Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Прыдняпроўскае мястэчка Стрэшын

Стрэшын: між Дняпром і крыкам жураўліным

ПРАЗ месяц адзначыць 905-годдзе жлобінскі Стрэшын, вокны дамоў якога з дняпроўскай кручы глядзяцца на шырокую рачную пойму. У старажытным летапісе паселішча ўзгадваецца ў 1113 годзе як Стрэжаў, а пазней — Стрыжань. Існуе некалькі паданняў пра назву, і ўсе яны звязаны з плынню — стрыжнем Дняпра.

У ХII стагоддзі Стрэшын — самае ўсходняе апірышча полацкіх князёў на мяжы з Чарнігаўскім княствам, да якога яго далучылі пасля падзення Полацка. Пазней адносіўся да гарадоў Кіеўскага ўдзела, потым падпарадкоўваўся віленскім уладарам.


Мястэчка часта падвяргалася нападу ворагаў, але, як легендарная птушка Фенікс, зноў адраджалася. У сярэдзіне ХVІ стагоддзя яно стала цэнтрам воласці Рэчыцкага павета і значылася на карце Вялікага Княства Літоўскага. 

Пасля другога падзелу Рэ- чы Паспалітай Стрэшын адышоў да Расійскай імперыі. Па загадзе Кацярыны II перададзены ва ўласнасць графу Івану Астэрману-Талстому. На высокім пагорку паўстала ў стылі класіцызму мураваная царква — помнік дойлідства, у якой захаваўся абраз, атрыманы ад расійскага імператара Аляксандра I.

Старшыня сельвыканкама Аляксандр АЛЕКСАНДРОВІЧ.

Праз паселішча пралёг паштовы шлях на Жлобін. Дзейнічалі рачная прыстань, паравы млын, скураныя майстэрні, хлебазапасны магазін. Штогадова на свята Пакровы Багародзіцы ладзіўся кірмаш. У 1864 годзе першых вучняў прыняло народнае вучылішча, а ў 1909-м адкрыліся школа і бібліятэка. 

Вясною 1910 года жыхары сустракалі мошчы прападобнай Еўфрасінні Полацкай, якія параходам дастаўлялі з Кіева ў Полацк.

З лета 1924-га тры гады Стрэшын быў раённым цэнтрам, а восенню 1938-га атрымаў статус гарпасёлка і аднавіўся Стрэшынскі раён, які існаваў да 1956 года. Выдавалася газета, дзейнічалі два калгасы, цагельна-ганчарны завод, ветравыя млыны, кузня.

 Пенсіянерка Зінаіда ГАЛДЗІНА   з унукам Уладзікам у храме.

Суровыя выпрабаванні давялося перажыць жыхарам у гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Памятным мемарыялам ушанаваны ахвяры вайны. 

З першых пасляваенных гадоў Стрэшын актыўна развіваўся. Да яго далучылі суседнія населеныя пункты Воран-Гаёк, Грымячы Мох, Новы Свет, Ліпы, Ніўкі. Дзесяцігоддзе таму гарпасёлак атрымаў статус аграгарадка.

Слесар Васіль ТАЛАШ і жывёлавод Наталля АНЮКОВА.

З ДНЯПРОЎСКАЙ кручы, на якой раскінуўся Стрэшын, адкрываецца цудоўны пейзаж поймы Дняпра, што нясе свае воды з рускага Валдая на поўдзень праз беларускія бары і лугі, украінскія стэпы да Чорнага мора. Перад адлётам у вырай кружылі ў небе буслы. А хутка прагучыць над прыбярэжнымі прасторамі развітальнае курлыканне журавоў.

Дырэктар Дома культуры Таццяна АСМАНАВА    і школьнік Талаш СЕРДАР.

Вялікая рака захапляла геніяльнага Мікалая Гогаля, які пісаў, што не кожная птушка далятае да яе сярэдзіны. Незвычайны помнік усталяваны на шырока разлітым рэчышчы каля ўкраінскай сталіцы — бронзавая птушка застыла ў палёце над хвалямі. Спрадвеку Днепр ад вытокаў да вусця поўняць славянскія крыніцы. 

Адна з іх цурчыць на ўскрайку Стрэшына. З наведвання яе пачалася мая вандроўка ў старажытнае мястэчка. Па дашчатых прыступках спусціліся са старшынёю сельвыканкама Аляксандрам Александровічам да вытоку, пачаставаліся халоднай вадзіцай. У спякотны жнівеньскі дзень глыток яе асвяжае. Жвавы крыштальна чысты струменьчык збягае сярод густых траў да ракі. Аляксандр Пятровіч, акінуўшы позіркам святыню, выказаў заклапочанасць па яе ўладкаванні.

Аператар машыннага даення Хрысціна МАРУШКЕВІЧ. 

Ад крынічкі па палявой дарозе ўехалі на шырокую вуліцу аграгарадка з патанаючымі ў садах сядзібамі і накіраваліся ў цэнтр да мураванай Свята-Пакроўскай царквы. Пабудавана яна два стагоддзі таму. У шырокіх цагляных сценах пракладзены спецыяльныя хады для абагрэву цёплым паветрам. Унутры ўражвае прастора, якая праз шырокія вокны заліта святлом. У гады фанатычнага атэізму прыход закрылі, а храм пераўтварылі ў калгасны склад. Дбайныя прыхаджане збераглі царкоўнае ўбранства, рытуальныя прылады і, калі будынак вярнулі вернікам, талакою аднаўлялі яго. Тры ўваходы з лесвіцамі вядуць у святыню. Ля парадных дзвярэй нас сустрэла Зінаіда Галдзіна. Да выхаду на пенсію працавала медсястрою ў бальніцы. Мае вольны час і прыслужвае ў храме. Каля бабулі забаўляўся чатырохгадовы Уладзік. Перад пачаткам навучальнага года айцец Яўген звычайна бласлаўляе школьнікаў. Традыцыю не парушылі і сёлета. 

Загадчыца малочна-таварнага комплексу Святлана РОГАВА.

НАСУПРАЦЬ святыні пад шатамі векавых дрэў — карпусы ўчастковай бальніцы, куды завіталі са старшынёю сельвыканкама. Працуюць там два ўрачы агульнай практыкі і два стаматолагі. Персанал заклапочаны рэарганізацыяй установы ў амбулаторыю. Хвалюе гэта і жыхароў аграгарадка. Да раённай бальніцы людзям дабірацца далекавата. У амбулаторыі застаюцца сацыяльныя ложкі для састарэлых і адзінокіх людзей. Замест стацыянарнага лячэння будзе амбулаторнае. 

У рэарганізаваную медустанову прыбылі па накіраванні дзве выпускніцы Гомельскага дзярж- медуніверсітэта. Моладзь папаў- няе калектывы педагогаў у сярэдняй школе, лясніцтва, КСУП “Стрэшынскі”. Выкладаць рускую мову і літаратуру будзе выпускніца Гомельскага дзярж- універсітэта імя Францыска Скарыны Вера Худалей. З дыпломам інжынера-механіка ўзначаліў рамонтную майстэрню выпускнік Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандр Астаповіч. Летам згуляў вяселле, і ад гаспадаркі маладая сям’я атрымала жыллё. 

Кветкі ад вучня Мікіты СТУПЯНЁВА настаўніцы гісторыі Валянціне СТРАТАНОВІЧ.

На трактары МТЗ-82 трамбуе сянажную масу ў траншэях Васіль Грэбнеў, з якім сустрэліся ў абедзенны перапынак. Малады механізатар расказаў, што тэхніка яго вабіла з дзяцінства. Кіраваць трактарам навучыў бацька Сяргей Васільевіч, які і зараз працуе механізатарам на малочна-таварнай ферме. Як не стала маці, бацька пайшоў у прымы, а сыну пакінуў новы катэдж. Жонка Васіля загарэлася пераехаць у сталіцу, а ён не ўяўляе жыццё без роднага Стрэшына. Завёў хатнюю гаспадарку, чацвёра парсючкоў гадуе. І на асноўнай працы спраўляецца. Са сталовай, якою кіруе Ганна Корчык, механізатарам прывозяць абеды. 

Маладымі спецыялістамі папоўнілася бухгалтэрыя гаспадаркі. Пасля заканчэння Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа прыехала працаваць Хрысціна Вярэніч і засталася тут. Завочна завяршае вучобу ў Белдзярж- сельгасакадэміі. Сёлета выпускніца гэтага каледжа Аляксандра Крук таксама папоўніла калектыў бухгалтэрыі гаспадаркі. 

  Фермер Уладзімір МЕЛЬНІКАЎ. 

На малочна-таварным комплексе засвойвае прафесію аператара машыннага даення тутэйшая Хрысціна Марушкевіч, з якою сустрэліся ў даільнай зале. Разам з Наталляй Анюковай, якая пераехала з райцэнтра ў Стрэшын, дояць паўтысячы кароў. Прыглянулася малады жывёлавод Наталля Анюкова слесару Васілю Талашу. Згулялі вяселле. Гаспадарка выдзеліла ім кватэру. 

Больш за 20 катэджаў пабудавана за апошняе дзесяцігоддзе для працаўнікоў сельгаспрадпрыемства. У адзін з іх пераехала з вёскі Шыхава сям’я Святланы Рогавай. Два дзесяцігоддзі яна кіруе малочна-таварным комплексам, з якога штодзённа паступае на перапрацоўку на Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат звыш дзевяці тон малака. Радуюць Святлану Ахмедаўну сёлетнія вытворчыя паказчыкі. У параўнанні з мінулым годам валавая вытворчасць малака перавышае 150 працэнтаў. Выраслі і заробкі жывёлаводаў.

Механізатар Васіль ГРЭБНЕЎ.

ЗАВІТАЛІ мы і да мясцовага фермера Уладзіміра Мельнікава, які разводзіць коней. Ёсць у яго гаспадарцы куры, в’етнамскія свінкі. Адзінока хадзіў па вальеры грацыёзны страус Міцька, а як убачыў гаспадара, ажывіўся і адразу кінуўся да яго. 

На сакавітых травах дняпроўскай поймы пасуцца амаль 40 дойных кароў. Алеся і Яўгенія Патапкавы дояць іх апаратамі. Набылі Мельнікавы спецыяльны халадзільнік. Ёсць і свая лабараторыя, дзе жонка фермера Святлана Яўгенаўна вызначае якасць малака. Кармы для гадаванцаў нарыхтоўваюцца на 36 гектарах зямлі, частку фуражу закупляюць у гаспадарках. 

Побач з фермерскім статкам пасуцца і каровы са стрэшынскіх падворкаў. Старшыня сельвыканкама адзначыў, што пастаянна статак змяншаецца. Засталося ў ім крыху больш за 60 кароў. А зусім нядаўна ў стрэшынскіх гаспадароў налічвалася каля 300 кароў. Старэйшым жыхарам гэты занятак ужо не пад сілу, а маладыя сем’і жывуць сваім укладам. У магазінах малочных прадуктаў на любы густ.

Бібліятэкар Валянціна МІНУЛІНА з юнымі чытачамі.

Спякотны жнівень выпаліў травастой на пашы. Паўтара дзясятка пародзістых коней хадзілі па прасторным загоне. Жонка фермера Святлана Яўгенаўна ўмоўным гукам паклікала іх. Табун тут жа стаў набліжацца да гаспадыні. Толькі сівая кабыла з маленькім жарабём засталіся ў аддаленым кутку. Святлана Яўгенаўна патлумачыла, што чатыры дні таму Саміра прывяла прыплод і пільна асцерагае яго. 

Статныя прыгажуны акружылі Уладзіміра Мельнікава, які расказваў пра радаслоўную кожнага. Гадуюцца пародзістыя арабскія скакуны, коні арлоўскай, галшцінскай парод. Цана на іх высокая, і попыт вялікі. Фермер мае намер гаспадарчую дзейнасць пашыраць. Яго непакоіць, што не стае зямлі для поўнага забеспячэння пагалоўя кармамі. Звярнуўся з пісьмом да кіраўніцтва райвыканкама аб выдзяленні ўгоддзяў і чакае адказу. 

Не пакінулі родныя мясціны сыны Мельнікавых. З сем’ямі жывуць у Стрэшыне. Старэйшы Уладзімір збірае малако ў гаспадароў па вёсках раёна і здае для перапрацоўкі на Жлобінскі малочны завод. А малодшы Юрый таксама займаецца малаказборам у суседнім Буда-Кашалёўскім раёне. 

Па дарозе ад фермераў у цэнтры аграгарадка сустрэліся з Хрысцінай і Вячаславам Чэхавымі. У іх падрастае чацвёра дзяцей. Маладыя бацькі арганізавалі прыватную вытворчасць мяккіх цацак. Дзеці ім дапамагаюць у працы. Сямейны бізнес развіваецца. 

Пра сваю вялікую сям’ю расказала Марыя Баранава, якая загадвае комплексным прыёмным пунктам КБА. Яна з мужам выхавала траіх сваіх і дзевяць прыёмных дзяцей. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы выхаванцы закончылі школу, атрымалі прафесіі. З аўдавелай Марыяй Паўлаўнай засталіся толькі меншыя Ангеліна і Ігар.

Загадчыца сталовай Ганна КОРЧЫК. 

БОЛЬШАСЦЬ жыхароў аграгарадка занята ў сельскай гаспадарцы. Пастаянна абнаўляюцца кадры ва ўстановах адукацыі, лясніцтве, сацыяльна-бытавых службах. Сем гадоў таму ліквідавана прыстань на Дняпры, дзе два дзясяткі чалавек мелі працу. 

— Імкнёмся дапамагаць працаўладкоўвацца жыхарам аграгарадка, ствараць спрыяльныя ўмовы для пражывання, — адзначыў кіраўнік мясцовай улады Аляксандр Александровіч. 

І гэта так. Кожны куточак Стрэшына дагледжаны. Чысціня і парадак пануюць на падворках. Прывабнае пано з адлюстраваннем знакавых пабудоў мястэчка і дняпроўскай поймы ўпрыгожвае высокую сцяну гаража з боку царкоўнага двара. У бібліятэцы захоўваецца летапіс старажытнага паселішча. У Доме культуры створаны музей мінулага побыту жыхароў Прыдняпроўя. У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі працуюць гурткі па інтарэсах. Завершаны рамонт Дома культуры, якім кіруе апантаная сваёй справай Таццяна Асманава. З мужам Ленмарам Лутфіевічам вярнулася на радзіму з далёкага Самарканда. Завочна Таццяна Аляксандраўна завяршае вучобу ў Магілёўскім каледжы мастацтваў. Самадзейныя артысты да Пакроўскага свята рыхтуюць святочную праграму “Паклон табе, наш старажытны Стрэшын”. 

Перад развітаннем з утульным аграгарадком завіталі ў сярэднюю школу, дзе вяліся апошнія прыгатаванні да новага навучальнага года. Намеснік дырэктара Наталля Супянёва паведаміла, што на ўроках працоўнага навучання адноўлена атрыманне старшакласнікамі рабочых прафесій. Дзесяцікласнікі пасля завяршэння навучальнай праграмы атрымаюць пасведчанні ўстаноўленага ўзору аб прысваенні кваліфікацыі прадаўца. У іншых сельскіх школах навучэнцы будуць асвойваць хлебаробскія прафесіі, каб было каму працаваць на зямлі.

Жлобінскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter