Калі побыт да забойства даводзіць

Сцяна разладу

Суседскі канфлікт атрымаў страшную развязку: інтэлігентная пенсіянерка са злосці збіла неахайнага знаёмага. Малатком. Да смерці. Чаму гэта здарылася? 

У  той спякотны ліпеньскі дзень на праспекце Будаўнікоў у Віцебску нічога не прадвяшчала бяды. Горад адпачываў ад “Славянскага базару” і яго святочнай мітусні. Спакойную карціну парушыў пажар. Ратавальнікі, якія прыбылі на выклік, выявілі абгарэлы труп аднаго з жыхароў камунальнай кватэры. Ім аказаўся 67-гадовы пенсіянер-інвалід, які быў слабы на ногі і ледзь рухаўся з кіем. Агляд цела даў падставы меркаваць, што зусім не агонь пазбавіў яго жыцця. Па папярэднім заключэнні судова-медыцынскай экспертызы смерць наступіла ад чэрапна-мазгавой траўмы.

Калаж Алега Папова

Падазрэнні выпалі на 60-гадовую віцяблянку — суседку загінуўшага. І не беспадстаўна. Высветлілася, што пенсіянерка два гады як у пекле пражыла бок аб бок з ціхім алкаголікам, які пры людзях паводзіў сябе з ёй цалкам адэкватна, але сам-насам кардынальна мяняўся. Нецэнзурная лаянка, абразы і пагрозы, што спаліць хату, калі яго не пакінуць у спакоі, — усё гэта стала звыклай карцінай. Двухпакаёвую камуналку жанчына дзяліла з выпівохай паўтара года. Сваю жылплошчу ў новабудоўлі яна саступіла сыну, а сама вырашыла дажываць век у больш сціплых умовах. Але так і не змагла змірыцца з выхадкамі “кампаньёна па няволі”. Яблыкам разладу стала не толькі неахайнасць пенсіянера, які планамерна ператвараў свой пакой у нешта непрыдатнае для пражывання і заадно ніколі не прыбіраў месцы агульнага карыстання, але і яго асацыяльныя паводзіны.

Мужчына, лічы, не расставаўся з бутэлькай, курыў у ложку і не ўсведамляў, што ставіць гэтым пад пагрозу не толькі свай дабрабыт. Ён проста мог забыцца на ежу на пліце, пакуль з кухні не пачынаў валіць дым, кідаў непатушаныя цыгарэты. Тое, што калісьці бесканфліктны чалавек імкліва коціцца ў прорву, не адмаўлялі і яго блізкія, з якімі, зрэшты, у яго не было занадта ўжо даверлівых адносін. Нават калі яго брат спрабаваў зрабіць заўвагу, то атрымліваў кароткі, злы адказ: “Не твая справа”. Родныя загінуўшага пацвердзілі, што не раз спрабавалі наставіць яго на правільны шлях. Прапаноўвалі з кожнай пенсіі закупляць прадукты і прыносіць чэкі, каб не заставалася сумневаў, што гаворка ідзе толькі пра дапамогу, а не пра нажыву. Але ежа ежай, а хто спіртным будзе забяспечваць? Згубная звычка цалкам падпарадкавала інваліда і ў выніку давяла да лавы падсудных яго суседку.

Пра жанчыну, што раней працавала і ў школе, і памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садку, знаёмыя і калегі давалі станоўчыя водгукі. Ні ў якіх сумніўных гісторыях яна не была заўважана. Педагог са стажам, якая ўмее знайсці ключык да дзяцей, так і не змагла падабраць яго да дарослага, чый характар і думкі цалкам захапіў зялёны змій. Скандалы дабяла распальвалі абстаноўку ў агульнай кватэры. Але не выходзілі за яе межы ... Ды тайнае заўсёды становіцца відавочным. І ў адзін фатальны дзень чаша цярпення канчаткова перапоўнілася. “Кактэйль” са страху, адчаю і агрэсіі выліўся ў злачынства. У чарговы раз, адчуўшы пах дыму, пенсіянерка ўвайшла ў пакой суседа і ўбачыла, што той выпівае, курыць у ложку. Яна зрабіла яму заўвагу. Той запусціў у яе малатком, які ляжаў пад ложкам. Небарака не стрымалася і кінула малаток у адказ, патрапіўшы крыўдзіцелю ў галаву. Тады раззлаваўшыся, ён шпурнуў у яе кій. Фінальным акордам гэтай “дуэлі” стала тое, што дама ў лютасці схапіла малаток і двойчы стукнула ахвяру па галаве. Інвалід абмяк на ложку, а суседка ў жаху кінулася бегчы.

З-за непатушанай цыгарэты занялося полымя... Далей падзеі развіваліся імкліва. Віцяблянка, выкінуўшы прыладу смерці праз акно, перш спрабавала заблытаць следства. Нават прасіла аб садзейнічанні знаёмую, каб тая пацвердзіла, што яна не магла пазбавіць пенсіянера жыцця, бо ў той час знаходзілася зусім у іншым месцы. Але прыдуманы спехам план быў шыты белымі ніткамі. Суд прызнаў былога педагога вінаватай у наўмысным забойстве і прыгаварыў да сямі гадоў пазбаўлення волі.

МеркаваннІ

Вольга Балаболава, памочнік пракурора г. Віцебска:


— Крымінальныя справы, завязаныя на канфлікце людзей, якія жывуць па суседстве, — даволі рэдкія. Напрыклад, апісанае вышэй забойства — адзіны за апошнія тры гады падобны выпадак у нашым горадзе. З маёй практыкі магу ўспомніць хіба што інцыдэнт, які праходзіў пад “знакам” нанясення менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Двое суседзяў не падзялілі парковачнае месца ў двары, і нават дайшло да членашкодніцтва. Часцей суседскія разборкі пераходзяць ў тое, што адзін бок падае на другі ў суд. Гэта адміністрацыйныя справы, якія не маюць сур’ёзнага грамадскага рэзанансу.

Людміла Судакова, псіхолаг, псіхатэрапеўт:


— Жыць у камунальнай кватэры — значыць выконваць пэўныя правілы. Без разумення, павагі паміж суседзямі не бываць міру і спакою. Не задавальняюць паводзіны таго, хто пражывае побач? Не спадзявайцеся, што праблема прападзе сама сабою. Лепш своечасова звярнуцца ў міліцыю, пакуль сітуацыя не абвастрылася, не выматала вас эмацыянальна. За вонкава бяскрыўдным ціхім выпівохай можа хавацца ўнутраная агрэсія, якая рана ці позна знойдзе выхад.

У любых адносінах ёсць важны момант — чалавечая памяркоўнасць. Ва ўсіх нас ёсць рысы, якія хтосьці прымае, а хтосьці катэгарычна не. Усе мы розныя, але толькі камфорт вызначае наш душэўны стан. Не чакайце занадта шмат чаго ад іншых — у кожнага сваё бачанне. Паспрабуйце змяніць стаўленне да апанента, які правакуе вас на канфлікт. Абставіны фарміруюць асобу: адзін паволі співаецца і не прызнае дапамогі, хоць употай можа і жадаць гэтага, а другі пераадольвае цяжкасці і імкнецца да дабрабыту. Вучыцеся не хаваць свае пачуцці, заяўляйце пра іх, але па-добраму, не толькі з пазіцыі пакараць непажаданага або ўстараніць яго, а перш за ўсё з мэтай зразумець яго і яго боль.

ГУЧНЫЯ ВЫПАДКІ

Часам сварка з суседзямі заканчваецца трагічна. У 2016-м п’яны 29-гадовы жыхар Бабруйска з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх памкненняў на горкі яблык збіў пенсіянера каля пад’езда ўласнага дома. Сусед усяго толькі зрабіў яму заўвагу пра курэнне ў грамадскім месцы. І ў выніку апынуўся ў рэанімацыі, дзе праз тры дні памёр. А ў мінулым годзе ў адной з вёсак Гомельскага раёна 17-гадовы хлопец пазбавіў жыцця 43-гадовую настаўніцу, якая жыла па суседству. У дзень здзяйснення злачынства ён сек дровы аднавяскоўцу і атрымаў у якасці падзякі “дзве з паловай кружкі самагону”. Выпіўшы спіртное, малады чалавек успомніў, што павінен суседцы 60 рублёў. Замест доўгу няшчасная атрымала ад яго 27 удараў нажом...

ДАМАШНІЯ ХУЛІГАНЫ ПАД НАГЛЯДАМ

У  Беларусі распрацоўваюцца новыя меры для барацьбы з бытавым хуліганствам і шумнымі суседзямі. Аб гэтым на круглым стале ў прэс-цэнтры БЕЛТА паведаміла начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў Генеральнай пракуратуры Беларусі Марына Папова. 

Паводле яе слоў, генеральным пракурорам зацверджана адпаведная рабочая група, якая з 5 сакавіка пачала работу. У яе склад увайшлі прадстаўнікі Міністэрстваў унутраных спраў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі: “Работа вядзецца па шэрагу напрамкаў. Думаю, у першай дэкадзе красавіка мы прапануем наша бачанне гэтай сітуацыі, унясём прапановы заканадаўчага характару і механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў”. У прыватнасці, ідзе размова аб удасканаленні парадку ўзаемадзеяння паміж органамі ўнутраных спраў і жыллёва-эксплуатацыйнымі службамі, каб вызначыць больш выразнае размежаванне, якія органы і як павінны працаваць у канкрэтных выпадках.

Другі напрамак — гэта ўдасканаленне заканадаўства, прадоўжыла начальнік аддзела: “Мы вызначаемся ў неабходнасці магчымага дапаўнення арт. 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях часткай аб дробным хуліганстве ў быце. Хачу падкрэсліць, што гэта “сырыя” рэчы, і мы, безумоўна, сумесна выпрацуем падагульняючую пазіцыю. Мы думаем аб гэтым напрамку, паколькі ў свой час узнімалася пытанне процідзеяння дамашняму насіллю. І тады па ініцыятыве Міністэрства ўнутраных спраў дамашнія пабоі былі вылучаны ў асобную частку артыкула 9.1 КоАП, гэтаму пытанню стала ўдзяляцца больш увагі. Паступова гэта прыносіць свае вынікі”, — дадала начальнік аддзела. Напрыклад, калі бытавое хуліганства вылучыць у асобную частку, то органы ўнутраных спраў будуць дакладна разумець: калі адбываюцца бойкі або дробнае хуліганства ў дамашніх умовах у любы час — гэта іх кампетэнцыя. Калі паступіла скарга на шум, выкліканы правядзеннем будаўнічых работ, то гэта будзе адносіцца да правілаў карыстання жылымі памяшканнямі і застанецца за жыллёва-эксплуатацыйнымі службамі. 

Марына Папова адзначыла, што Генеральная пракуратура ўдзяляе вялікую ўвагу праблеме бытавога хуліганства і канфліктаў на гэтай глебе. “Мы гаворым пра яе на працягу апошніх пяці гадоў. Раней мы нават падлічвалі колькасць скаргаў грамадзян адносна бытавога шуму. У 2014 годзе больш за 40 тысяч грамадзян у краіне звярнуліся ва ўсе інстанцыі, выканкамы, органы ўнутраных спраў, ЖЭСы па такіх выпадках. Ужо тады мы ўзнімалі гэту тэму і разглядалі пытанні ўдасканалення заканадаўства”, — канстатавала яна.

Navumavahanna@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter