Штодзённа «Беларусь 3» глядзяць больш за мільён чалавек

Сучаснікам і нашчадкам

«Беларусь 3» спаўняецца пяць гадоў. Ніхто ніколі і не сумняваўся, што культурны канал патрэбны. Але як ён будзе развівацца, колькі пражыве і хто стане яго гледачом – гэтыя пытанні непакоілі раней і актуальныя сёння. Мы зазірнулі да кіраўніка «Беларусь 3» Наталлі Марынавай, каб абмеркаваць учарашні дзень, сённяшні час і будучыню канала.


— Наталля, з першага дня існавання канала было відавочна, што напаўняць яго беларускімі матэрыяламі будзе вельмі складана. Гэтыя цяжкасці ёсць і сёння?

— І пяць гадоў таму, і зараз мы сапраўды марым, каб беларускага кантэнту было больш. Канал быў створаны шмат у чым дзякуючы багатым фондам Белтэлерадыёкампаніі, і першыя эфіры якраз рабіліся з гэтых матэрыялаў. Паступова пачалі ствараць арыгінальныя праекты, закупляць ліцэнзійную прадукцыю. Канешне, зараз наша галоўная задача – павелічэнне колькасці праектаў беларускай вытворчасці. І мы гэта робім — з’явілася шмат арыгінальных перадач. Дапамагаюць нам у тым ліку і фонды Белтэлерадыёкампаніі. Яны ўвесь час папаўняюцца, там з’яўляецца шмат новага. Таксама нам вельмі дапамагае «Беларусьфільм» – у кінастудыі вялікая база дакументальных і мастацкіх фільмаў. Іх прэм’еры часта адбываюцца менавіта на канале «Беларусь 3». 

— Хто сёння ваш глядач? Наогул, колькі людзей яго глядзяць?

— Аўдыторыя ў нас разнастайная. Канал мае катэгорыю 4+, бо ў нас ёсць і дзіцячыя праекты «Дабраранак» і «Калыханка». Штодзённа нас глядзяць больш за мільён чалавек. За 2017 год мы на 40 працэнтаў павялічылі сваю аўдыторыю. Гэтай лічбай мы ганарымся.

— Зваротную сувязь з гледачамі маеце?

— Вы здзівіцеся, але нам пішуць папяровыя лісты. Шмат дасылаюць дзеткі на праекты «Дабраранак» і «Калыханка». Наогул, гэтыя праграмы так ствараюцца, каб заахвоціць дзяцей да кантакту, зваротнай сувязі, таму хлопчыкі і дзяўчынкі дасылаюць нам свае малюнкі, пішуць пажаданні і гэтак далей. Шмат лістоў і ад людзей сталага ўзросту. Яны просяць паўтарыць нейкія праграмы, прысвечаныя беларускім дзеячам культуры. Як я кажу, працуем па заяўках тэлегледачоў. Калі нашы прыхільнікі нешта ў нас просяць, мы імкнёмся выконваць. Заўсёды прыемна слухаць добрыя словы, чуць слушныя парады. 

— А негатыўныя водгукі бываюць?

— Вельмі рэдка. Апошні раз непрыемная размова ў мяне была з адным кампазітарам. Яму не спадабалася фраза, прычым сказаная зусім не ў яго адрас, а, скажам так, каля яго творчасці. Словам, пачуў не тое, што хацеў пачуць. А наогул нейкіх сур’ёзных канфліктаў за час майго кіраўніцтва каналам у нас не было.

— Аматары тэатра, асабліва з малых гарадоў, наракаюць на тое, што ў вас мала тэлеспектакляў...

— Гэта спрэчнае пытанне. Камусьці іх мала, камусьці зашмат. Адзін раз на тыдзень мы паказваем тэлеспектакль, прычым гэта не толькі фондавыя матэрыялы, але і новыя работы. Зусім нядаўна паказалі «Ён і Яна», гэта спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Народны артыст Беларусі Барыс Луцэнка не толькі паставіў, але і сыграў там галоўную ролю разам з Бэлай Масумян. У мінулым годзе запісалі «Пінскую шляхту» Палескага драматычнага тэатра, балеты «Вітаўт» і «Маленькі прынц», оперу «Царская нявеста», а таксама ўсе спектаклі з «Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў». Тут яшчэ трэба разумець, што не ўсе добра прымаюць спектаклі па тэлевізары, сапраўдныя прыхільнікі гэтага мастацтва ходзяць у тэатр і атрымліваюць задавальненне, калі глядзяць ужывую. Але нягледзячы на гэта, мы працягваем ствараць тэлевізійныя версіі. У любым выпадку гэта частка нашай гісторыі, і мы павінны яе ведаць. Да таго ж у сакавіку плануем абвясціць месяц беларускага тэатра. Пакажам не толькі спектаклі, але і шмат праектаў пра беларускіх акцёраў з нашых фондаў.

— Якія падарункі для сябе і тэлегледачоў падрыхтавалі да пяцігоддзя?

— Рыхтуем хранікальна-дакументальны фільм, які будзе расказваць пра гісторыю стварэння канала, сённяшні час і яго будучыню. Што датычыць планаў на будучыню, то найперш мы працягнем здымаць праекты, якія вельмі палюбіліся нашым тэлегледачам: «Майстры і куміры», «Люблю і помню», «Майстэрня аднаго мастака», «Тэатр у дэталях», «Размаўляем па-беларуску». У сакавіку ў эфір выйдзе чатырохсерыйны дакументальны фільм «Хатынь», прымеркаваны да 75-й гадавіны трагедыі. Гэта прэм’ера вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі. Таксама плануем зняць дакументальныя фільмы да 85-годдзя Вялікага тэатра Беларусі, да 220-годдзя Адама Міцкевіча. Ёсць ідэі зрабіць падобны падарунак Нацыянальнаму мастацкаму музею да яго 80-годдзя. 

Да новага тэлевізійнага сезона рыхтуем праект «Артэфакты» пра прадметы культуры і мастацтва, праграму пра асаблівасці архітэктуры нашай краіны. Таксама будзем рабіць тэлевізійную версію пра нематэрыяльную спадчыну: абрады, традыцыі і гэтак далей. Вельмі хочацца ўсё гэта занатаваць у фармаце HD і захаваць для нашчадкаў. Гэта той выпадак, калі мы не толькі клапоцімся пра нашых гледачоў, але і фіксуем гісторыю. 

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter