Сучасны герой сучасных пісьменнікаў

25 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 487 аб мерапрыемствах, прысвечаных гэтым юбілеям.

Сёлета ёсць асаблівая падстава перачытаць класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янку Купалу: у 2012-м будзем святкаваць 130-годдзе з дня іх нараджэння.

25 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 487 аб мерапрыемствах, прысвечаных гэтым юбілеям.

Іх будзе шмат. Яны пройдуць у краіне і за яе межамі, да святаў створаць тэматычныя літаратурна-мастацкія публіцыстычныя праграмы на тэлебачанні і радыё, выдадуць кнігі пісьменнікаў і літаратуру аб іх жыцці і творчасці, а таксама пабачаць свет факсімільныя выданні кніг Янкі Купалы «Шляхам жыцця» і Якуба Коласа «Сымон-музыка». А яшчэ добраўпарадкуюць тэрыторыі гістарычных і культурных аб’ектаў, звязаных з жыццём і творчасцю гэтых пісьменнікаў, капітальныя рамонты чакаюць будынкі дзяржаўных літаратурных музеяў. Шырока адзначым рэспубліканскія святы паэзіі…

А яшчэ, мабыць, у наступны год мы ўвойдзем як у Год кнігі. Добра, каб на гэтай хвалі ўскалыхнуліся маладыя творчыя сілы, абудзілася цікавасць у беларусаў да роднай літаратуры і культуры…

У «Белорусской нивы» ёсць свой адмысловы брэнд — «Беларускі ручнік», надрукавацца ў якім спрабуюць не толькі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, але і маладыя, і ва ўзросце паэты з розных куткой рэспублікі. На старонках газеты выступаў напярэдадні Дня беларускага пісьменства і Васіль Ткачоў, які распавядаў аб справах Гомельскага абласнога саюза пісьменнікаў, аб тых, хто «захварэў» літаратурнай творчасцю. Ён адзначаў, што ў шматлікіх раёнах вобласці перасталі існаваць нават на паперы літаратурныя аб’яднанні, не выходзяць літаратурныя старонкі. Чаму не выходзяць? Вінаватыя ў гэтым рэдактары газет ці самі пісьменнікі? За ўсіх казаць не буду, а на нашым восьмым паверсе Дома прэсы даўно не ступала нага пісьменніка. Чаму ж яны самі не прапаноўваюць артыкулы са сваімі поглядамі?

Дзяржава падтрымлівае пісьменнікаў, імкнецца стварыць усе ўмовы для іх працы: за 5 гадоў з бюджэту вылучана звыш 16 млрд. рублёў на выпуск больш 500 твораў агульным тыражом у 2 млн. асобнікаў. Адноўлены выпуск кніг серыі «Школьная бібліятэка». Акрамя таго, за апошні час бібліятэкамі набыта амаль 400 тысяч кніг на суму больш за 6 млрд. рублёў, у тым ліку звыш паўсотні выданняў серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі». Між іншым, у Саюзе пісьменнікаў 567(!) празаікаў і паэтаў, у тым ліку 15 лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Беларусі, 3 — прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне», уладальнікаў іншых узнагарод і званняў. Значыць, ёсць у нас творчыя сілы, ёсць трывалы падмурак! Так што творчым суполкам пісьменнікаў і паэтаў — зялёнае святло.

За 5 гадоў Саюзам выдадзена 1,2 тысячы кніг. Але мала выпусціць добрую кнігу, не меней важна — данесці яе да чытача, дастукацца да людзей. Што толку ад кнігі, якую ніхто не возьме ў рукі і не прачытае? Вялікую ўвагу Саюз пісьменнікаў надае маладому пакаленню аўтараў. А ці ёсць у тых стымулы? Так, з 2012 года Саюз назначае 10 стыпендый маладым аўтарам за рахунак пазабюджэтных сродкаў. Спрабуйце свае сілы, будучыя Коласы і Купалы!..

Ды ўсё ж, які ён, сучасны беларускі пісьменнік? Ці ведаюць яго кнігі ў краіне? Ці ёсць творы новых аўтараў з магістральнымі тэмамі, якія хочацца чытаць не спяшаючыся, з алоўкам у руцэ і канспектаваць? Ці ёсць у нас паслядоўнікі Коласа і Купалы, папулярнасць якіх вялікая: іх творы ставяць у тэатрах, іх імёнамі названы вуліцы вёсак і гарадоў і г.д… Ці ўсё ж у нас крызіс паэзіі і прозы ў сучаснай культуры? Увогуле, ці чытаюць у нашых бібліятэках беларускіх пісьменнікаў? Ці абнаўляецца бібліятэчны фонд?

Замест адказу прывяду такі прыклад. Міністэрства культуры штогод праводзіць рэспубліканскі конкурс «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры». Па выніках мінулагодняга ў адной з намінацый была ўзнагароджана Лапаціцкая сельская бібліятэка Слаўгарадскага раёна. Вікторыя Цвердава, дырэктар Слаўгарадскай бібліятэчнай сістэмы расказала: «З беларускіх аўтараў у бібліятэках у асноўным чытаюць класікаў, творы якіх у школьнай праграме. Кнігі новых пісьменнікаў чытачы пытаюць, калі нехта са знаёмых парэкамендуе. Але мала хто назаве імёны сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў. А як ідзе камплектаванне бібліятэк? Тут мы датуемся з раённага бюджэту, і раён сам датуецца. У мінулым годзе праз абласную бібліятэку камплектаваліся, тады не было ніякіх праблем у плане набыцця літаратуры. Што тычыцца абнаўлення фонда беларускай літаратуры: у 2010 годзе прыйшло 1120 кніг, за 9 месяцаў гэтага — пакуль 269. Вельмі мала… У нас ёсць свой мясцовы пісьменнік Фелікс Шкірманкоў. Мы яго запрашаем на розныя вечарыны. Вядома, хацелася б, каб і іншыя пісьменнікі прыязджалі…»

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter