Студэнтка на ўсе часы

У Гомелi з'явiлася «вечная» студэнтка з яблыкам i кнiгай

Уваход у галоўны корпус Гомельскага дзяржунiверсiтэта iмя Францыска Скарыны ўпрыгожыла бронзавая скульптура. «Вечная» (у сэнсе трываласцi матэрыялу) студэнтка з задзiрыстымi хвастамi-косамi, зручна ўладкаваўшыся на мармуровай прыступцы ў кароткiя мiнуты перапынку памiж заняткамi, грызе яблык (плод пазнання) i чытае кнiгу. Незвычайная кампазiцыя – своеасаблiвы падарунак гарадскiх улад моладзi да свята студэнтаў.

Iдэя стварыць падобную скульптуру з’явiлася два гады таму, калi гарвыканкам аб’явiў творчы конкурс на лепшую скульптурную кампазiцыю, прысвечаную студэнцкаму жыццю. На адрас конкурснай камiсii паступiла больш за 20 праектаў. Сярод iх былi i студэнт з бутэрбродам, i юнак з ноутбукам, i варыяцыi на тэмы моцнай студэнцкай дружбы. Аднак найбольш удалай спецыялiсты-эксперты палiчылi работу маладога гомельскага скульптара Яны Канавалавай, якая да ўсяго з’яўляецца выпускнiцай Гомельскага дзяржунiверсiтэта iмя Скарыны.

– Улiчваючы аўтарства скульптуры, – адзначыў, вiншуючы студэнтаў са святам i адметнай падзеяй старшыня Гомельскага гарвыканкама Вiктар Пiлiпец, – яе з’яўленне каля вядучай навучальнай установы гомельскага рэгiёна нельга лiчыць выпадковым...

Кiраўнiк горада прапанаваў кожнаму са студэнтаў асабiста праверыць праўдзiвасць сiмвалiчнай прыкметы: патузаць бронзавую студэнтку за «хвост». З тым, каб здаваць сесii паспяхова, без «хвастоў». Заклiк, вiдавочна, знайшоў гарачы водгук у студэнцкай грамадзе: адразу ж пасля завяршэння мерапрыемства каля ўнiверсiтэцкага корпуса ўтварылася сапраўднае паломнiцтва.

На здымку: дакрануцца да кос бронзавай студэнткi наважыўся сам старшыня гарвыканкама Вiктар ПIЛIПЕЦ.

Фота: Мiкалай ЖДАНОВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter