Стваральная праца — аснова поспеху i дабрабыту

Маладзечанскi раён — самы буйны ў Беларусi. “НГ” змяшчае iнтэрв’ю з яго кiраўнiком — старшынёй Маладзечанскага раённага выканаўчага камiтэта Сямёнам Мiхайлавiчам КАСАБУЦКIМ.

— На Маладзечаншчыне развiты аграпрамысловы комплекс. Дынамiка яго ўдасканалення станоўчая. Адчуваецца: апошнiм часам у сельскагаспадарчай вытворчасцi Маладзечаншчыны адбываюцца значныя змены. З чым яны звязаны?
— Не толькi з рэфармаваннем, змяненнем структуры сельскагаспадарчай вытворчасцi, але найперш з адносiнамi да яе працаўнiкоў, работнiкаў усiх узроўняў.
— Што спрыяе павелiчэнню аб’ёмаў вытворчасцi прадукцыi сельскай гаспадаркi?
— Высокi прафесiяналiзм кожнага, добрасумленныя адносiны да даручанага ўчастка работы, дакладная выканаўчая i тэхналагiчная дысцыплiна, адчувальная дапамога дзяржавы.
— Якiя дынамiка i тэндэнцыi ўвогуле развiцця такой галiны, як раслiнаводства? Што тут праглядаецца пасля рэфармавання аграпрамысловага комплексу? Што б маглi сказаць аб вынiках гэтага працэсу?
— Далучэнне пяцi гаспадарак з крытычным узроўнем развiцця да прадпрыемстваў i эканамiчна моцных гаспадарак дало магчымасць не толькi паспяхова вырашаць пытаннi больш якаснага i аператыўнага правядзення асноўных сельскагаспадарчых работ, але i ў многiх выпадках змянiць да лепшага эканамiчны стан гаспадарак у цэлым. Так, напрыклад, СВК “Гранiчы-Агра” пры актыўнай дапамозе непасрэдна прадстаўнiкоў Мiнiстэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь павялiчыў летась валавую вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыi на 59,4 працэнта, малака — на 70 працэнтаў. Больш як на 1000 тон да ўзроўню 2004 года ўзрасла вытворчасць збожжа. Значны рост вытворчасцi сельгаспрадукцыi ў фiлiяле “Аграфiрма “Лебедзева” РУП “Мiнскэнерга”. Работа тут вядзецца мэтанакiравана, з перспектывай, з прымяненнем самых перадавых тэхналогiй. Увогуле аграфiрма “Лебедзева” па вынiках мiнулагодняй уборачнай кампанii прызнана лепшай сярод сельгасарганiзацый, якiя далучаны да канцэрна “Белэнерга”.
— Завяршылася першае паўгоддзе новай пяцiгодкi. Чым азнаменавалася яно для працаўнiкоў Маладзечаншчыны?
— Выкананнем асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамiчнага развiцця. Скажам, вытворчасць прамысловай прадукцыi замест плануемых 111,2 склала 114 працэнтаў. Выпуск спажывецкiх тавараў склаў 113,2 пры запланаваных 109,9 працэнта. Нядрэнна iдуць справы з уводам жылля, выкананнем паказчыкаў тавараабароту.
— Што можна сказаць пра вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыi?
— За паўгоддзе адзначаецца рост аб’ёмаў валавой прадукцыi: пры заданнi па росце вытворчасцi прадукцыi на год за паўгода ён дасягнуў 112,6 працэнта. Тут лiдэры — аграфiрма “Лебедзева” РУП “Мiнскэнерга” i Маладзечанская птушкафабрыка, дзе рост складае адпаведна 123 i 139 працэнтаў. З рэалiзацыяй мяса справы ў раёне склалiся добра: за паўгоддзе мясной прадукцыi рэалiзавана 4421 тона. Гэта — 131 працэнт да адпаведнага перыяду мiнулага года. За прайшоўшы перыяд гэтага года жывёлы i птушкi вырашчана 4867 тон, што складае 119 працэнтаў да мiнулагодняга ўзроўню. I надоi высокiя: 2122 кiлаграмы ў цэлым па раёне плюс 205 кiлаграмаў да ўзроўню мiнулага года. Вядзецца будаўнiцтва трох новых ферм — у Лебедзеве, Гранiчах i Аляхновiчах — з даiльнымi заламi па новых тэхналогiях.
Нямала робiцца для абнаўлення машынна-трактарнага парка, набываюцца збожжаўборачныя камбайны, трактары, аўтамабiлi, iншая тэхнiка. Толькi за апошнiя тры гады на 25 працэнтаў абнавiўся трактарны парк сельгаспрадпрыемстваў раёна. У гэтым паўгоддзi змаглi закупiць 8 збожжаўборачных камбайнаў, 7 КЗР-10, 1 КЗС-7, 12 трактароў розных мадыфiкацый, 5 аўтамашын. Дарэчы, тэхнiка набываецца ў асноўным на ўмовах лiзiнгу. I гэты працэс працягваецца. Набыццё новай сучаснай тэхнiкi дае магчымасць паскорыць ход работ, зрабiць iх правядзенне больш якасным.
Iмкнуцца нарошчваць вытворчасць прадукцыi перапрацоўчыя прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу. Вырашаюць адну з асноўных праблем — рэалiзацыю прадукцыi, а значыць, на першае месца выходзяць праблемы якасцi i канкурэнтаздольнасцi.
— Як абстаяць справы з якасцю выпускаемай прадукцыi?
— Мяркуйце... На мiжнароднай выстаўцы па хлебапячэннi ў Маскве Маладзечанскi хлебазавод быў узнагароджаны залатым, сярэбраным i бронзавым медалямi ў трох намiнацыях. Што датычыць Малiнаўшчызненскага спiртагарэлачнага завода “Аквадыў”, якi, пастаянна працуючы над якасцю выпускаемай прадукцыi, нарошчвае аб’ёмы экспарту, то яго прадукцыя выстаўлялася на прэстыжных мiжнародных выстаўках i дэгустацыях у Беларусi, Расii, Украiне. Яе якасць адзначана 12 залатымi i сярэбранымi медалямi.
Два залатыя медалi i ў скарбонцы КУП “Маладзечанскi мясакамбiнат”, якiмi адзначаны балык “Дарнiцкi” i каўбаса сыравэнджаная “Салямi”, “Дзвiнская” на V юбiлейным мiжнародным форуме “Мясная iндустрыя”, якi зусiм нядаўна праходзiў у Маскве. Заўважу: прадукцыя прадпрыемства пасля другога яго  нараджэння зноў заслугоўвае ўсё большае прызнанне маладзечанцаў, жыхароў рэгiёна шукае ўжо выхады на рынкi i краiн блiжняга замежжа...
— Што яшчэ ў арсенале нашых здабыткаў?
— Пачалося стварэнне аграгарадкоў. Першы ў нашым раёне аграгарадок — Аляхновiчы. Працягваецца газiфiкацыя населеных пунктаў. У мiнулым годзе прыродны газ прыйшоў у 13 вёсак Маладзечаншчыны. Асаблiвую ўвагу ўдзялялi добраўпарадкаванню горада i населеных пунктаў. Вынiк вiдавочны: адрамантаваны дзесяткi сацыяльных аб’ектаў, вулiц, дарог, добраўпарадкаваны тэрыторыi, у населеных пунктах летам шмат газонаў, кветак.
— Наш рэгiён нярэдка называюць цэнтрам культуры Мiншчыны. I — заслужана!
— Ёсць на гэта падставы: з 27 мерапрыемстваў абласнога, рэспублiканскага, мiжнароднага ўзроўню летась 23 адбылiся ў нашым цудоўным горадзе. Усе яны садзейнiчаюць развiццю нацыянальнай культуры, гiсторыi i традыцый беларускага народа. Сёлета ў красавiку ў нашым горадзе адбыўся мiжнародны рэйтынгавы турнiр па спартыўных бальных танцах “Кубак Маладзечна-2006”. Пастаянную прапiску атрымалi значныя ў нашай вобласцi i дзяржаве мерапрыемствы — Нацыянальны фестываль беларускай песнi i паэзii, Рэспублiканскае свята паэзii i песнi ў Вязынцы, Мiжнародны тэатральны фестываль монаспектакляў “Я”, Мiжнародны конкурс эстраднай песнi “Маладзiчок”, абласны конкурс юных цымбалiстаў “Гучаць цымбалы на зямлi Купалы” i многiя iншыя. У суботу, 15 лiпеня, у нашым горадзе прайшоў VIII рэгiянальны фестываль-конкурс выканаўцаў эстраднай песнi “Адна зямля”.
— Падтрымка ўстаноў культуры, адукацыi патрэбна...
— Безумоўна. I гэта мы робiм! На паляпшэнне матэрыяльна-тэхнiчнай базы ўстаноў культуры ў 2005 годзе накiравана звыш 340 мiльёнаў бюджэтных грашовых сродкаў, амаль 84 мiльёны — пазабюджэтных. Значную ўвагу ўдзяляем сiстэме адукацыi, аховы здароўя.
— Сямён Мiхайлавiч, жыццё першай асобы такога буйнога рэгiёна, як маладзечанскi, заўсёды застаецца напружаным. Якiм чынам удаецца заўсёды заставацца ў форме?
— Дапамагае адданасць рабоце, асабiстая арганiзаванасць. А да напружанага працоўнага рытму прызвычаiўся, калi працаваў яшчэ кiраўнiком гаспадаркi на Стаўбцоўшчыне. I цяпер рабочы дзень у мяне практычна пачынаецца ў пяць гадзiн, “адбой” — за поўнач. Спорт жа, захапленне паляваннем, здаровы лад жыцця, пры магчымасцi прагляд канцэртных праграм у нашым Палацы культуры — гэта i ёсць мой адпачынак.
— Ёсць упэўненасць, што з вызначанымi задачамi сацыяльна-эканамiчнага развiцця рэгiёна будзем паспяхова спраўляцца i ў далейшым?
— Ёсць!.. У нас здольныя працаўнiкi, цудоўныя кiраўнiкi, увогуле кадры, якiя разумеюць жыццёвыя задачы, настойлiва i мэтанакiравана працуюць. Восем працаўнiкоў раёна па вынiках мiнулай пяцiгодкi атрымалi дзяржаўныя ўзганароды. Многiя ў знак прызнання заслуг, за высокаэфектыўную працу атрымалi аўтамабiлi, тэлевiзары, камп’ютэры, халадзiльнiкi.  Нямала i тых, што адзначалiся прысваеннем ганаровых званняў, каму былi ўручаны Ганаровыя граматы, падзячныя пiсьмы райвыканкама...
— Якiя задачы хацелася б рашыць у сферы рэальнай эканомiкi?
— Даць прадпрыемствам, асобным вытворчасцям больш актыўнае развiццё. Працаваць у напрамку павелiчэння колькасцi рабочых месцаў, павелiчэння аб’ёмаў i паляпшэння якасцi i канкурэнтаздольнасцi выпускаемай прадукцыi. Нам i новыя рынкi збыту прадукцыi трэба шукаць, прыцягненнем iнвестыцый займацца i iншымi пытаннямi.
— Сямён Мiхайлавiч, распрацаваны генеральны план развiцця Маладзечна. Якiя праблемы, ажыццявiўшы яго, нам удасца “развязаць”?
— Найперш — транспартную: плануем пабудаваць аб’язную дарогу. Яна неабходная, бо сёння каля 1,2 тысячы транзiтных аўтамашын перамяшчаюцца па Вялiкiм Гасцiнцы — цэнтральнай магiстралi нашага цудоўнага горада.
— Здаецца, у маладзечанцаў наспела i праблема “зялёнай зоны” для адпачынку...
— Маем намер абуладкаваць мясцiны ля ракi Уша. Згодна з генеральным планам, у перспектыве мяркуем зрабiць каскад вадаёмаў, каб можна было ля вады бавiць вольны час, адпачываць. Створым умовы i для заняткаў водным спортам. Ёсць жа яшчэ праблемы якасцi пiтной вады з водазабора “Гелянова”, адкуль ваду атрымлiвае палова гараджан. Мы актыўна пачалi работы ў гэтым кiрунку. Аплацiлi праект. У мiнулым годзе ўжо асвоiлi больш за 500 мiльёнаў рублёў.  А ў цэлым па планах развiцця мы трапiлi ў рэспублiканскую праграму “Чыстая вада”. Мяркуем, што ўсе работы на водазаборы “Гелянова” ў 2007 годзе завершым. Нас разумее i падтрымлiвае кiраўнiцтва абласнога выканкама.
— Як, на ваш погляд, сёння на справе трэба падыходзiць да рэфармавання аграрнага сектара?
— Узважана, абдумана, без паспешлiвасцi. Трэба наладжваць работу, каб не адысцi ад калектыўнага вядзення гаспадаркi. Калектыўная, буйнатаварная вытворчасць даказала свае перавагi.
— Некалькi слоў пра сябе, сваю сям’ю скажыце...
— Працаваў на розных кiруючых пасадах у сельскагаспадарчай вытворчасцi на Стаўб-цоўшчыне: iнжынерам калгаса, у райкаме партыi, райсельгастэхнiцы, ва ўпраўленнi сельскай гаспадаркi галоўным iнжынерам, загадчыкам сельскагаспадарчага, затым — арганiзацыйнага аддзелаў райкама партыi. Потым я — кiраўнiк гаспадаркi iмя Мiчурына. Тут адпрацаваў пяць тысяч дзён... Жанаты. Маю дваiх дзяцей. Ёсць у мяне ўжо i дзве ўнучкi. Жонка — медык. Працуе намеснiкам галоўнага ўрача раённага тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання.
 — Сямён Мiхайлавiч, на сёння вы — адзiн з нямногiх кiраўнiкоў у рэспублiцы, хто двойчы зацвярджаўся на сесiях раённага Савета на пасаду старшынi райвыканкама. Якi быў ваш душэўны стан, калi паступiла прапанова пераехаць з роднай Стаўб-цоўшчыны i ўзначалiць Маладзечанскi райвыканкам?
— Першы раз, у пачатку 2002 года, сур’ёзна задумаўся аб сваiх магчымасцях, здольнасцях. Думалася тады: цi спраўлюся? Разумеў: старшыня райвыканкама — сур’ёзная пасада. Ён нясе адказнасць не толькi за развiццё рэгiёна — цяпер ужо адзiнай адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнай адзiнкi з цэнтрам г.Маладзечна, — але i за лёсы людзей. Пасля ж аднагалоснага зацвярджэння на сесii сэрца перапоўнiла ўдзячнасць людзям за давер i адказнасць, каб апраўдаць яго...
— Што адчувалi тады, калi вас прадстаўлялi дэпутатам, актыву раёна, i што — цяпер?
— Тады звярнуў увагу на прысутных у зале, адчуў iх прыхiльнасць. А затым, калi сустрэўся з гаспадарнiкамi, якiх ведаў, працуючы на Стаўбцоўшчыне, увогуле з многiмi маладзечанцамi, пераканаўся: тут людзi старанныя, працавiтыя, добрасумленныя i добразычлiвыя. Цяпер ёсць упэўненасць: разам нам па сiлах самыя складаныя задачы.
— Трымаць высокую планку заўсёды цяжэй, чым iсцi ўслед?
— Ва ўлады, усiх працаўнiкоў ёсць значны патэнцыял, каб з вызначанымi задачамi i ў далейшым спраўляцца паспяхова...
Аддзел фiзiчнай культуры, спорту i турызму, упраўленне адукацыi, упраўленне культуры, раённы цэнтр занятасцi насельнiцтва, якiя ўзначальваюць М.У. Шрымф, Л.А. Васiлевiч, А.В. Рамановiч, В.Б. Невяровiч, прызнаны пераможцамi абласнога спаборнiцтва па вынiках работы за 2005 год. Па многiх кiрунках адчуваецца дынамiка развiцця, паступальны рух наперад.
— Ёсць упэўненасць, што маладзечанцы сваiх пазiцый не ўступяць?
— Ёсць! Мы будзем рабiць усё, каб людзi жылi лепш. Дзецям, унукам, праўнукам мы павiнны пакiнуць квiтнеючую Беларусь, якая дынамiчна развiваецца, дзе палiтычныя i эканамiчныя правы грамадзян надзейна абаронены дзяржавай.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter