Стрэлы на гранiцы

Украiнскiя браканьеры стралялi ў беларускiх пагранiчнiкаў

Украiнскiя браканьеры ўступiлi з беларускiмi пагранiчнiкамi ў рукапашную сутычку

Аб тым, што ў Лельчыцкiм раёне паблiзу мяжы з’явiлiся замежныя паляўнiчыя, беларускiм пагранiчнiкам паведамiлi мясцовыя жыхары. У лес накiравалася мабiльная пагрангрупа. Службовы сабака неўзабаве вывеў ваеннаслужачых да трох незнаёмцаў. Убачыўшы пагранiчнiкаў, браканьеры не толькi не здалi зброю, але i аказалi ўзброенае супрацiўленне: адзiн з iх з адлегласцi каля 200 метраў стрэлiў у бок праследавацеляў з паляўнiчага ружжа. Пасля чаго ўкраiнцы кiнулiся наўцёк у напрамку кардону.

Адчуўшы, што гонка завершыцца затрыманнем, браканьеры пайшлi на хiтрасць. Перадаўшы свае «ствалы» аднаму з троiцы, двое кiнулiся на пагранiчнiкаў з кулакамi. Па словах iнструктара службовых сабак мабiльнай заставы аддзела пагранiчнай службы «Прудок» Сяргея Лузая, абясшкоджванне парушальнiкаў гранiцы было няпростым: адзiн з украiнцаў аказаўся фiзiчна моцным i ваеннаслужачым давялося прымянiць навыкi рукапашнага бою. Пакуль працягвалася затрыманне двух браканьераў, трэцi са зброяй паспеў схавацца на тэрыторыi Украiны. Iнфармацыю аб iм беларускiя ахоўнiкi мяжы перадалi сваiм украiнскiм калегам. Па апошнiх звестках, яго асоба, як i асобы двух затрыманых аднавяскоўцаў уцекача, устаноўлена. У затрыманых браканьераў канфiскаваны патроны, паляўнiчыя нажы i здабытыя трафеi – каля 15 кiлаграмаў мяса забiтай касулi. Цяпер iм давядзецца адказваць адразу па чатырох артыкулах Адмiнiстратыўнага кодэкса нашай краiны: за непадпарадкаванне i супрацiўленне пагранiчнiкам, парушэнне рэжыму гранiцы, незаконнае знаходжанне на тэрыторыi Беларусi i нелегальнае паляванне.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter