Ствараць свой Сусвет і вучыць гэтаму іншых

Дом Міхаіла Маркавіча і Алы Георгіеўны Сяшук можна заўважыць здалёк. Такой колькасці кветак, што круглы год красуюць у іх на двары, больш няма ні ў кога па ўсёй вёсцы. Нехта зайздросціць, нехта здзіўляецца, нехта спрабуе пераняць гаспадарчыя здольнасці... Але большасць жыхароў Сухога, што ў Іванаўскім раёне на Брэстчыне, ведаюць сям’ю Сешукоў як адну з самых адукаваных, прыкладных і адданых не толькі самім сабе, але і таму, што можна заўважыць побач, у самым звычайным.

Родная вёска Міхаіла Маркавіча, Радаўня, зусім недалёка. У іх вялікай дружнай сям’і было васьмёра дзяцей. Міша, самы малодшы, з ранняга дзяцінства маляваў і пісаў вершы, яго творы неаднаразова з’яўляліся на старонках дзіцячых выданняў, а музычныя здольнасці — маленькі Міхаіл самастойна навучыўся іграць на гармоніку і баяне — яшчэ раз пацвярджалі, што ў сям’і Сешукоў расце адораны хлопчык.
Навучыць таму, што ўмееш сам, — такая была яго мэта пры выбары прафесіі. Скончыўшы Магілёўскае культпрасветвучылішча, Міхаіл Маркавіч прыехаў у Сушанскую базавую школу працаваць настаўнікам музыкі, выяўленчага мастацтва і фізічнай культуры. Ужо трыццаць шэсць гадоў ён займаецца любімай справай. Дзякуючы намаганням настаўніка ў школе з’явіліся краязнаўчы, мастацкі і музычны гурткі, займацца ў якія прыходзіць пераважная большасць вучняў. Да таго ж урокі сусветнай мастацкай культуры і біялогіі, якія таксама выкладае Міхаіл Маркавіч, вылучаюцца тым, што на іх пануе атмасфера ўзаемаразумення паміж настаўнікам і вучнямі. Міхаіл Маркавіч умее зацікавіць вучняў, і таму майстэрству, з якім ён уводзіць сваіх навучэнцаў у свет цудоўнага, можна шчыра пазайздросціць.
А калі строгі на першы погляд настаўнік выходзіць з вучнямі на спортпляцоўку, пачынаецца сапраўднае свята. Вучні на чале са сваім завадатарам-капітанам фантазіруюць над новымі відамі гульняў, спрабуючы прыдумаць стратэгію далейшага ўвасаблення сваёй па-спартыўнаму крэатыўнай задумкі ў незвычайны від алімпійскіх спаборніцтваў!
Удзяляючы шмат увагі навучанню дзяцей, Міхаіл Маркавіч не забываецца і на добраўпарадкаванне школьнай тэрыторыі. Так, дзякуючы яму і Але Георгіеўне, якая, між іншым, займае ў гэтай жа школе пасаду дырэктара і выкладае рускую мову і літаратуру, Сушанская базавая школа славіцца шыкоўнымі кветнікамі і казачным дэкаратыўным афармленнем школьнага двара...
А вяртаючыся са школы, настаўнік працягвае ствараць. Ён складае вершы, піша карціны, фатаграфуе прыроду. Нягледзячы на ўсе дасягненні, Міхаіл Маркавіч вельмі сціплы чалавек. І працуе ён не дзеля званняў і ўзнагарод. Усё гэта другаснае. Галоўнае для яго — шчаслівыя вочы вучняў, іх поспехі.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter