Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Велікодныя святы ў Мінску ў 14-ы раз упрыгожвае Фестываль духоўнай музыкі, на якім сёлета грала і лютністка Таццяна Бяльковіч

Струны “Залатагорскай ліры”

За вакном — вясна, у душы — свята… І сэрцы чуйныя ў хвалях Любові, якая ўваскрасае, адкрываюцца насустрач святлу, сонцу, прыгажосці, музыцы.

Калі рэдакцыя газеты “Голас Радзімы” размяшчалася ў будынку па праспекце Незалежнасці, 44, непадалёк ад Плошчы Перамогі, то часам у святы ў адкрытыя нашы вокны, на 3-м паверсе, заляталі са двара касцельныя спевы, музычныя акорды. (А можа іх тонкія вібрацыі ёсць і ў тэкстах, што там пісаліся?) І мой калега, прафесар Адам Мальдзіс, ад святочных гукаў прасвятляўся ўсмешкаю: “Чуеце? Гэта ж даў нам Бог шчасце ў такім асвячоным доме працаваць!..”. З удзячнаю згадваю яйкі — чырвоныя, Велікодныя — з рук Адама Восіпавіча як знак добрай весткі: “Хрыстос Уваскрос!”. І як мы часам любаваліся ў розныя поры года Касцёлам Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы. Дарэчы, з праграмы XIV фестывалю духоўнай музыкі “Залатагорская ліра”, якую даслаў нам адзін з яго арганізатараў, арганіст і радыёжурналіст Віктар Кісцень, вынікае: за месяц ладзіцца 9 канцэртаў у храме па праспекце Незалежнасці, 44А. З прыпіскі ў канцы праграмы бачна, што не трэба й білеты купляць, а “добраахвотныя ахвяраванні ў падтрымку канцэртаў на Залатой Горцы можна скласці на выхадзе з касцёла”. Што ж, разумная і душэўная прапанова, суладная з “галоўнай мелодыяй” “Залатагорскай ліры”.

Таццяна Бяльковіч. Прага, 2017
фота мілана Графа

Пачаўся фестываль вечарам 2 красавіка: каталікі ўжо святкавалі Уваскрасенне Хрыстова. Быў канцэрт арганнага класа педагога Святланы Разько з 1-й мінскай Дзіцячай музычнай школы мастацтваў. Гралі 11 юных выканаўцаў, прагучала 18 твораў вядомых аўтараў, сярод якіх І.-С. Бах і Ш. Гуно, Р. Вагнер ды іншыя. А 5 красавіка ладзіўся канцэрт старадаўняй музыкі. Яе аматары, пэўна, звярнулі ўвагу на склад музыкаў: Штэфані Кайзер (сапрана), як і арганіст Пітэр Кубіш — з Германіі, флейтыстка Галіна Мацюкова — з Беларусі. Дарэчы, у інтэрнэце ёсць весткі, што яна — першапачынальніца беларускай школы ігры на флейце-траверса, якой навучылася ў Штутгарце. Чацвёртая выканаўца, Таццяна Бяльковіч — беларуска ў замежжы, і побач з яе імем у праграмцы чытаем: тэорба, Беларусь—Германія. “Вывучала старадаўнія гітарныя і лютневыя інструменты ў прафесара Рольфа Ліслеванда ў Вышэйшай школе музыкі горада Тросінгена (Германія), — даведваемся далей. — Выступае з сольнымі праграмамі і ў складзе камерных ансамбляў і аркестраў. У рэпертуары мае творы еўрапейскага Адраджэння, французкага ды італьянскага барока. Пастаянная ўдзельніца ансамбляў L’Arabesque і Calma. Супрацоўнічала з ансамблямі ды аркестрамі “Камерныя салісты Мінска”, “La voce delle corde”, Bachchor Stuttgart, A-cappella-Kammerchor, Ensemble Cantico, Rastatter Barockorchester ды іншымі”.

З падказкай Віктара Кісценя мне ўдалося спісацца з Таццянай Бяльковіч напярэдадні канцэрта па электроннай пошце. Таццяна, дарэчы, цудоўна валодае беларускай мовай. На фэсце, прызнаецца, грала й раней, але “гадоў 10, можа, таму”. Родавыя карані яе — на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, а “гісторыя маіх продкаў тыповая для беларускіх сем’яў, але ад таго не менш трагічная. Усе падзеі нашай гісторыі той ці іншы след у нашым родзе пакінулі”. Пазней Таццяна ўдакладніла, што ў родзе яе раней прафесійных музыкаў не было, але прадзед Станіслаў Шабуня й ягоныя браты гралі на розных інструментах. І бабуля, Аўрэлія (Алена) Станіславаўна, добра грала на гітары й балалайцы. Таксама й дзед яе, Фама Васілевіч Бяльковіч, граў на мандаліне. Сама ж Таццяна пачала займацца музыкай з 12 гадоў — гітарай у Музычнай студыі Палаца культуры Мінскага аўтазавода (выкладчыкі Алег Капянкоў і Вячаслаў Тарлецкі). “Потым скончыла Менскую музычную вучэльню па клясе клясічнай гітары (выкладчык Уладзімір Белышаў) і Харкаўскі інстытут мастацтваў — таксама як гітарыстка (выкладаў прафесар Уладзімір Дацэнка), — піша Таццяна. — Пад час навучаньня асабліва цікавілася рэнесанснай і барочнай музыкай, якая першапачаткова была напісаная для лютні, а цяпер вельмі часта выконваецца на клясычнай гітары. Калі я заканчвала вучыцца, гітарны майстар з Пінска Юры Дубнавіцкі пачаў рабіць лютні, адну з якіх я ў яго й набыла — так усё й пачалося. Паспрабавала займацца сама, але ж заўсёды адчувала недахоп прафесійных ведаў. Хацелася атрымаць сапраўдную прафесійную адукацыю па старадаўняй музыцы. Паехала вучыцца ў Нямеччыну, да аднаго з лепшых сучасных лютністаў Рольфа Ліслеванда. Пасля заканчэньня навучаньня засталася жыць у Нямеччыне, бо магчымасьцяў для самарэалізацыі для музыканта там непараўнальна больш. Цяпер жыву ў Дрэздэне”. 

Тут праходзіць фестываль

З публікацый у прэсе вядома, што Таццяна Бяльковіч пераклала для лютні, дакладней, тэорбы (адзін з лютневых інструментаў, які шырока выкарыстоўваўся і як сольны інструмент, і як акампануючы з часоў позняга Адраджэння да канца перыяда Барока) некалькі п’ес з Астрамечаўскага сшытка, але “на тым усё й скончылася”. Гэты нотны рукапіс, дарэчы, знайшоў Адам Мальдзіс у 1962-м у Ягелонскай бібліятэцы — уклееным ва ўніяцкі трэбнік Вялікага Княства Літоўскага. Зборнік, чытаем у нэце, складзены быў калісьці ў вёсцы Астрамечава на Берасьцейшчыне, але належаў полацкаму біскупу, таму й атрымаў спачатку назву “Полацкі сшытак”. У наш час творы з Астрамечаўскага сшытка граюць беларускія, польскія, нямецкія музыкі. Сярод якіх, як бачым, і Таццяна Бяльковіч. “Было б цудоўна зрабіць цэлую праграму з тае музыкі, перакласьці яе для невялікага ансамбля, але ж пакуль гэта толькі праект, — напісала ў рэдакцыю. — Што да беларускага барока, ці, больш шырока, беларускай старадаўняй музыкі, то я лічу: не варта замыкацца ў межах рэпертуару, які знойдзены на сёняшні дзень. Музыкі часоў Адраджэньня й Барока ў Эўропе вандравалі вельмі шмат, працавалі то там, то тут. Яны пераносілі з горада ў горад, з краіны ў краіну рэпертуар, манеру выкананьня і гэтак далей. Скажам, найбуйнейшы рэнесансны лютніст і кампазітар Валянцін Бакфарк, які быў прыдворным лютністам караля Жыгімонта Аўгуста, нарадзіўся ў Вугоршчыне, жыў, акрамя Вільні ды Кракава, у Ліёне, Вене, Падуі, быў да таго ж прускім шпегам (!). (Шпег — ад лацінскага shpeg: шпіён. — Рэд.) І да якой традыцыі мы павінны яго адносіць? Трэба разумець, мне здаецца: сучасная Беларусь заўсёды была часткай Эўропы, і гучала тут заўсёды самая розная музыка. Звяртаючыся толькі да “сваіх” твораў, мы збядняем нашую музычную гісторыю. Я ніколі не старалася граць выключна беларускую музыку, бо добра ведаю, наколькі натуральна гэтыя творы ўпісваюцца ў агульнаэўрапейскую традыцыю”.

Мікеланджала Мерызі да Караваджа. Юнак з лютняй

Таццяна Бяльковіч, нібы прадаўжаючы вандроўныя традыцыі папярэднікаў-лютністаў, жыве ў Дрэздэне — крыху больш за год. І грае ў розных праектах, у асноўным з нямецкімі ды чэшскімі калегамі, а з беларускімі музыкамі толькі на Бацькаўшчыне: “бо ня так шмат беларусаў займаецца прафесійна старадаўняй музыкай”. Пра іншых беларусаў у Дрэздэне Таццяна пакуль нічога не ведае, аднак, магчыма, з часам будзе й там беларуская суполка.

Заслугоўваюць вялікай павагі намаганні Таццяны Бяльковіч ды яе калег па вяртанні ў Беларусь лютневай музыкі, якая амаль на тры стагоддзі была тут забытая. А гэта ж адзін з найстаражытных музінструментаў, вядомы на землях усходніх славян ад Х стагоддзя. “У ХVIII стагоддзі з многіх прычынаў лютня амаль знікла з музычнай практыкі, — знаходзім у нэце меркаванне музыказнаўцы Зьміцера Падбярэскага. — Цяперашняе адраджэнне лютні ў Беларусі звязана найперш з імем пінскага майстра Юрыя Дубнавіцкага, які ў 1990-я гады вырабіў першую лютню аўтэнтычнага ўзору. З часам у Пінску паўстала ці ня школа майстроў, якія адраджаюць старадаўнія струнныя інструмэнты. Першую лютню Юры Дубнавіцкі вырабляў восем месяцаў”. 

Фестываль духоўнай музыкі “Залатагорская ліра” прадаўжаецца. Наконт свайго выступлення ў родным Мінску Таццяна піша нам: “Канцэрт прайшоў удала, гралася лёгка, касцёл быў повен, публіка — святочная, і прымала музыкаў вельмі цёпла”. У фестывальнай праграме значацца яшчэ вечары арганнай, рознай харавой музыкі. У плыні фэсту, дарэчы, адкрылася й выстава графікі Ягора Арлова “Цыклон”. Гэта першая персанальная выстава маладога мастака, навучэнца прыкасцельнай студыі “Крылы натхнення”. Прадстаўлена больш за 30 прац Ягора, выкананых каляровымі алоўкамі.

Іван Ждановіч

Голас Радзімы № 14 (3566), чацвер, 12 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter