В Беловежской пуще появился отдельный маршрут для электротранспорта

Сучасная энергетыка пушчы

Белавежская пушча — гэта не толькі вальеры з жывёламі, музей прыроды і рэзідэнцыя Дзеда Мароза. У першую чаргу гэта найстарэйшы лес Еўропы. І да таго ж вельмі багаты: 1024 віды флоры і каля 12 тысяч відаў фаўны. Турыстычны сезон—2020 — выдатная магчымасць пазнаёміцца з прыроднай разнастайнасцю нацыянальнага парку. У пушчы ёсць чатыры зручных веламаршруты рознай даўжыні. Два тыдні таму з’явіўся новы маршрут — «Па зялёным калідоры». У першую чаргу ён разлічаны на турыстаў, якія карыстаюцца электратранспартам. За кароткі час можна пазнаёміцца не толькі з прыродай, але і з жыццём самабытных пушчанскіх вёсачак.

Белавежская пушча — выдатны фон для фотаздымкаў.

Круціце педалі

— Да нас звярталіся і турыстычная кампаніі, і фізічныя асобы, якія прасілі адкрыць маршруты менавіта для электратранспарта. Але электрычныя веласіпеды, самакаты развіваюць досыць вялікую хуткасць і могуць быць небяспечнымі для іншых наведвальнікаў, таму мы вырашылі стварыць для гэтай катэгорыі асобны маршрут, — расказывае намеснік генеральнага дырэктара нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Васіль Арнольбік.    

 З такім электратранспартам можна ўбачыць самыя цікавыя мясціны Белавежскай пушчы.
 Калаж Максіма ШНІПА

Зараз узяць на пракат электратранспарт непасрэдна ў пушчы нельга, але такая магчымасць можа з’явіцца ў бліжэйшы час. Затое ёсць вялікі парк веласіпедаў. Кошт — 15 рублёў. Ехаць на ўласным велатранспарце ўдвая танней. Калі адпраўляцца з Камянюкаў, даўжыня «зялёнага калідора» складзе больш за 30 кіламетраў. А можна паехаць ад пункта пропуску «Пашукі» — тады «калідор» скароціцца да 20 км.

Што цікавага можна ўбачыць па дарозе? Калі пашанцуе — пушчанскіх жывёл. Але ехаць па добрым асфальце сярод некранутай прыроды — ужо вялікая асалода. Цікава паназіраць за жыццём вёсак Пашуцкая Буда, Падбельскія Агароднікі, Гвоздзь—1 і Гвоздзь—2. Тут старыя дамы, пабудаваныя ў пачатку мінулага стагоддзя, суседнічаюць с сучаснымі аграсядзібамі. Вяскоўцы могуць расказаць шмат цікавых гісторый і баек пра жыццё сярод старажытнага леса.  

На шляху турыстам сустракаюцца вёскі з незвычайнымі назвамі.
 Фота аўтара

Сэлфі на балотах

Абавязкова трэба зрабіць пры­пынкі сярод дубова-грабавага леса, ва ўрочышчы «Клубы», каля былой вузкакалейнай чыгункі — яна была пабудавана ў час Першай сусветнай вайны. Лес тады актыўна высякалі і вывозілі. Цяпер на месцы вузкакалейкі пракладзены веласіпедныя маршруты.

Магутны сімвал самага старога лесу Еўропы.
ФОТА ВАЛЕРЫЯ КАРАЛЯ

Можна даехаць да ўрочышча «Лавы». Калісьці ў пойме ракі Лясная стаяў хутар, дзе жылі цэлыя пакаленні пушчанцаў. Тут знаходзілі нават манеты XVI стагоддзя. У 1970-х гадах улады вырашылі людзей перасяліць. Хутар «Лавы» перастаў існаваць. Сёння на вялікай паляне — маляўнічае штучнае возера. А яшчэ тут можна ўбачыць арлана-белахвоста.

Веласіпедныя маршруты — выдатная магчымасць пазнаёміцца з Белавежскай пушчай. «Вялікае падарожжа» разлічана на падрыхтаваных турыстаў. Пераадолець на веласіпедзе 27 кіламетраў здолее не кожны, але яно таго вартае.


Вельмі папулярны сярод гасцей «Звярыны пераход». Яго даўжыня — 16 кіламетраў. За 2,5 гадзіны ўбачыш шмат прыгожага: нізінныя балоты, дубы, якія перажылі ўдары маланак, лясныя сажалкі, звярыны пераход — месца, якое карыстаецца папулярнасцю ў аленяў і казуль. Яшчэ адзін незвычайны пункт маршруту — урочышча «Язвы». Гэта вялікая паляна, на якую часта прыходзяць зубры. А яшчэ тут знаходзілі каменныя сякеры 6—8 тысячагоддзяў да нашай эры.

Самы кароткі маршрут — «Царская паляна». Яго даўжыня ўсяго 10 км. Па дарозе можна ўбачыць бярозу з наростам ў выглядзе галавы зубра, дуб-пустэльнік, якому ўжо 300 гадоў, хвоі са сплеценымі стваламі, балота «Татарская багна», дзе была стаянка татараў яшчэ ў XIII стагоддзі. Сама Царская паляна — гэта «голы» прастор сярод густога лесу. Калісьці тут ладзіў паляўнічыя балі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, кароль Рэчы Паспалітай. У савецкі час традыцыю працягнулі прадстаўнікі кіруючай эліты. Сёння на «Царскай паляне» праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы.

У пушчы ёсць і водныя маршруты.
Фота Дзяніса ТРАЦЮКА

losich@sb.by 

   
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter