Максим Горецкий отправился на Дальний Восток в память о своей деревне

Сцэнкi з жыцця «самаходаў»

У 1926 годзе з’явiўся на свет адзiн з самых незвычайных твораў беларускай лiтаратуры — «Сiбiрскiя сцэнкi». Аўтар, Максiм Гарэцкi, быў на той момант выкладчыкам беларускай мовы i лiтаратуры ў сельгасакадэмii ў Горках.


Ён працаваў над вельмi важным для сябе бiяграфiчным творам — «Камароўская хронiка», марыў стварыць гiсторыю некалькiх пакаленняў адной сям’i, узяўшы за аснову сваю. Некаторых сваякоў лёс завёў у Сiбiр. Гарэцкага вельмi цiкавiла iх жыццё — пра беларусаў у Сiбiры i на Далёкiм Усходзе даследаванняў не iснавала. Калi яшчэ ў 1916-м, пасля заканчэння Паўлаўскага ваеннага вучылiшча ў Петраградзе, Максiм у чыне прапаршчыка паехаў у Iркуцк на фармiраванне часцi, сустрэў шмат беларусаў — сотнi тысяч iх перасялiлася туды ў пошуках лепшай долi, былi i нашчадкi высланых падчас паўстанняў. У 1926 годзе паводле перапiсу 371 840 жыхароў Сiбiры пазначылi сваё беларускае паходжанне — а колькi беларусаў запiсалася тады рускiмi, падлiчыць немагчыма. I вось рэктар сельгасакадэмii 24 чэрвеня 1926 года выдаў Максiму Гарэцкаму пасведчанне з маршрутам навуковай экспедыцыi Горкi — Масква — Томск — Благавешчанск i назад.

Маршрут спецыяльна быў пракладзены па тых месцах, дзе найболей жыло беларусаў.

Як пiсаў Алесь Адамовiч у даследаваннi пра Гарэцкага «Браму скарбаў сваiх адчыняю», ехаў ён па сваю памяць, памяць сваёй вёскi, усёй Беларусi.

Па сведчаннях дачкi Галiны, вярнуўся Максiм Гарэцкi з Сiбiры цяжка хворы, з болямi ў жываце. Доктар параiў пiць кожны дзень булён з толькi што зарэзанага кураняцi. Засталiся ад паездак у Сiбiр рукапiсныя аркушыкi, шчыльна спiсаныя маленькiя кавалачкi паперы. На ўсiх тэкстах праўкi, пераробкi. Была задума падрыхтаваць асобнае выданне пад назвай «Сiбiрскiя сцэнкi». Некаторыя завершаныя творы з гэтага цыкла друкавалiся. Напрыклад, у часопiсе «Беларускi пiянер» (№ 11 за 1928 год) з’явiлася апавяданне «Малы рызыкант» пра беларускага хлопчыка-беспрытульнiка, якi падчас сваiх вандровак быў раздушаны штурвалам карабля.

Сталоўка перасяленцаў на адным з пунктаў прыпынку. Фота 1920-х гадоў.

«Сiбiрскiя сцэнкi» — гэта i дарожныя нататкi, i этнаграфiчнае даследаванне, i пiсьменнiцкi дзённiк, гiсторыi, якiя чапляюць усур’ёз. Беларускiх перасяленцаў у Сiбiры называюць самаходамi — бо дабiралiся «самаходзь», уласныя пажыткi цягнулi хто на сабе, хто на абозах. Не заўсёды новае месца было прыветлiвым. Гарэцкi апiсвае побыт «самахода» Панаса Пушчы, былога леснiка з Вiцебшчыны: «Калi ён завёў мяне ў сваю хату, я жахнуўся, паглядзеўшы на яго жыццё. Жыў ён у дрэнненькай цесненькай хатцы, i то перабраўся ў яе толькi год, а то быў у зямлянцы». Складаныя адносiны са старажыламi-«чалдонамi»: «Навасёлы ж, цi «самаходы», пакуль разжывуцца, мусяць iсцi да iх у кабалу, рабiць iм на адработ i нават на той час зусiм за бясцэн…» У апавяданнi «Чорны лебедзь» беларускi перасяленец, добры паляўнiчы i шчыры чалавек, забiвае чорнага лебе­дзя, не ведаючы, што ў мясцовых гэта вельмi дрэнная прыкмета. Старажылы забiваюць «самахода» — як нi прасiўся, як нi плакалi ягоная жонка i дзецi. Яшчэ адно апавяданне — «Хоцiмка» — вырасла са звычайнага дарожага назiрання. На станцыi Талбага, дзе пачынаецца «дзiкае i страшнае Забайкалле», аўтар бачыць адметную жанчыну з гордай паставай i глыбокiмi жудасна разумнымi вачыма, якая прадае смажаных лiнькоў. З ёй — двое дзетак, дробныя не па ўзросце, «i вочы ў iх не па ўзросту: шмат што бачылi». Жанчына аказваецца з Хоцiмска, з Магiлёўшчыны. Зямляк нават рыбу ў яе купiць не паспеў. Здавалася б, хвiлiннае ўражанне… Мы, як i апавядальнiк, не ведаем гiсторыi гэтай жанчыны. Але можам уявiць яе.

Гарэцкi так i не паспеў ператварыць «Сiбiрскiя сцэнкi» ў асобную кнiгу, i невядома, якой была б яе кампазiцыя. Па фальсiфiкаванай справе Саюза вызвалення Беларусi пiсьменнiк быў асуджаны да высылкi. У 1932 годзе назапашаныя для «Камароўскай хронiкi» матэрыялы прывезла яму ў Вятку жонка Леанiла Чарняўская. У 1937-м майстра псiхалагiчнай прозы расстралялi. Рукапiсны цыкл «Сiбiрскiя сцэнкi» захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бiблiятэцы НАН Беларусi.

cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter