Сто васемнаццатая вясна бабулi Ганны

Самая старэйшая жыхарка краiны жыве ў Маладзечне Бабуля Ганна павольна паходжвала па дварышчы дыхтоўнага цаглянага дома. — Кажы гучней, чую я дрэнна, — адказала на маё прывiтанне. I тут жа з гонарам прызналася, што за ўсё сваё доўгае жыццё “нi разочку ў бальнiцах не ляжала”.

Гэта i маладзечанскiя медыкi пацвердзiлi — у 1996 годзе, калi прызначалi бабулi групу iнвалiднасцi, здзiвiлiся нават. У амбулаторнай картцы пацыенткi, якой на той час было 107 гадоў,  запiсаў не было. 
Жыццё ж пражыла Ганна Паўлаўна Рагель сапраўды доўгае. 4 лiпеня гэтага года бабулi спаўняецца 118 гадоў, i яна з гонарам кажа, што дажыве не толькi да гэтай даты, але i да свайго 120-годдзя.
Бо i зараз на здароўе не скардзiцца, хiба чуе дрэнна ды ногi не так шпарка бегаюць, як раней. У любое надвор’е, абапiраючыся на кiёчак, выходзiць з дому  i прагульваецца па дварышчы. Праўда, калi на рабоце малодшая дачка Люба, якая працуе ў бальнiцы санiтаркай, то бабуля на прагулкi не адважваецца. З дачкой Ганна Паўлаўна, жыве нядаўна, пятнаццаць гадоў.
— То вы, напэўна, да нас учора прыходзiлi, —  выходзiць з гаспадарчага двара мне насустрач Любоў Аляксандраўна, яўна стомленая шматлiкiмi вiзiтамi i павышанай увагай да яе мацi.
— Ды не, то ж была другая жанчынка, — прыжмурыўшы вочы i разгледзеўшы мяне, адразу прызнала доўгажыхарка.
Дачка таксама пацвердзiла: мацi адчувае сябе добра, i думкi ў яе ясныя, не блытае нi даты, нi падзеi.
Калi тры вайны перажыла, чаму ж мне  зараз не жыць, — па-філасофску разважае Ганна Паўлаўна.
Першую сусветную яна сустрэла ў роднай вёсцы Белыя на Маладзечаншчыне. Памятае, што ў сям’i падрасталi чацвёра дзяцей, толькi вось iмены сясцёр i брата яна забылася ўжо. Сасваталi яе за аднавяскоўца. Муж на два гады старэйшым быў, таксама 93 гады пражыў, памёр у 1980 годзе.
Свой  першы дом Рагелi будавалi ў вёсцы Дубiна Баярская Валожынскага раёна.
Аляксандр Рагель кавалём быў адмысловым, а жонка прызвычаiлася дапамагаць яму.
— Вы не глядзiце, што я зараз сiлы не маю, а змоладу нават кавальскi молат мне цяжкiм не здаваўся. — Бабуля паказвае спрацаваныя рукі, якiя ўчэпiста трымаюць кiёчак.
Вялiкая Айчынная вайна да гэтага часу ў памяцi доўгажыхаркi. Памятае,  як наляцелi аднойчы самалёты i сталi бамбiць вёску.  Усе жыхары пабеглi хаваццца ў лясок. Калi вярнулiся, шмат хацiн парушана было. Рагелi таксама доўга жылi ў зямлянцы, а новае жытло пабудавалi ўжо пасля вайны.
Ганна Паўлаўна займалася кавальскай справай, пасля працавала паляводам у калгасе. На пенсiю пайшла толькi ў 1965 годзе, маючы 76 гадоў.
— А што было рабiць, калi дзяцей чацвёра, усiх патрэбна было на ногi падняць.
Але i на пенсii бабуля Ганна не сядзела без справы. Разам з мужам трымалi немалую вясковую гаспадарку — карову, свiней, курэй. Калi памёр яе Аляксандр, ад гаспадаркi таксама не адмовiлася, хоць мела тады ўжо дзевяноста адзiн год веку. I толькi калi век зжыла i на другi павярнула, згадзiлася пераехаць да дачкi. Было тады бабулi Ганне 106 гадоў.
Тут бабулi добра, бо дачка Любачка даглядае, песцiць яе, бы малую. Спецыяльна трымае коз, бо матуля любiць казiнае малачко.  Каб не холадна было Ганне Паўлаўне, Любоў Аляксандраўна спецыяльна заказала вокны з еўрапакетамi. Для ацяплення газ падвялi, каб з дрывамi не вазiцца.
Спецыялiсты ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельнiцтва Маладзечанскага райвыканкама, якiя даволi часта наведваюць доўгажыхарку, лiчаць, што яе паважаны ўзрост — рэдкая з’ява не толькi  ў Беларусi, але i на ўсёй планеце. Таму ўсур’ез заклапочаны тым, каб занесцi прозвiшча зямлячкi ў Кнiгу рэкордаў Гiнеса. Спрабуюць знайсцi архiўныя дакументы, якiя пацвярджаюць яе ўзрост. Крыху бянтэжыць дата нараджэння малодшай дачкi Любовi. Яна нарадзiлася ў 1949 годзе,  а Ганне Рагель к таму часу споўнiлася ўжо 60 гадоў. Можа, блытанiна з дакументамi?
Сама Ганна Паўлаўна так не лiчыць, бо даволi дакладна называе падзеi, якiя адбывалiся ў iх вёсцы напрыканцы пазамiнулага стагоддзя, памятае, што iшла замуж яшчэ да рэвалюцыi.
I ў  пашпарце дакладна пазначана дата нараджэння — 4 лiпеня 1889 года. Пашпарт Ганне Паўлаўне выдадзены ў 1979 годзе. Новы не атрымлiвае, бо фатаграфавацца не жадае. Адмовiлася сфатаграфавацца і для нашай газеты:
— Iдзiце маладзейшых здымайце, прыгажэйшых, — адказвалi разам з дачкой. Увогуле, фотаздымкаў  Ганны Паўлаўны ў сямейным архiве няшмат.
— У вёсцы калi i дзе было фатаграфавацца, — тлумачыць яна мне.
Калi шукала сваю гераiню па завулках Маладзечна, уяўляла, што хата яе, як i сама гаспадыня, утрымлiвае шмат  згадак пра гiстарычныя падзеi. Аказалася, зусiм наадварот — высокi цагляны дом з шырокiмi аканiцамi i сучаснай мэбляй, з гарадскiмi выгодамi i адначасова з гародчыкам пад вокнамi. Бабулi Ганне падабаецца — амаль як у вёсцы, схаваны ад ажыўленых гарадскiх вулiц завулачак рэдка непакояць аўтамабiлi.
На развiтанне я пажадала Ганне Паўлаўне Рагель здароўя.
Ведаеце, што пачула ў адказ?
— Дзякаваць Богу, пакуль не скарджуся.


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter