Студэнты на фермах не ныюць

Ва ўсіх гаспадарках Шумілінскага раёна рэканструіруюцца фермы. Сіламі ўласных будаўнічых брыгад з такой работай не справіцца. На дапамогу прыходзяць студэнты.

Амаль два тыдні працуе студэнцкі атрад у ААТ «Прыдзвінскі». Яшчэ з вясны ў гаспадарцы вядзецца рэканструкцыя фермы “Свярдлы”. Тут два памяшканні. У адным з іх, дзе стаяў дойны статак, 14 хлопцаў-трэцякурснікаў з Віцебскага станкаінструментальнага ліцэя бетаніруюць падлогу.

Спачатку кіраўніцтва гаспадаркі да такіх памочнікаў аднеслася насцярожана. Непакоіліся: ці будуць добра працаваць, можа, праз дзень-два збягуць дамоў? Але хлопцы не збеглі.

— Рабяты прыехалі да нас па асабістым жаданні, і гэта адчуваецца, — гаворыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце «Прыдзвінскага» Адольф Дзежыц. — Працуюць нармальна, не ныюць, не скардзяцца, што цяжка.

Жывуць студэнты ў былым дзіцячым садку, тры разы на дзень харчуюцца ў школьнай сталоўцы. Непадалёк магазін і клуб.

У хуткім часе другі студэнцкі атрад аднаго з полацкіх каледжаў прыедзе працаваць у КУСГП «Мішневічы» на ферму «Заўсыска», дзе вядзецца рэканструкцыя, расказаў дырэктар Міхаіл Цікавенка. Рабяты будуць заняты на падсобных работах, добраўпарадкаванні тэрыторыі. Працаваць студэнты збіраюцца на працягу месяца. Аплата — здзельная.

Марыя СЕЛЮЦЕНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter