Пацвярджае словы Людмілы Іосіфаўны і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Вайтуляніс:

— Гэты фестываль — знакавая падзея для нашага горада. Складана падабраць словы, каб апісаць гэтае неверагоднае свята. Ныраючы з аднаго падворка ў другі, вы падарожнічаеце з краіны ў краіну. Вы чуеце адну мову, паварочваеце за рог — а там ужо размаўляюць на іншай. Прыемна, што з кожным годам кола ўдзельнікаў фестывалю пашыраецца. Мы стараемся максімальна задаволіць іх запыты, падрыхтаваць пляцоўкі, каб прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцей маглі прадставіць сваю культуру, пачынаючы ад танцаў і песень і заканчваючы рамесніцтвам і нацыянальнай кухняй.

Як ужо адзначалася, фестываль будзе доўжыцца тры дні. 6 чэрвеня позна вечарам адбудзецца афіцыйная цырымонія адкрыцця, якая распачнецца шэсцем удзельнікаў ад Савецкай плошчы да плошчы Леніна. Другі дзень фестывалю, 7 чэрвеня, будзе прысвечаны нацыянальным падворкам, кожны з якіх падрыхтуе сваю праграму. Святочныя мерапрыемствы (усяго каля 60) пройдуць таксама на канцэртных пляцоўках на плошчах Леніна і Савецкай, у парку імя Жылібера, у абласным драматычным тэатры. Цікавым элементам свята стане праграма для моладзі “Энергія старажытных вуліц”, мерапрыемствы якой пройдуць у розных частках горада. У апошні дзень дэлегацыі будуць рыхтавацца да ад’езду.

Мастацкі кіраўнік фестывалю Пётр Гуд раскрыў некаторыя інтрыгі юбілейнага фестывалю:

— Упершыню ў Гродне пройдзе шоу-прэзентацыя нацыянальных строяў, будзе закладзена Алея сяброўства, усталяваны памятны знак на месцы страчанага храма — Фары Вітаўта. На фестывалі выступяць калектывы з гістарычнай радзімы прадстаўнікоў нацыянальна-культурных аб’яднанняў, будзе арганізаваны шматнацыянальны рок-канцэрт, пройдзе свята нацыянальнага тэатральнага мастацтва.

У канцэртных праграмах прымуць удзел у першую чаргу беларускія выканаўцы, якія маюць карані іншых нацыянальнасцей: Гюнеш, Іскуі Абалян, Іван Буслай і іншыя. Спецыяльнымі гасцямі фестывалю стануць Леў Лешчанка, групы “Вінтаж”, “Чынгісхан” і  “ТіК” з Украіны.

Цяжка пераацаніць ролю Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Гаворачы словамі старшыні Мінскага гарадскога армянскага культурна-асветніцкага таварыства “Айастан” Георгія Егіазарана, фестываль  не толькі нясе задачу паказаць культуру розных народаў, якія пражываюць у Беларусі, але выконвае функцыю захавання стабільных сяброўскіх міжэтнічных адносін.

— Фестываль стартаваў даўно, і да сёння ён трымае і развівае свае традыцыі, рухаецца наперад. За мяжой няма аналагічных фестываляў паводле размаху, аб’ёму, глыбіні, колькасці ўдзельнікаў.

У шматлікіх краінах ёсць спробы паўтарыць наш фестываль. Але пакуль яны застаюцца толькі спробамі, — патлумачыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў. — Мы павінны ганарыцца тым, што маем такое свята.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter