Сто слоў пра жыццё і каханне

У камернай зале Вялікага тэатра заўтра зноў прагучыць монаспектакль «Сто слоў пра каханне»
У камернай зале Вялікага тэатра заўтра зноў прагучыць монаспектакль «Сто слоў пра каханне». Песні і раман­сы кампазітара Леаніда Захлеў­нага на вершы паэта Леаніда Пранчака выканае салістка оперы Алена Сало. Некаторыя прафесіяналы гавораць, што ў яе не проста цудоўны голас, а яшчэ і ўнікальны пеўчы дар: яе выкананне камернай музыкі вельмі інтымнае, а значыць, даступнае, блізкае, зразумелае ўсім і кожнаму. Ці не ў гэтым прычына пастаянных аншлагаў на такіх яе канцэртах? Не стане выключэннем і заў­трашні вечар. Усе квіткі даўно прададзеныя. І гэта пры тым, што пра каханне напісана, спета, знята, пастаўлена велізарная колькасць твораў.


Алена САЛО ў ролі Кашчэеўны з оперы М. Рымскага-Корсакава «Кашчэй Бессмяротны».

— Алена, «Сто слоў пра каханне» вы спявалі не раз, у Малой зале філармоніі і ў тэатры. Хутка гэтаму тэматычнаму цыклу споўніцца 10 гадоў. І ўвесь час яго суправаджае поспех. У чым сакрэт сцэнічнага даўгалецця праграмы?

— Проста яна — шэдэўр. Паверце, я не з тых, хто кідае словы на вецер, і наогул рэдка кажу гэтае слова, але ў дачыненні да «Ста слоў пра каханне» — менавіта так. Вельмі ўдалая праца аўтараў. Выконваючы іх творы я не перастаю здзіўляцца глыбіні паэтычнага слова і разнастайнасці музычнай палітры. Вось у нас, бывае, скардзяцца спевакі, маўляў, нічога не пішуць, няма дзе рэпертуар браць. Я не згодная: ёсць выдатныя сучасныя творы, якія не сорамна паказаць і ўсяму свету. Цыкл «Сто слоў пра каханне» з іх ліку. І мне прыемна зноў яго праспяваць. Такая музыка павінна гучаць.

— Творчая садружнасць з Леанідам Захлеўным, на­пэўна, невыпадковая. Вы пачыналі як народніца, муз­вучылішча заканчвалі па класе акардэона. Ён — заснавальнік і мастацкі кіраўнік ансамбля народнай музыкі «Бяседа».

— Магчыма, гэта неяк аб`яд­ноўвае. Але, ведаеце, вось звычайна кампазітара пазнаеш па стылі, а ў гэтым цыкле Захлеўны зусім іншы, розны, і гэтыя яго творы асаблівыя, яны падобныя і на рамансы, і на песні.

— Чула, некаторыя напісаны менавіта для вас.

— Так. І сёй-той нават бачыць у гэтым таемны сэнс, маўляў, ці не ад вялікага кахання? Напэўна, каб падобных падазрэнняў не ўзнікала, Леанід Канстанцінавіч не захацеў напісаць музыку яшчэ да аднаго верша, які мне вельмі падабаецца. У Леаніда Пранчака ёсць такія радкі: «Вы сыграйте мне, маэстро, вы сыграйте, бога ради, / Ваша музыка прекрасна, вдохновенна и чиста. / Все мотивы ваших песен знаю я не из тетради. / Вы их пишете на сердце вместо нотного листа».

— Амаль як у Пугачовай і Паўлса ў песні «Маэстра».

— Напэўна, з-за такіх асацыяцый ён і не хоча.

— А выдатную рамантычную гісторыю для піяру можна было б прыдумаць.

— Тым не менш наша гісторыя зусім іншая. Калісьці з песняй Леаніда Захлеўнага «З днём нара­джэння, Перамога!» мяне запрасілі на ўрачысты канцэрт у Вялікі тэатр у Маскву. Яна гучала ў фінале, прайшла на ўра. І ён стаў даваць выконваць мне гімны — то гораду Светлагорску, то беларускім жанчынам. З году ў год. Урэшце я так ад іх стамілася, так захацелася чагосьці лірычнага. Гады з тры, сустракаючыся на канцэртах, пыталася: калі ж вы мне хоць адзін рамансік напішаце? І раптам ён сам неяк прыходзіць да мяне з рамансам «Анёл-захавальнік». Я паглядзела і ахнула: гэта ж пра мяне, адкуль ён даведаўся, бы падгледзеў, неверагодна. З таго ўсё і пачалося. Услед з`явіўся другі раманс, трэці, так цэлая канцэртная праграма і атрымалася.

— І якія ж у ёй гісторыі кахання?

— Кранальныя. Пяшчотныя. Сумныя. Шчырыя. Дарэчы, «Сто слоў пра каханне» — назва не выпадковая. Як тлумачыў мне Леанід Пранчак, лічыцца, што ў геніяльным вершы пра каханне павінна быць не больш за сто слоў. Так што цыкл гаворыць пра гэта пачуццё ўзнёсла. Але гісторыі вельмі розныя: то Ён нашмат маладзейшы за Яе, то Яна адна з дзіцем, то расчараванне, што Ён не заўважае, то адчуванне шчасця, бо каханы побач... Словам, усё як у жыцці.

— Гавораць, жанчыны плачуць, слухаючы.

— Не без гэтага, пазнаюць кожная сваё. Неяк на канцэрт прыйшла мая былая аднакурсніца. Потым тэлефанавала, дзякавала, але, сказала, папярэджваць трэба публіку, каб насоўкамі запасліся, бо і сама вельмі расчулілася. А аднойчы жанчына з залы пасля праграмы да мяне падышла і спытала: «Няўжо вам усё гэта давялося перажыць?»

— Думаю, гэта пацвярджае вашу пераканаўчасць не толькі як спявачкі, але і актрысы. З-за таго поспехам карыстаецца і ваш канцэртны цыкл «Партрэты», прысвечаны выдатным асобам свету музыкі, калі вы выходзіце на сцэну ў вобразах Ізабэлы Юр`евай, Клаўдзіі Шульжэнка, Эдыт Піяф. Дарэчы, колькі партрэтаў ужо створана?

— Да тых, што вы назвалі, можна дадаць Маю Крысталінскую і Эдыт Уцёсаву, а сёлета будзе яшчэ і Алена Абразцова.

— Не баіцеся параўнанняў з Прымадоннай?

— Я нават не спрабую параўнацца — гэта вышыня. Наогул, пры ўсім тым, што ёсць у гэтых маіх праграмах нешта ад тэлешоў «Адзін у адзін», я не стаўлю задачу дамагчыся поўнага знешняга падабенства, манеры выканання, стылю абранага артыста. Я хачу перадаць дух, адчуванне часу, паказаць тыя адметныя рысы, якія калісьці зрабілі гэтых людзей вядомымі і любімымі, успомніць іх рэпертуар. А ведаеце, з Абразцовай я некалі выступала ў Маскве на вечары рамансаў у зале Чайкоўскага. Памятаю, пасля канцэрта падышла да яе. Яна — высокая, прыгожая. Нясмела спытала дазволу з ёй сфатаграфавацца. Яна глянула: «Гэта ты зараз спявала?» Адказваю: «Я». Яна ўсміхнулася: «Добрая дзяўчынка. Хадзем сфатаграфуемся».

— У адным з інтэрв`ю вы назвалі сябе ўсяеднай спявачкай. Якая яшчэ музыка, вядома, акрамя бязмежна любімай вамі оперы, прыцягвае?

— Я не ведаю, што і калі мяне прыцягне, ідэі ўспыхваюць, як вандроўныя агні. Вось у лістападзе будзе вечар танга, дзе я буду спяваць і танцаваць. У снежні — канцэрт «Што ў імені табе маім» з песнямі, прысвечанымі розным імёнам лю­дзей, і з размовай з публікай у зале. А не так даўно ў Амерыцы выконвала духоўныя песні на іўрыце. Для мяне гэта было спачатку дзіўна, а потым так спадабалася! Вырашыла нават зрабіць у сакавіку канцэртную праграму яўрэйскай музыкі.

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter