Стужка навін

Слушная прапанова

Кітайская група Hisense атрымала права зрабіць прапанову аб паглынанні славенскага вытворцы бытавой тэхнікі Gorenje, што, як чакаецца, дазволіць ёй замацавацца на еўрапейскім рынку.

Gorenje — найбуйнейшы экспарцёр Славеніі і адзін з самых вядомых яе брэндаў. У апошні час кампанія шукае партнёра, які дапаможа ёй нарошчваць прыбытак і выручку. Здзелка з японскай Panasonic Corp. сарвалася ў 2016 годзе. Кампанія Gorenje, створаная ў 1950 годзе, размяшчаецца ў славенскім горадзе Velenje. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці буйной бытавой тэхнікі (пліты, халадзільнікі, пральныя машыны). Акрамя бытавой тэхнікі, у сферу дзейнасці Gorenje ўваходзяць машынабудаванне, вытворчасць інструментаў, кухоннай мэблі, ваннаў. Кампаніі належаць два глабальныя брэнды (Gorenje і Asko) і шэсць лакальных. Яе прадукцыя пастаўляецца ў 90 краін, сярод якіх асноўнымі рынкамі з'яўляюцца Германія, Расія, Нідэрланды, Скандынавія. 


Купіць свой кут 

Цэны на жыллё ў Вялікабрытаніі ў красавіку гэтага года ўпалі на 3,1 працэнта ў параўнанні з сакавіком, прадэманстраваўшы максімальнае падзенне з верасня 2010 года, сведчаць даныя кансалтынгавай кампаніі Halifax (іпатэчнае падраздзяленне Lloyds Banking Group).

У лютым—красавіку цэны выраслі на 2,2 працэнта ў гадавым выражэнні, тэмпы росту знізіліся з 2,7 працэнта ў студзені—сакавіку. Сярэдні кошт жылой нерухомасці ў Вялікабрытаніі на канец красавіка складаў 220,96 тысячы фунтаў стэрлінгаў (298,25 тысячы долараў). «Попыт на жыллё стаў больш умераным у першыя месяцы 2018 года, пры гэтым знізілася як колькасць адабрэнняў на выдачу іпатэчных крэдытаў, так і колькасць прададзеных дамоў, — заявіў дырэктар Halifax Расэл Галь. — Разам з тым сітуацыя на рынку працы Вялікабрытаніі застаецца пазітыўнай, беспрацоўе працягвае падаць, а рост заробкаў нарэшце паскараецца. Гэтыя фактары могуць аслабіць ціск на дабрабыт грамадзян, і мы чакаем, што гадавы рост кошту на жыллё будзе ў межах прагназаванага намі раней дыяпазону 0—3 працэнты».


Уцекачы  ад падаткаў

Каля 800 тысяч заможных амерыканцаў у бліжэйшыя тры гады пакінуць штаты Нью-Ёрк і Каліфорнія з-за новага падатковага заканадаўства, лічаць кансерватыўныя эканамісты Артур Лафер і Стывен Мур, якія сумесна напісалі артыкул для The Wall Street Journal.

Па іх ацэнках, яшчэ 500 тысяч чалавек з'едуць з Канэктыкута, Нью-Джэрсі і Мінесоты ў штаты з больш нізкімі падаткамі. Падатковая рэформа абмяжоўвае вылік падаткаў, выплачаных на ўзроўні горада або штата, сумай у 10 тысяч долараў, таму многія падаткаплацельшчыкі са значнымі даходамі, якія пражываюць у штатах з высокімі мясцовымі падаткамі (а Нью-Ёрк і Каліфорнія адносяцца менавіта да такіх), цяпер будуць вымушаныя плаціць больш падаткаў. На думку эканамістаў, эфектыўная стаўка падатку на даходы для асоб з высокімі даходамі ў Каліфорніі падскочыць з 8,5 да 13 працэнтаў. Жыхароў Нью-Ёрка чакае супастаўнае павышэнне. Пры гэтым тыя, хто атрымлівае гадавы даход у памеры 10 млн і вышэй, патэнцыяльна будуць вымушаныя плаціць падаходны падатак па эфектыўнай стаўцы не менш за 50 працэнтаў.

«Алібаба» крочыць наперадзе

Кітайскі інтэрнэт-гігант Alibaba ў чацвёртым фінансавым квартале, які завяршыўся ў сакавіку гэтага года, атрымаў прыбытак і выручку вышэй за чаканні рынку. Акрамя таго, аналітыкі звярнулі ўвагу на паляпшэнне паказчыкаў мэтавых рэкламных аб'яў Alibaba.

Як гаворыцца ў паведамленні кампаніі, чысты прыбытак у студзені—сакавіку склаў 7,561 млрд юаняў (1,206 млрд долараў). Без уліку адначасовых фактараў рост чыстага прыбытку склаў 37 працэнтаў. Адкарэкціраваны прыбытак павялічыўся з 63 да 91 цэнта ў пераліку на акцыю. Выручка вырасла на 61 працэнт — да 61,932 млрд юаняў (9,8731 млрд долараў).


Гадавая аўдыторыя карыстальнікаў рознічных сэрвісаў кампаніі ў Кітаі вырасла да 552 млн чалавек у параўнанні з               515 млн на 31 снежня мінулага года. Колькасць карыстальнікаў у Кітаі, якія праяўляюць актыўнасць не радзей за адзін раз у месяц і атрымліваюць доступ да сэрвісаў з мабільных прылад, павялічылася на 37 млн і дасягнула 617 млн чалавек. Па выніках мінулага фінансавага года Alibaba атрымала прыбытак на ўзроўні 24,51 юаня на акцыю (рост больш чым на 40 працэнтаў) пры выручцы 250,27 млрд юаняў (+58 працэнтаў).

Багаты прагноз

Як паведамляецца ў Нацыянальным дакладзе па выніках работы галіны ў 2017 годзе, ацэнка збору збожжа ў гэтым годзе ў Расіі складае 115 млн тон.

У мінулым годзе РФ сабрала рэкордныя 135,4 млн тон збожжа. Згодна з прагнозам, збор цукровых буракоў у гэтым годзе складзе 39,3 млн тон (на 24 працэнты менш, чым у 2017 годзе), бульбы — 29,7 млн тон (на 0,5 працэнта больш). Чакаецца больш высокі, чым у мінулым годзе, ураджай агародніннай прадукцыі (каля 17 млн тон) за кошт будаўніцтва новых і мадэрнізацыі дзеючых цяплічных комплексаў і магутнасцей па захоўванні і першаснай перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, тлумачыцца ў дакладзе. 


З улікам прыродна-кліматычных і эканамічных рызык, прагназуемай дынамікі коштаў на збожжа на сусветным рынку аб'ём вытворчасці прадукцыі раслінаводства ў супастаўных цэнах у гэтым годзе будзе, як мяркуецца, на ўзроўні мінулага года, або на 0,5 працэнта вышэй.

Маўчанне банка

Найбуйнейшы аўстралійскі банк па аб'ёме актываў Commonwealth Bank of Australia (CBA) страціў стужкі з рэзервовымі копіямі даных амаль 20 млн кліенцкіх рахункаў пасля ўзлому яго сістэм у 2016 годзе, але паведаміў пра гэта толькі праз два гады, піша The Australian.


Першым сярод выданняў пра інцыдэнт паведаміў BuzzFeed Australia, пасля чаго в.а. дырэктара CBA па рознічным банкінгу Энгус Салівэн апублікаваў відэазварот на YouTube. Топ-менеджар запэўніў кліентаў банка ў тым, што іх інфармацыя не трапіла ў рукі зламыснікаў і што ніякіх дзеянняў з іх боку не патрабуецца. Рэзервовыя копіі ўтрымоўвалі імёны, адрасы, нумары рахункаў кліентаў і даныя аб іх транзакцыях з 2000 года да пачатку 2016-га. У выніку расследавання па гарачых слядах у CBA прыйшлі да высновы, што стужкі з рэзервовымі копіямі, хутчэй за ўсё, былі знішчаны.

Выбар біржы

Кітайскі вытворца электронікі Xiaomi абраў Ганконгскую фондавую біржу (HKEX) у якасці пляцоўкі для правядзення IPO, якое можа стаць найбуйнейшым у свеце ў гэтым годзе, піша The Wall Street Journal.

Xiaomi накіравала HKEX заяўку аб размяшчэнні акцый. Яна адной з першых кампаній скарыстаецца перавагамі новых правілаў IPO на Ганконгскай фондавай біржы. У дакуменце не ўказваюцца магчымыя памеры IPO або адзнака капіталізацыі пасля здзелкі. Аднак раней інфармаваныя крыніцы паведамлялі, што Xiaomi разлічвае прыцягнуць не менш за 10 млрд  долараў і атрымаць ацэнку кошту каля 100 млрд. 

Патэнцыяльна IPO кампаніі можа аказацца самым вялікім у Кітаі і свеце. Усё будзе залежаць ад таго, якую долю акцый Xiaomi выставіць на продаж. Разам з тым у дадатках да заяўкі Xiaomi ўпершыню раскрыла фінансавыя паказчыкі. Так, чыстыя страты ў мінулым годзе склалі 43,89 млрд юаняў (6,9 млрд долараў). А прыбытак без уліку адначасовых фактараў склаў 5,36 млрд юаняў. Гадавая выручка падскочыла на 67 працэнтаў, да 114,6 млрд юаняў (18 млрд долараў).
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter