Прэзідэнт падводзіў вынікі пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, якое прайшло ў Маскве

Стратэгія рэальнай выгады

Варта нагадаць адну з фраз, якімі Прэзідэнт падводзіў вынікі пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, якое прайшло ў Маскве. Яна асабліва дакладна вызначае як змест праведзенай размовы, так і характар беларуска-расійскага ўзаемадзеяння ў цэлым: “У гэтай складанай сітуацыі мы ведаем, што рабіць, і дамовіліся, што з яе будзем выходзіць разам, як і належыць брацкім народам”. Сутнасць гэтага ведання заключаецца ў зацверджаных у Крамлі дакументах. 


Гэта прыярытэтныя напрамкі і першачарговыя задачы далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2017 года — з аднаго боку. План мерапрыемстваў урадаў дзвюх краін па ўдасканаленні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння — з другога. Гэта значыць, у нашых дзвюх краін ёсць дакладная адзіная антыкрызісная стратэгія, прытрымліваючыся якой мы імкнёмся звесці да мінімуму негатыўныя наступствы глабальных узрушэнняў.

Чаму сёння так важна мець агульны план дзеянняў? Так, зразумела, супрацьстаяць сусветнаму крызісу ў адзіночку складана нават буйным краінам. Але гэта, так сказаць, лірыка. А канкрэтыка заключаецца ў тым, што беларуская і расійская эканомікі настолькі цесна пераплеценыя паміж сабою, што работа ўразнабой тут ужо немагчымая. А калі спрабаваць яе так весці, то нічога, акрамя пагаршэння сітуацыі, чакаць не прыйдзецца. Паглядзім на некаторыя лічбы. Удзельная вага Расіі ў нашым знешнегандлёвым абароце крыху меншая за 49 працэнтаў. Вядома, гэта ўжо не чатыры пятыя, як было яшчэ адносна нядаўна. Работа па дыверсіфікацыі экспарту, як відаць, пэўныя вынікі дала. Але застаецца дадзенасцю і тое, што ўсходні гандлёвы вектар для нас асноўны. Зрэшты, і для Расіі наша краіна ў ліку асноўных гандлёвых партнёраў. Паколькі Беларусь тут цвёрда ўтрымлівае пятую пазіцыю, саступаючы толькі Кітаю, Нідэрландам, Германіі ды Італіі. І такая ўзаемная сімпатыя тлумачыць узаемную зацікаўленасць у тым, каб гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне і далей дынамічна развівалася.

Якія мэты перад сабою ставіць сумесная антыкрызісная стратэгія? Перш за ўсё належыць максімальна аблегчыць узаемны доступ на рынкі дзвюх краін прадукцыі і паслуг прадпрыемстваў Беларусі і Расіі. Будзем шчырыя, у апошнія месяцы, асабліва пад заслону мінулага года, там было нямала праблем. Так, мы разумеем усю складанасць сітуацыі, у якой сёння знаходзіцца Расійская Федэрацыя. Знаёмая нам не па чутках праблема санкцый цяпер актуальная і для нашых 
партнёраў. Аднак, відавочна, гэты фактар не павінен адбівацца на двухбаковым узаемадзеянні. Патрэбныя нам і адзіныя падыходы да ацэнкі якасці і бяспекі прадукцыі. Бо калі такія пытанні апускаюцца на ўзровень вольных ведамасных трактовак, праблем, як паказвае практыка, не пазбегнуць.

Трэба меркаваць, усе гэтыя тонкія нюансы будуць улічаныя пры рэалізацыі сумеснага плана ўрадаў дзвюх дзяржаў. Знайшлося ў ім месца і для яшчэ аднаго важнага моманту. Бакі дамовіліся аб пашырэнні доступу суб’ектаў гаспадарання да ўдзелу ў пастаўках прадукцыі і паслуг для дзяржаўных патрэб. Гэта вельмі эфектыўны стымулюючы інструмент. Гарантавана аплачаны попыт на тавары, якія з прычыны неспрыяльнай кан’юнктуры сёння з цяжкасцю прасоўваюцца на рынкі трэціх краін.

Яшчэ адзін важны складнік — нарошчванне інвестыцыйнага ўзаема-дзеяння. Яно ідзе па нарастаючай, і гэтую тэндэнцыю неабходна развіваць. Характэрна, што з улікам памераў эканомік дзвюх краін мы тут — узаемна значныя партнёры. Пра гэта красамоўна гавораць лічбы. Летась у Беларусь паступіла 6,26 мільярда долараў расійскіх інвестыцый. А ў зваротным напрамку прайшло 2,25 мільярда долараў. Вельмі салідны баланс.

На гэтым, мабыць, пакуль спынюся. Няма сэнсу пералічваць сферы, супрацоўніцтва ў якіх уяўляе ўзаемную цікавасць. Больш за тое, напэўна, няма напрамкаў, на якіх бы мы не ўзаема-дзейнічалі. Больш важна іншае: Беларусь і Расія лічаць адзін аднаго ўзаемна каштоўнымі партнёрамі. Яркі штрых да такога меркавання — уручэнне Уладзімірам Пуціным Аляксандру Лукашэнку ордэна Аляксандра Неўскага. Гэтай высокай узнагароды ўдастойваюцца людзі, якія садзейнічаюць сацыяльна-эканамічнаму развіццю Расіі. Узаемадзеянне дзвюх краін ідзе на карысць абодвум народам. Яшчэ большая канцэнтрацыя намаганняў на гэтым напрамку ў крызісны перыяд надзвычай важная. І, несумненна, прынясе новыя выгады.

Дзмітрый Крат
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter