Спустя 27 лет вышел новый выпуск альманаха «Далягляды»

Сугучча праз адлегласці

Для беларускіх чытачоў з’явіўся выдатны падарунак: праз 27 гадоў адноўлены выпуск альманаха «Далягляды». Старэйшае пакаленне добра памятае гэтае выданне, якое карысталася вялікай папулярнасцю, яго цяжка было купіць і нават узяць у бібліятэцы. Нядзіўна: там друкаваліся лепшыя навінкі і класіка замежнай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову. Апошні выпуск убачыў свет у 1992 годзе. Калі пагартаць, можна знайсці творы Рабіндраната Тагора, Эмброўза Бірса, Чэслава Мілаша, Радаміра Андрыча, Тэадора Шторма, Эжэна Ёнеска і нават апавяданне культавага сёння фантаста Анджэя Сапкоўскага «Зерне праўды», у якім сустракаем добра знаёмага «вядзьміна» і ягоную кабылу Плотку. «Далягляды‑2019» маюць такое самае аблічча ў цёмна‑зялёнай вокладцы, і змест выдавецтва «Мастацкая літаратура» пастаралася зрабіць на ўзроўні не горшым, чым было калісьці. Літаратары з двух дзясяткаў краін, ад Азербайджана да Кітая, ад Бангладэш да ЗША, россып імёнаў — Фрыдрых Ніцшэ, Фрыдрых Гёльдэрлін, Меір Шалеў, Уільям Батлер Ейц, Луіджы Пірандэла, Майроніс... Гэта не проста падбор добрых твораў — гэта дэманстрацыя майстэрства нашых перакладчыкаў і магчымасцей беларускай мовы. Дый увогуле адкрыццяў шмат. Напрыклад, водгук міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча на дзённікі вядомага расійскага культуролага Ігара Дзядкова, сябра Васіля Быкава. 


— Чаму ж сёння вярнуўся да нас альманах? З якімі мэтамі?

Аляксандр Карлюкевіч.
 — «Далягляды» — гэта як вяртанне да добрага, выпрацаванага дзесяцігоддзямі творчага вопыту, — тлумачыць Аляксандр Карлюкевіч. — Калі азірнуцца, то асабіста ў мяне як чытача менавіта з ранейшых выпускаў «Даляглядаў» — сустрэчы па‑беларуску з прозай Уладзіміра Салавухіна, якую чытаў у перакладах Васіля Віткі, паэзіяй у перакладах Любові Філімонавай, якая з арыгінала і падрадкоўнікаў пераўвасабляла туркменскую мастацкую прастору, творамі лацінаамерыканскіх і нямецкіх, польскіх і літоўскіх пісьменнікаў. У тых «Даляглядах» нават апавяданні з урду былі перакладзены з арыгінала. Іх перакладчык — Уладзімір Шчасны. Чаму зараз вырашылі, адважыліся на ўзнаўленне «Даляглядаў»... Пра гэта, відаць, лепей скажуць самі выдаўцы. Мне бачыцца ў гэтым і пільная ўвага творчых асоб да тых працэсаў, якія здзяйсняюцца ў Беларусі па развіцці міжнародных стасункаў. Шырыня зацікаўлення краіны, міралюбства, жаданне размаўляць з усімі, выяўляць павагу да розных народаў і розных культур, розных нацыянальных літаратур — вось, пэўна, фундамент, крынічнае сілкаванне для новых «Даляглядаў».

— У чым адрозненне ў параўнанні з ранейшымі выпускамі?

— Кітай, краіны Азіі, маю на ўвазе Пакістан, Бангладэш, Інданезію, — вось відавочны зрэз новай зацікаўленасці. Хаця ў выпадку з кітайскай літаратурай гэта і своеасаблівы працяг, бо шмат што было зроблена і раней. Асабліва напрыканцы 1940‑х, у 1950‑я гады. Што прыкметна, усё часцей перакладаюць з арыгінала. Асабліва гэта датычыць кітайскай паэзіі. Між іншым, побач з развіццём альманаха — і серыя кніг «Светлыя знакі: паэты Кітая». Убачылі свет ужо 13 кніг у «Мастацкай літаратуры» і Выдавецкім доме «Звязда».

— Якія перспектывы гэтага выдання? 

— Хацелася б бачыць альманах гадавым. Як, дарэчы, раней і было. Безумоўна, развіццё гэтага творчага праекта, які закліканы паказваць вартасць мастацкага перакладу ў Беларусі, шмат у чым залежыць ад чытача, ад увагі літаратурна‑мастацкай крытыкі. Ды і ад кансалідацыі перакладчыцкіх сіл, ад тых, хто сёння імкнецца праз розныя мовы разгледзець увесь свет, зрабіць яго зразумелым і судакранальным для нашай багатай на творчых людзей краіны.

cultura@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Александр КУШНЕР
Загрузка...
Новости и статьи