Свадебные наряды начала ХХ века воссоздали в Червеньском районе

Строі вясельнага настрою

У якіх уборах бралі шлюб нашы бабулі і дзядулі?

Вясельныя строі Ганны і Стэфана Сушкевічаў чэрвеньскія майстрыхі ўзнавілі праз сто гадоў.
Вяселле ва ўсе часы было знакавым момантам у жыцці кожнага чалавека. Таму на працягу стагоддзяў нашы продкі суправаджалі шлюб абрадамі. Яны верылі, што дзякуючы традыцыям можа здабыць сямейнае шчасце і нават працягнуць зямны век. Ва ўмовах глабалізацыі сучасныя жаніхі і нявесты перасталі надаваць вялікае значэнне народным звычаям. Аднак ёсць і такая моладзь, што вясельныя абрады, пакінутыя ў спадчыну бабулямі і дзядулямі, забабонамі не лічыць. Сведчанне таму — запатрабаваная паслуга на правядзенне беларускага традыцыйнага вяселля на сайтах святочных агенцтваў.

Каб яшчэ больш даведацца, як бралі шлюб нашы продкі, папулярызаваць народныя традыцыі сярод моладзі, летась на Міншчыне быў абвешчаны Год вясельнай абраднасці. Клубным установам сталічнага рэгіёна было прапанавана правесці экспедыцыйныя даследаванні па ўзнаўленні вясельных касцюмаў. Пасля збору ўспамінаў, фотаздымкаў работнікі культуры зрабілі эскізы строяў і «рэканструявалі» іх. Адноўленыя касцюмы прадставілі на абласным свяце народных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы» і абласным фестывалі-кірмашы «Дыжынкі-2019» у Барысаве. Сярод двух дзясяткаў вясельных строяў бабуль і дзядуль найбольш даўні — па фота­здымку 1918 года — удалося стварыць работнікам Чэрвеньскага Дома культуры. Каб убачыць убор уласнымі вачыма, карэспандэнт «НГ» адправілася ў Чэрвень.

Фотаздымак у спадчыну

— Наша даследаванне пачалося з пасяджэння народнага клуба «Майстры Ігуменшчыны», — расказвае начальнік аддзела народнай творчасці Чэрвеньскага раённага цэнтра культуры і вольнага часу Наталля Кучук. — Яго ўдзельніцы дзяліліся ўспамінамі аб правядзенні вясельных абрадаў у іх родных вёсках. Асаблівую ўвагу клуба прыцягнуў вясельны вэлюм з вяночкам з кветак, які передала жыхарка вёскі Горкаўская Слабада Валянціна Карчэўская. Вэлюм захаваўся ў яе з 1966 года.

Ганна і Стэфан Сушкевічы. 1918 г.
Амаль за паўгода з розных вёсачак Чэрвеньскага раёна ў мясцовы Дом культуры даслалі больш за дзясятак вясельных фотаздымкаў, зробленых у першай і другой палове ХХ стагоддзя. Самы даўні прадставіла Зоя Сушкевіч. На ім — яе бабуля Ганна Аляксандраўна Карп і дзед Стэфан Казіміравіч Сушкевіч.

— Калі пачалася Першая сусветная вайна, усё маладое насельніцтва з захаду Беларусі адправілі на ўсход, — успамінае гісторыю сям’і сваіх продкаў Зоя Альбертаўна. — Ішлі пешшу некалькі дзён. Па дарозе бабуля захварэла на тыф і трапіла ў бальніцу Ігумена. Так раней называўся горад Чэрвень. Калі хвароба адышла, засталася працаваць санітаркай. У дзеда адна з сясцёр таксама хварэла і лячылася ў той жа бальніцы. Так дзядуля з бабуляй і пазнаёміліся. Закахаліся адзін у аднаго. Пасля вырашылі узяць шлюб. Аднак бацькі жаніха выказаліся супраць, бо нявеста іншага веравызнання і з беднай сям’і. Тым больш што яго ўжо пасваталі да заможнай дзяўчыны. Але ж дзед абраў у жонкі каханую. Бацька выдзеліў маладым хлеў — сказаў, што лепшага жылля не вартыя. Потым яны пабудавалі дом, у іх нарадзіліся васьмёра дзяцей. Напрыканцы жыцця ў бабулі Ганны засталася толькі адна дачка, астатнія дзеці загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Як на працягу стагоддзя ўдалося захаваць фотаздымак? Зоя Альбертаўна расказвае, што раней усе сямейныя фота, іх яшчэ называлі карткамі, віселі ў рамах на сценах хаты. Калі бабуля памерла, фотаздымкі перайшлі ўнукам.

— Сукенку на вяселле бабуля шыла сваімі рукамі, — удакладняе мая суразмоўца. — Была добрай майстрыхай. Камізэлечкі рабіла з вытачкамі, каб было прыгожа. Такія ж элементы бачым на яе вясельным строі. У час Вялікай Айчыннай вайны бабуля, каб зберагчы ўбор, схавала яго ў плеценым з лазы куфары, які потым закапала ў зямлю. Там сукенка і спарахнела.



Андрэй і Ніна Вяргейчыкі. Вёска Вайнілава. 1958 г.

«З тварам да вянца, з розумам да канца»

Каб узнавіць вясельны ўбор Сушкевічаў, спачатку вывучылі кожную дэталь, набылі тканіну, падобную на даматканае палатно. І тады за працу ўзяліся мясцовыя майстрыхі. За два тыдні стварылі копію сукенкі.
Пётр і Раіса Канапака. Вёска Вайнілава. 1952 г.

У вобразе нявесты адкрытым быў толькі твар. Рукі хавалі за доўгімі рукавамі, шыю — за вэлюмам, які ў заможных нявест мог прасцірацца на некалькі метраў.

— Нашы прабабулі аздаблялі свае вясельныя ўборы карункамі з узорам слёз, — расказвае Наталля Кучук. — Гэта таксама сімвалізавала раставанне дзяўчыны з бацькоўскім домам. Упрыгожвалі і выцінанкамі, вырабленымі з лушчаку. Вышытыя ўзоры сімвалізавалі багацце.

На вясельных фотаздымках 20-х гадоў мінулага стагоддзя відаць, што сілуэт убору нявесты мяккі, свабодны. Пачынаючы з 1940-х у вянках з’явіліся кветкі, якія выплаўлялі з воску. Жывыя расліны не выкарыстоўвалі, бо лічылася, што калі яны завянуць, то і каханне не бу­дзе доўгім. На здымках 1940—1950-х гадоў заўважаем, што нявесты пачалі ўплятаць у вянкі каласы, галінкі елкі. Гэта сімвалізавала вечнасць і дабрабыт.

Вясельны абрадавы вянок меў форму круга, які сімвалізаваў сонца, бясконцасць жыцця. Асаблівая ўвага надавалася абраду зняцця вэлюму. Ён, дарэчы, часта праводзіцца і на сучасных вяселлях. Калі маці жаніха здымае з нявесты вэлюм і павязвае замест яго сімвал жаночай долі — хустку. Вэлюм перадаецца шаферцы, а яна, прымяраючы яго, робіць тры павароты вакол сябе, каб пераняць ролю нявесты ў будучым.

Антаніна і Васіль Лухверчыкі. Вёска Шасціснопы. 1934 г.
Даўней маці жаніха вешала вэлюм пад абразамі ў хаце. Перадаваць, дарыць або прадаваць яго было нельга. Продкі верылі: ён валодаў магутнай сілай, ахоўваў сямейную пару ад усяго кепскага. З дапамогай вэлюму лячылі сваіх дзяцей. Часам захоўвалі і некаторыя дэталі вянка. У прыватнасці, з яго кветак рабілі абярэгі для сыноў, якія ішлі на фронт.

Вясельны касцюм жаніха больш просты ў дэталях. На фотаздымках відаць, што пасля вайны мужчыны да шлюбу апраналі ваенную парадную форму. І нявяста, і жаніх упрыгожвалі свае ўборы букецікамі са стужак і кветак.

Даследчыкі сцвярджаюць, што беларускае вяселле мела глыбокі сакральны сэнс. Удзельнікі гэтага старажытнага абраду сваім дзеянням і паводзінам надавалі магічнае значэнне, ствараючы тым самым духоўную абарону будучай сям’і.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter