Творческая молодежь из 16 стран приедет на минский “Тэатральны куфар”

Сцэна не ведае межаў

Наш фестываль студэнцкіх тэатраў лічыцца адным з самых прэстыжных у Еўропе. За пятнаццацігадовую гісторыю ён сабраў больш за 150 творчых калектываў з 65 краін. Сёлета на форуме з 20 па 27 верасня будуць прадстаўлены лепшыя пастаноўкі і дэбютныя праекты маладых драматургаў з Аўстрыі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Грузіі, Ізраіля, Ірана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана, Украіны і Харватыі. У праграме спектаклі па творах Антона Чэхава, Уільяма Шэкспіра, Сэмюэла Бекета, Яўгена Шварца, Яўгена Замяціна і іншых.

фото белта

Годна будзе прадстаўлена і беларуская праграма. Так, адкрые фестываль спектакль студэнтаў майстэрні Вячаслава Паўлюця з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” паводле твора Уладзіміра Караткевіча. “Чарнобыльскую малітву” Святланы Алексіевіч прадставіць дзіцячы тэатр з Масквы. На закрыцці пабачым спектакль “А калі заўтра няма...” маладога, але добра вядомага аўтара Дзмітрыя Багаслаўскага ў пастаноўцы беларускага рэжысёра Андрэя Саўчанкі з грузінскімі артыстамі Месхецкага прафесійнага драматычнага тэатра.

Малым тэатралам таксама не прыйдзецца сумаваць. У межах спецыяльнай праграмы для дзяцей юныя артысты з шасці тэатраў ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў падзеляцца цікавымі гісторыямі са сваімі аднагодкамі. Адным з самых чаканых і відовішчных дзеянняў фестывалю стане традыцыйны праект Kufar-in-Motion, які на гэты раз правядзе заслужаны дзеяч мастацтваў Туркменістана Аўлякулі Хаджакулі. 

Удзельнікамі праекта стануць маладыя мінскія акцёры, якія на працягу тыдня пад кіраўніцтвам знакамітага рэжысёра створаць арыгінальную пастаноўку па матывах паэмы “Каін” Байрана.

Галоўны прыз форума “Вялікі куфар” атрымае найлепшы спектакль па выніках галасавання гледачоў. Акрамя таго, падчас фестывалю адбудуцца дыскусіі, творчыя сустрэчы, майстар-класы па акцёрскім майстэрстве і рэжысуры, будзе прэзентавана фотавыстава, прысвечаная 15-годдзю “Тэатральнага куфара”.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter