Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Сцежкамі Якуба Коласа

У дзень памяці Песняра экскурсію па яго “мінскіх адрасах” правялі супрацоўнікі Літаратурна-мемарыяльнага музея пісьменніка

Як паведамлялася ў прэс-рэлізе, што прыслалі ў рэдакцыю з Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, экскурсія “Мінскія адрасы Якуба Коласа” дапаможа глыбей пазнаць жыццё беларускага Песняра. Падарожжа праходзіла па мясцінах у Мінску, якія звязаны з яго імем. А маршрут сапраўды ўражваў: Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, дзе Якуб Колас працаваў больш за трыццаць гадоў, займаў пасаду віцэ-прэзідэнта, Мінскі астрог, у якім на працягу трох гадоў паэт адбываў пакаранне за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе з 1923 па 1926 год выкладаў дацэнт Канстанцін Міцкевіч, плошча Якуба Коласа, дзе размешчаны  помнік народнаму паэту і героям яго твораў работы Заіра Азгура, дом на Старажоўцы, які сям’я паэта арандавала з 1921 па 1927 год у заможнага гаспадара Вільгельма Русецкага і дзе знакаміты пісьменнік скончыў свае найлепшыя паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, напісаў аповесці “У Палескай глушы”, “У глыбі Палесся”, “На прасторах жыцця”, п’есы, вершы, казкі для дзяцей, шматлікія публіцыстычныя артыкулы, Цэнтральны  дзіцячы парк імя М. Горкага, які знаёміць з даваенным жыццём сям’і Якуба Коласа. Апошнім пунктам наведвання сталі Вайсковыя могілкі.

Адна з прыгажэйшых мясцін у Мінску — плошча Якуба Коласа   

Менавіта там прайшлі памінальны мітынг і ўскладанне кветак да магілы Песняра. Удзел у ім прымалі члены сям’і Якуба Коласа, літаратары, грамадскія дзеячы, мастакі, навукоўцы, прыхільнікі творчай спадчыны народнага паэта Беларусі.

Шмат імпрэз ладзіцца ў музеі Песняра

Падрабязней пра вандроўку мы раскажам у наступным нумары газеты “ГР”.

Нагадаем

Народны паэт Беларусі Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) пайшоў з жыцця 13 жніўня 1956 года. Яшчэ пры жыцці паэт быў адным з тых, хто ўвасабляў нацыянальную літаратуру, быў гонарам і сумленнем кожнага беларуса. Якуб  Колас  не  толькі  бліскучы  майстар  мастацкага  слова,  але  і  глыбокі  інтэлектуал,  яркі  нацыянальны  мысліцель, адзін з заснавальнікаў новай беларускай прозы, аўтар неўміручых паэтычных шэдэўраў “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, славутых палескіх аповесцяў, алегарычных “Казак жыцця”, апавяданняў і вершаў, якія сталі класікай.

Дзейнасць знакамітага пісьменніка, яго роля і значэнне ў нацыянальным духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнены нашчадкамі. Імя Коласа носяць Інстытут мовы і літаратуры і Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, плошчы і вуліцы, школы і бібліятэкі ў многіх населеных пунктах Беларусі, буйное вытворчае паліграфічнае прадпрыемства ў Мінску. У сталіцы і на радзіме Якуба Коласа, на Стаўбцоўшчыне, а таксама ў мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Песняра, вітаюць наведвальнікаў музеі пісьменніка. Чым далей, тым больш спраўджваюцца радкі беларускага паэта Петруся Броўкі, прысвечаныя Якубу Коласу: “Твой сад цвіце ў радаснай краіне, ягоны шум прасторамі звініць, і доўга будзеш ты пад небам сінім ісці, спяваць, паэт, і жыць і жыць”.

Аліна Паўлючэнка

Голас Радзімы № 31 (3535), чацвер, 17 жніўня, 2017 у PDF

Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?