Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Стыль ад Купалы

На выставе, якая адкрылася ў Львове, супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы прапанавалі па-новаму паглядзець на Песняра
Да таленавітых людзей у грамадстве заўсёды ёсць вялікая ўвага. Што да пісьменнікаў, то мы больш ведаем пра іх творчасць, чым пра звычкі, асаблівасці характару, манеры паводзін. Але ж цікава, якімі былі ў жыцці, напрыклад, класікі беларускай літаратуры! Супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы прапанавалі новы погляд на вобраз паэта — як на прадстаўніка эліты грамадства, якога можна назваць адной з першых медыйных асобаў Беларусі. У Мінску ж падрыхтавана выстава, якая цэлы месяц экспануецца ў Львоўскім гістарычным музеі (Плошча Рынак, 6) пад назвай “Будзь ЯК”. Можна разумець: “Будзь як Янка Купала”. Праект здзейснены з падтрымкай Амбасады Беларусі ва Украіне.

На выставе “Будзь ЯК” 

Упершыню ў год 135-х угодкаў Песняра за межамі Беларусі экспануюцца часткі адной з найкаштоўных калекцый музея — асабістыя рэчы паэта з фондаў Купалаўскага музея. Фатаграфіі розных гадоў даюць магчымасць прасачыць, як зменьвалася аблічча паэта, які, паводле ўспамінаў сучаснікаў, заўсёды вылучаўся элегантнасцю і адметным стылем. Прычым стыль той бачны і ў адзенні, манеры трымацца.

Гады маладосці Янкі Купалы прыпалі на пачатак ХХ стагоддзя, калі ў мужчынскай модзе ў гарадах Беларусі пераважаў англійскі стыль. Прыхільнікам яго быў і будучы першы народны паэт Беларусі. Зберагліся здымкі яго ў пагонах, у час Першай сусветнай вайны. Калі служыў у 16-м дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін. У пару станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў гардэробе Купалы пераважаў класічны гарнітур, але пры тым творца надаваў значэнне й захаванню традыцыйнай народнай вопраткі. У прыватнасці, часта насіў гальштук з нацыянальнай сімволікай ці народную кашулю з адпаведным поясам. І тыя дэталі таксама можна лічыць яскравымі маркерамі нацыянальнай ідэнтычнасці.

Яшчэ пры жыцці паэта называлі джэнтэльменам у самым высокім значэнні гэтага слова (Ніна Глебка, жонка паэта Пятра Глебкі) або сапраўдным рыцарам (паэтэса Эдзі Агняцвет). І тое нядзіўна, бо паэт меў шляхецкія родавыя карані, а таксама й прыроджаны такт у стасунках з людзьмі.
Ва ўрачыстым адкрыцці выставы “Будзь ЯК” 16 мая 2017 года паўдзельнічалі Амбасадар Беларусі ва Украіне Ігар Сокал, галава дзяржадміністрацыі Львоўскай вобласці Алег Сінютка, Ганаровы консул Беларусі ў Львове Ігар Драцяк, кіраўніца Беларускай грамады Львоўскай вобласці Тамара Казак ды ганаровы стараста беларускай суполкі Сяргей Кулікоў, прадстаўнікі шырокай грамадскасці горада. Удзельнікі ўрачыстасці гаварылі, што Янка Купала вельмі любіў і паважаў украінскі народ. Згадвалі ягоныя радкі з верша: “Украіна, цвеце любы, сонцам гадаваны…”. Пясняр быў акадэмікам не толькі беларускай, але й украінскай Акадэміі навук. Такім чынам братняя Украіна выказала шчырую падзяку беларускаму паэту за шматлікія пераклады твораў Тараса Шаўчэнкі. Каштоўны экспанат выставы — пераклад “Кабзар”, зроблены Янкам Купалам у супрацы з Якубам Коласам і выдадзены ў Мінску ў 1939 годзе. Сімвалічна, што пад час адкрыцця выставы “Будзь ЯК” у Львове гучалі творы Песняра як па-беларуску, так і ў перакладзе на ўкраінскую мову.

Павел Каралёў, 

старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Голас Радзімы № 20 (3524), чацвер, 1 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter