Строгая камісія

— Заўтра, Мітрафаныч, да нас прыедзе прадстаўнічая камісія, — аб’явіў галоўны інжынер ЖЭСа сантэхніку Прышчэпкіну.

— Я вылучыў тваю кандыдатуру для ўдзелу ў конкурсе на лепшую падрыхтоўку ацяпляльных вузлоў да зімовага сезона. Ведаю, што ты папрацаваў сумленна, але яшчэ раз усё правер.

Пасля гэтай ранішняй размовы Прышчэпкін да вечара корпаўся ў цеплавузлах, правяраючы кожны вентыль, кожную засаўку, кожны манометр… Усё працавала надзейна.

Вечарам ён сустрэў падпіўшага Міхуткіна, калегу з суседняй ЖЭС. Высветлілася, што яго кандыдатуру таксама вылучылі на ўдзел у конкурсе.

— Толькі ў мяне амаль усе вентылі не перакрываюць ваду, — прызнаўся Міхуткін. — Адрамантаваць не было калі з-за гэтага самага, — пстрыкнуў ён пальцамі па шыі. — Не дай Божа, паспрабуюць адкрыць вентылі — патоп!..

Камісія з’явілася на наступны дзень перад абедам. Лысы мужчына салідна запытаў:

— У вузле дакументацыя ёсць?

Пытанне гучала так, быццам дакументацыя — гэта самае галоўнае ў ацяпленні дома.

— На дзвярах, — спакойна адказаў Прышчэпкін.

Усе дружна павярнуліся да дзвярэй. З чвэрць гадзіны разглядалі схему вузла, гарталі сшытак паказанняў кантрольных і замяральных прыбораў. Затым пачалі разглядаць сцены, столь...

— Так-так, — паківаў галавой лысы мужчына і шапнуў штосьці другому. Той сказаў «Ага!» і шапнуў трэцяму, трэці — чацвёртаму, чацвёрты — пятаму… Пашаптаўшыся, усе зноў дружна пакінулі цеплавузел.

Назаўтра Прышчэпкіна выклікаў галоўны інжынер.

— Ну, як жа так? — у яго вачах быў вялікі смутак. — Аддаць першае месца Міхуткіну!

— Каму?! — Мітрафаныч адчуў, што вочы лезуць на лоб. — У ягоных цеплавузлах любы вентыль пакруці — адразу патоп пачнецца!

— Затое ў Міхуткіна чыста, няма павуціння!

Прышчэпкін зразумеў: «Вось чаму яны ўтаропіліся на сцены і столь!..» Пайшоў у цеплавузел. І сапраўды, калі добра прыгледзеўся, у куце пад столлю заўважыў густа сплеценую «сетку». Калі б у той момант там быў павук, яму давялося б плесці павуціну на тым свеце… Пасля працы Мітрафаныч зноў сустрэў Міхуткіна. Не ўцярпеў, каб не спытацца:

— У цябе што, павуціння няма ў цеплавузлах?

— Было і ёсць, поўна!

— А як жа камісія яго не заўважыла?

— А ў тым цеплавузле, куды яны пайшлі, я яго якраз змёў. Сто гадоў бы яго не чапаў, — засмяяўся Міхуткін, — ды пазаўчора гайку ражковым ключом адкруціць хацеў, а той, сарваўшыся, завіс у павуцінні. Ну, я са злосці і пазмахваў венікам.

Прышчэпкін роспачна развёў рукамі…

Янусь МАЛЕЦ

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter