Экспарт адукацыйных паслуг. Як прыцягнуць студэнтаў з-за мяжы?

Студэнт-замежнік просіць перакладу

Упершыню пра патэнцыял экспарту нашай адукацыі загаварылі гадоў 10 таму. У 2008-м канстатавалі: перакрыты савецкія паказчыкі, калі ў краіне навучалася 6 тысяч замежнікаў. Але ці карэктна было параўноўваць час СССР з цяперашнiм? Ставілася задача павысіць колькасць студэнтаў да 20 тысяч, i гэтыя прагнозы аказаліся досыць рэалістычнымі — мы да гэтай лічбы дабраліся. Але сёння, гледзячы ў бок краін, дзе экспарт адукацыйных паслуг прыносіць у казну сотні мільёнаў долараў, становiцца ясна: трэба прырастаць больш актыўна. І не толькі ў колькасці студэнтаў, але і ў якасці паслуг, якія ім прадастаўляюцца. Але як гэта зрабіць?

Вышэйшую адукацыю ў нашых ВНУ замежнікі атрымліваюць актыўна — у 2016/2017 навучальным годзе іх было 20 170 чалавек са 107 дзяржаў. Прыстойны ўзровень адукацыі, мір, спакой, душэўная прыгажосць беларускага народа — гэта толькі некаторыя прычыны, якія прымушаюць прыязджаць вучыцца да нас гасцей здалёк. Такое меркаванне ў час Рэспубліканскага педагагічнага савета ў жніўні мінулага года выказваў Прэзiдэнт. Але тады ён абазначаў і дзве нашы галоўныя праблемы — моўную і праблему інтэрнатаў, месцы ў якіх, прыязджаючы на навучанне ў многія краіны, студэнты атрымліваюць аўтаматычна. У нас такой магчымасцю, нават для студэнта мясцовага, валодаюць далёка не ўсе ўстановы адукацыі.

Але гэта паўбяды, бо, у рэшце рэшт, жыллёвае пытанне можна вырашыць з дапамогай здымнай кватэры. А вось што рабіць з адукацыйнымі праграмамі на англійскай мове? Вось на іх распрацоўку, падрыхтоўку выкладчыкаў, якія свабодна выкладаюць па-англійску, патрэбны час. Не, у шэрагу ВНУ такія праграмы і выкладчыкі ёсць, але далёка не па ўсіх спецыяльнасцях. Далей за іншых у гэтым кірунку прасунуўся хіба што БДУІР. У большасці ж ВНУ сапраўды доўгі час прызнаваліся: арыентуюцца на рускамоўных студэнтаў. Маўляў, і такіх у свеце нямала. А ў выніку многім студэнтам-замежнікам, перш чым грызці граніт навукі ў нашых унiверсiтэтах, даводзілася для пачатку вывучыць рускую мову. Таму пакуль большасць замежных студэнтаў, якія навучаюцца ў нашых ВНУ, — выхадцы з постсавецкай прасторы. Апошнія гадоў пяць у лідарах — Туркменістан, міжурадавае пагадненне з якім дзейнічае з 2013 года.

Зрэшты, ёсць яшчэ адна істотная перашкода для росту экспарту адукацыйных паслуг — гэта адсутнасць арганізацыі-пасярэдніка, бо не кожны, нават з тых, хто чуў пра нашу краіну і нашыя ВНУ, ведае, як сюды патрапіць. Гэта на апошняй калегіі ведамства прызнаваў і міністр адукацыі Ігар Карпенка. Дарэчы, паводле яго слоў, нам неабходна прадумаць структуру прыцягнення абітурыентаў з-за мяжы. Ды і агульная каардынацыя, адзіны цэнтр, які б аказваў садзейнічанне вышэйшым навучальным установам, вельмі патрэбныя. 

Нарошчванне патэнцыялу экспарту адукацыйных паслуг, паводле слоў Ігара Карпенкі, стане ў гэтым годзе адным з найважнейшых кірункаў работы ведамства. Больш за тое, распрацавана канцэпцыя, у якой прапісаны ўсе механізмы. Словам, сітуацыя павінна змяніцца.

Што ж, пажывём — пабачым. Але ж відавочна адно: без зацікаўленасці саміх ВНУ і іх выкладчыкаў кардынальна пераламаць яе будзе складана. Спакой на вуліцах і талерантнасць у адносінах да іншаземцаў, несумненна, важны плюс. Але калі формула «прапанова дыктуе попыт» не зменіцца, большасць студэнтаў-замежнікаў да нас так і не даедуць.

veraart14@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter