В каких белорусских реках водился лосось

Стронга мясцовых рэк

Дзе ў краіне водзіцца фарэль

life.ru

Герб Астраўца Гродзенскай вобласці ў многіх выклікае непаразуменне. Пад зялёным дубам — срэбная фарэль. Якое дачыненне мае гэта рэдкая і дарагая рыба сямейства ласасёвых да беларускага горада? Аказваецца, самае непасрэднае.

Астравецкі раён — адзіны рэгіён у Беларусі, куды прыплывае з Балтыйскага мора на нераст гэта рыба. Як паведамляе ostrovets.by, яна падымаецца ўверх па цячэнні па Віліі каля 600 кіламетраў, каб адкласці ікру там, дзе нарадзілася сама. А калі з'яўляецца моладзь, спачатку яна жыве ў прэснай ва­дзе, а крыху пасталеўшы, плыве ў Балтыйскае мора. І праз некалькі гадоў абавязкова вяртаецца на радзіму на нераст.

Дзякуючы працы эколагаў і зоаахоўнікаў фарэль пакрысе ўзнаўляе папуляцыю. Калі ў 2000-я ў рэчках Астравецкага раёна сустракаліся 10—20 рыбін сямейства ласасёвых, то цяпер на нераст сюды прыплывае каля сотні асобін. Пра сувязь Астраўца і рыбы- «чырванакніжніцы» сведчыць не толькі герб горада. У 2017 годзе ў Варнянах Астравецкага раёна адкрылі інфармацыйны цэнтр па захаванні ласасёвых рыб. А праз год у раённым цэнтры ўсталявалі помнік фарэлі.

Калісьці пахваліцца рэдкай рыбай мог не толькі Астравец. Фарэль, як і іншыя рыбы сямейства ласасёвых, амаль цалкам засяляла басейны Дзвіны і Нёмана. Цікава, што ў дачыненні да яе беларусы выкарыстоўвалі яшчэ адну назву — стронга. Дарэчы, так называецца і рэспубліканскі ландшафтны заказнік у Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Ён быў створаны ў 1998 годзе дзеля аховы ўнікальнага прыроднага комплексу і захавання знікаючых відаў рыб. Як можна зразумець з назвы заказніка, яго галоўным жыхаром з'яўляецца якраз рачная фарэль.

Зніклі ласасёвыя з басейнаў Дзвіны і Нёмана ў 60-я гады мінулага стагоддзя пасля пабудовы вялікіх плацін. Толькі Астравецкаму раёну ўдалося затрымаць гэтых рыб у сваіх чыстых і халодных рэчках і ручаях.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter