Стварай, а не руш...

«Не разбурай не табой зробленае. І не ахайвай». Гэта народнае. Прыгадалася, калі чытаў кнігу Зіновія Прыгодзіча «Созидатели» («Мастацкая літаратура», 2019 г.). У ёй 14 дыялогаў пісьменніка, як пазначана ў анатацыі, «со знаковыми фигурами белорусской культуры». Так, гутаркі-эсэ, партрэты, гутаркі-нарысы, у якіх раскрываюцца характары субяседнікаў аўтара, «их духовный и моральный мир», іхнія лёсы. Васіль Быкаў, Наталля Гайда, Міхаіл Дрынеўскі, Аляксей Дудараў, Мікалай Яроменка, Марыя Захарэвіч, Леанід Левін, Ігар Лучанок, Адам Мальдзіс, Іван Місько, Міхаіл Міцкевіч (вучоны, сын Якуба Коласа), Генадзь Аўсяннікаў, Георгій Паплаўскі, Міхаіл Фінберг. Асобы, вядомыя ўсім, са сваёй жыццёвай пазіцыяй. І яшчэ, як заўважае ў прадмове да кнігі пісьменнік Алесь Карлюкевіч, яе аўтар «Зиновий Пригодич с ярким публицистическим запалом выстраивает… идеал духовности и нравственности, к которому стоит стремиться». А ідэал гэты сфармуляваны Васілём Быкавым. Ён, адказваючы на пытанне аўтара: «Ровны ли между собой правда жизни и правда искусства?», — зазначае: «Правда жизни — это тот идеал, к которому стремится искусство». Заўважу, Васіль Уладзіміравіч мае на ўвазе рэалістычнае мастацтва. Усе мы — ад хлебароба, рабочага, навукоўца, прадпрымальніка, дзеяча культуры і да палітыка — жывём у рэальным грамадстве. І ва ўсіх нас свае жыццёвыя клопаты, свой занятак, свае памкненні. І асабістая працоўная дзейнасць кожнага так або інакш звязана з нашым агульным. А калі так, то для кожнага ўзнікае і такая адказнасць — за сваю справу. І пры гэтым найважнейшы аспект: стваральнік ты ці разбуральнік? Калі стваральнік, то для сябе і ўсіх. А калі разбуральнік?.. Сваё і ёсць сваё, але не руш агульнага. Такія, хто рушыць, ёсць. І яны, як часам здараецца, мала што разумеючы ў якой справе, напрыклад, указваюць людзям, як сеяць-жаць, пісаць, будаваць, каму служыць і нават як кіраваць дзяржавай. Паслухаюць людзі ды кажуць: лепш штосьці б самі добрае рабілі, для сябе і ўсіх… 

Каб так, сапраўды патрэбен ідэал. Патрэбна праўда жыцця. Сумленне патрэбна. І адказнасць перад людзьмі таксама. Кожнага з нас, а не толькі творцы і палітыка. Асабліва цяпер, калі будуем сваю незалежную дзяржаву і калі пры гэтым нам не так ужо і лёгка. І трэба быць разам. А ў такія часы, як сённяшні, зрэшты, як і ва ўсе іншыя, гэта архіважна. Важна агульнае імкненне ствараць. І не дарэмна Зіновій Прыгодзіч усіх сваіх суразмоўцаў называе стваральнікамі. Называе па праве вартасці ўсяго таго, што яны зрабілі і робяць для грамадства. І расказвае пра іх як пра звычайных людзей, такіх, як і ўсе мы. Канешне, гаворыць з імі і пра сакрэты творчасці. А яны такія: талент, веды, самаадданая праца. Здавалася б проста, але ж… І тут праясняецца і такое: іхняе як грамадзян сваёй краіны стаўленне да жыцця народа, да рэчаіснасці, усведамленне сваёй ролі творцаў сярод людзей. Адсюль і адказнасць. Як творцаў, так і звычайных людзей. Гаворачы пра гэта, усе субяседнікі аўтара кнігі шчыра расказваюць і пра сваё ўласнае жыццё: усе яны, як кажуць, з народу. І гэта дае ім права праз гутаркі з пісьменнікам як бы раіцца і з чытачамі: ці ўсё ў нас так, як у вас… Ёсць давер творцаў да людзей, а значыць, ёсць давер людзей да творцаў.

Кніга Зіновія Прыгодзіча «Созидатели» чацвёртая з задуманай ім серыі кніг пра нашых знакамітых сучаснікаў. На беларускай мове ўжо выйшлі «Постаці: сэрца мільёнаў падслухаць біцця…» (2014), «Постаці: з цэлым народам гутарку весці» (2015) і «Постаці: гэткай шукаю цэлы век чэсці…» (2016). У іх дыялогі аўтара з 30 творцамі. Дыялогі з некаторымі датаваны 80-мі гадамі мінулага стагоддзя. Некаторыя — нашым часам. Мяняўся час, мянялася жыццё наогул, іншай стала краіна. Мяняліся людзі. Некаторыя з бессаромнай выгадай для сябе крута мянялі погляды на рэчаіснасць, палітычныя прыхільнасці, як кажуць, «перафарбоўваліся». А яны, пра каго кнігі З. Прыгодзіча, у любых сітуацыях заставаліся самімі сабой, як служылі на карысць людзям, грамадству, Айчыне, так годна і служаць. 

«І такія не толькі гэтыя творцы, — дадасць чытач. — У нас большасць людзей такія ж непахісныя ў сваіх жыццёвых пазіцыях. А вось ведаем пра іх мала». Ёсць і такое. Інтэрнэт, многія СМІ, праўда не нашы, але якія свабодна распаўсюджваюцца ў нас і часам бессаромна нас ахайваюць, нахабна навязваюць, асабліва моладзі, зусім іншых «герояў». Тых, што прапагандуюць варварскую нажыву, якія пагарджаюць спрадвечнымі асновамі народнага жыцця, — тых, для якіх, як кажуць, няма нічога святога…

Наша літаратура, публіцыстыка і журналістыка ні тады, ні цяпер не пакідалі па-за ўвагай не толькі творцаў, а і людзей самых розных прафесій у вёсцы і горадзе. Безумоўна, яны вартыя быць героямі кніг, часопісных і газетных публікацый. І пра іх пішуць высокапрафесійныя пісьменнікі і журналісты. Назаву толькі некаторых з іх: Міхаіл Шыманскі, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Гаўрыловіч, Уладзімір Субат, Уладзімір Сауліч, Віктар Кубека, Мікола Падабед, Тамара Кручэнка, Міхась Карпечанка, Васіль Ткачоў… 

Ёсць кнігі пра чалавека працы, назаву так і проста аўтараў. Пра бацькоў, суседзяў, землякоў. І пра свае гарады, вёскі, сельгаспрадпрыемствы і г. д. І гэта трэба вітаць. Але важна, каб яны былі напісаны на адпаведным літаратурным ўзроўні. І калі ў папярэднім матэрыяле я раіў маладым творцам не забываць нашы літаратурныя школы, напрацаваныя класікамі, асмелюся даць параду і проста аўтарам. Ёсць складанасці з творчасцю, але хочацца пісаць — звяртайцеся да прафесіяналаў, дапамогуць. Бо як некалі нам казалі пісьменнікі-класікі, сапраўдныя выкладчыкі-прафесіяналы на журфаку БДУ і ў рэдакцыях, самае адказнае і складанае ў творчасці — пісаць пра чалавека. Бясспрэчна, трэба, каб і кнігі такіх аўтараў пра нашых сучаснікаў, простых людзей, мы чыталі з такой жа цікаўнасцю, як, напрыклад, кнігі слыннага пісьменніка Зіновія Прыгодзіча пра славутых дзеячоў нашай культуры. Бо сапраўды, кожны чалавек — цэлы свет. І пісаць пра яго трэба годна. Падкрэслю, асабліва калі ён, як зазначае З. Прыгодзіч, аўтар серыі кніг «Постаці…», сярод якіх і «Созидатели», — стваральнік. Стваральнік на карысць сабе, людзям, народу, Айчыне.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter