«Сто гадоў: як ад печы да парога», –

ЛЯХАВІЦКАЯ вёска Літва-Дарава выклікала цікавасць да сябе тым, што тут яшчэ зусім нядаўна пражывалі больш за дзесяць стогадовых жыхароў. Самаму старэйшаму, Сцяпану Бубену, ішоў сто адзінаццаты год. І што цікава, усе яны жылі побач, нічым асаблівым сваё жыццё не вызначалі. Працавалі на зямлі, па святах наведвалі мясцовы касцёл, што ўзвышаецца на высокім пагорку. Тое, што лёс падараваў кожнаму з іх стагоддзе жыцця, лічылі звычайнай справай. УВОГУЛЕ, у Беларусі зараз звыш 550 чалавек перайшлі стогадовы рубеж. Пераважная большасць — жанчыны. Па колькасці доўгажыхароў лідзіруе Гродзенская вобласць, дзе толькі ў Ваўкавыскім раёне дваццаць чалавек адлічваюць другі век. Сто адзінаццатую восень сустракае Марыя Пятроўна Галаўко з вёскі Дараўляны. На дзесяць гадоў маладзейшая Леанарда Іванаўна Марка з Мачуліна. Яе драўляная хата некалі была на вясковай ваколіцы, а цяпер яе з усіх бакоў акружаюць падворкі суседзяў. Побач жывуць яшчэ дзве амаль стогадовыя сялянкі: Вэрця Мялешка і Надзея Максімовіч. У чым жа сакрэт такога даўгалецця? Дамовіліся па тэлефоне аб сустрэчы з Леанардай Іванаўнай МАРКА. Дзесяць кіламетраў ад Ваўкавыска да Мачуліна аўтобус праімчаў хутка. Дабрацца ў вёску можна і цягнікамі, што кіруюцца на Гродна. Размешчанае на палогім узгорку Мачуліна — былы цэнтр некалі эканамічна моцнага калгаса «Бальшавік». Двухпавярховы будынак канторы, што насупраць дома доўгажыхаркі, пустуе. Калгас далучылі да суседняй гаспадаркі.

лічыць ваўкавыская доўгажыхарка Леанарда Марка

ЛЯХАВІЦКАЯ вёска Літва-Дарава выклікала цікавасць да сябе тым, што тут яшчэ зусім нядаўна пражывалі больш за дзесяць стогадовых жыхароў. Самаму старэйшаму, Сцяпану Бубену, ішоў сто адзінаццаты год. І што цікава, усе яны жылі побач, нічым асаблівым сваё жыццё не вызначалі. Працавалі на зямлі, па святах наведвалі мясцовы касцёл, што ўзвышаецца на высокім пагорку. Тое, што лёс падараваў кожнаму з іх стагоддзе жыцця, лічылі звычайнай справай. УВОГУЛЕ, у Беларусі зараз звыш 550 чалавек перайшлі стогадовы рубеж. Пераважная большасць — жанчыны. Па колькасці доўгажыхароў лідзіруе Гродзенская вобласць, дзе толькі ў Ваўкавыскім раёне дваццаць чалавек адлічваюць другі век. Сто адзінаццатую восень сустракае Марыя Пятроўна Галаўко з вёскі Дараўляны. На дзесяць гадоў маладзейшая Леанарда Іванаўна Марка з Мачуліна. Яе драўляная хата некалі была на вясковай ваколіцы, а цяпер яе з усіх бакоў акружаюць падворкі суседзяў. Побач жывуць яшчэ дзве амаль стогадовыя сялянкі: Вэрця Мялешка і Надзея Максімовіч. У чым жа сакрэт такога даўгалецця? Дамовіліся па тэлефоне аб сустрэчы з Леанардай Іванаўнай МАРКА. Дзесяць кіламетраў ад Ваўкавыска да Мачуліна аўтобус праімчаў хутка. Дабрацца ў вёску можна і цягнікамі, што кіруюцца на Гродна. Размешчанае на палогім узгорку Мачуліна — былы цэнтр некалі эканамічна моцнага калгаса «Бальшавік». Двухпавярховы будынак канторы, што насупраць дома доўгажыхаркі, пустуе. Калгас далучылі да суседняй гаспадаркі.

— Дзякуй Богу, што пошту не закрылі, — пачуў я ад дачкі Леанарды Іванаўны, пенсіянеркі Дануты Вацлаваўны, што сустрэла мяне на парозе прыземістай драўлянай хаты, акружанай старым яблыневым садам. Студня перад сенцамі і невялікі хлеўчык падаліся мне мініяцюрнымі на прасторным падворку, парослым высокай травой. Праз сенцы і шырокую кухню з акном каля печы праходзім у вялікі светлы пакой. Канапа, шафа, некалькі ложкаў, стол, крэслы і абразы пад вышытымі ручнікамі ў чырвоным куце — усё як у звычайнай вясковай хаце.

Вітаюся з Леанардай Іванаўнай.

— З дачкой Данусяй і ўнукам Славікам жывем тут, — зычным голасам распавядае стогадовая гаспадыня. — Калі той век праляцеў, і не заўважыла. Як быццам толькі і ступіла ад печы і да парога. Нават і замужам не нажылася. Муж харошы быў, шанаваў мяне. Траіх дзетак з ім выхавалі. Рана яго не стала. Цяпер толькі я і дачка Дануся засталіся. А нядаўна і яе сын Славік перайшоў да нас жыць. Утраіх весялей.

— Ці думалі вы, што пражывяце сто гадоў?

— Ніколі і не задумвалася пра гэта. Жыла, як усе на вёсцы: былі і шчаслівыя моманты, і гора не абмінала. Усяго давялося перанесці. Ніколі не рвалася наперад, старалася быць сумленнай і несла веру ў сэрцы. Як кажуць, дзякуй Богу і за жалобу, і за радасць.

— А што больш помніцца, добрае ці — наадварот?

— О, хіба гора можна забыць. Яно з табою назаўжды. А радасць, як птушка — мільгане і знікне. Толькі і бачыў. Ці магу я забыць, як развітвалася назаўсёды з мужам. Такім маладым пайшоў у нябыт. Сумленны, шчыры быў. Такога ніколі больш у жыцці не сустракала. Напэўна, ён і быў той самы наканаваны мне нябёсамі.

— А як вы лічыце, за што вам падараваны доўгі век?

— Я і сама часам над гэтым думаю і не магу нічога знайсці для адказу. Век доўгі, але не надта шчаслівы. І не магу сказаць, што дрэнны. Які атрымаўся — і добра. Вось мае тры сястры маладзейшыя за мяне, а пражылі менш. І яшчэ брат быў, усяго пяцёра дзяцей. Так здарылася, што дзве сястры ў адзін дзень памерлі. Толькі некалькі гадзін розніцы. Разам іх і пахавалі. А мне выпала ўсіх родных перажыць. Часам задумваюся над тым, што нарадзілася я 13 лютага 1913 года. Мо ў гэтым і ёсць нейкая таямнічасць майго даўгалецця.

— Сёлета ў нашым доме адны юбілеі, — ажывіла размову дачка Дануся Вацлаваўна. — Пачалі з мамінага стагоддзя ў лютым, а хутка будзе паўвека майму сыну Славіку. І мне ў верасні — семдзесят.

— Тут некалі жылі вашы дзяды, прадзеды, ад якіх вам перадалася спадчына. Тут будучым пакаленням працягваць вашу справу.

— А як жа. Вось у гэтым доме выраслі мае дзеці, цяпер унук тут з намі. Без працы на вёсцы не пражывеш. Так мяне бацькі вучылі, і я сваіх дзяцей вучыла жыць прыстойна. Мы дзяцей сваіх з мужам шкадавалі, але прывучалі з малых гадоў да працы. Ніколі мае дзеці не былі без занятку. І мне, як памятаю сябе, мо гадкоў шэсць было, татко нас з малодшай сястрой адвязе конікам на поле, сам збожжа сее, а мы барануем. А барана цяжкая, за дзень так нацягаешся, што дахаты ледзь ідзеш. А пераступіш парог — хутчэй упадзеш і спіш.

— Увесь дзень працавалі ў полі без абеду?

— Што маці наварыць, тое і неслі ў гарнушачках. З вясны, як сеем збажыну і барануем, то якога бацвіння запарыць ці куцці з фасоллю. Хлеба загорнем у ручнічок, ды збаночак вады са студні возьмем. Каля нашага поля не было паблізу крынічак, то мы з вадой абыходзіліся ашчадна, каб на ўвесь дзень хапіла. Зямлі ў нас было пятнаццаць гектараў.

— Яна ў спадчыну дасталася?

— Так, гэта з татавага зажытачнага роду. Маці сіратою вырасла і пасагу асаблівага не мела. Затое была ўвішная і прыгожая. А татко быў дбайны гаспадар. Конь яго заўжды ласніўся ад добрага догляду. Гэтым конем людзям зямлю аралі, і за гэта аддзячвалі нам, дапамагалі на жніве. І мы з сёстрамі жалі. Малыя былі і добра яшчэ не ўмелі серп у руках трымаць, то бывала, што не жалі, а рвалі жыта. Маці прасіла, каб ніжэй да зямлі жалі. Мы нажнём, а татко прыйдзе і ў снапы павяжа. Шкадаваў нас.

— А што тады вы, акрамя збажыны, вырошчвалі?

— Жыта, пшаніцу, ячмень, авёс сеялі. Саджалі бульбу толькі для сваіх патрэб, нікому не прадавалі. Яшчэ лён, грэчку, проса сеялі.

— Клопату хапала, трэба было ўсё самім апрацаваць, сабраць ураджай і захаваць яго. Якая работа была для вас самай любімай?

— Мне любая сялянская праца ніколі не была ў цяжар. З лёгкасцю бралася за ўсё. Але найбольш любіла поле, як вясной першае цяпло прыпарыць зямлю, зазвіняць жаўрукі ў небе і глеба быццам дыхае. Нават і цяпер тое не забываю. Люблю яшчэ, калі жыта красуе, наліваецца колас. А як хораша глядзець на спелую збажыну. З малых гадоў пасвіла статак. Каровы сабе хрумкаюць траву, а я за імі іду і мару пра сваё. Бывала так захаплялася, што і вечар наставаў, статак сам дамоў паварочваў. А вось каля печы ў хаце круціцца не надта любіла. Але ж трэба было.

— А калі выдаваўся вольны час, чым яго займалі?

— У нас вёска вялікая была, моладзі многа. Ніхто ж нікуды не ехаў, толькі некаторыя хадзілі на працу на цэментны завод, што і зараз побач з нашым Мачуліна. Там заробкі былі неблагія, але надта цяжкая праца. Не тое, што сёння — усё аўтаматызавана. Ды і на зямлі не лягчэй было працаваць. Усё даводзілася рабіць рукамі. За дзень так стомімся, але ж як увечары пачуем музыкаў, то дзе тая стома і дзенецца. Летам на мурагу скакалі басанож, а зімою ў хаце газовачку запалім і гуляем да ночы. І нават старэйшыя прыходзілі паскакаць. Іншай забавы на вёсцы не было. А як заканчвалі жніво ў мясцовага пана, то ён ладзіў дажынкі. Вось як зараз. Яны ж з тых даўніх часоў. Наш пан частаваў усіх занятых на жніве шчодра і плаціў няблага. На дажынкі наймаў музыкаў.

А ў святы ці ў нядзелю хадзілі да касцёла Святой Тройцы ў Рось. Маці яек адварыць, хлеба завярне ў хусцінку, каб пасля службы па дарозе дамоў перакусілі. Да самага касцёла ішлі босыя, а там ужо абуваліся ў вязаныя з воўны чаравікі. Маці сама нам іх вязала. Да касцёла апраналі лепшае адзенне, а вярнуўшыся — святочнае здымалі і зноў акуратна складалі ў куфар. 

— А кавалераў сабе выбіралі самі?

— Яны нас выбіралі. Нас было чатыры нявесты ў хаце, то бацькі непакоіліся, каб не засталіся ў дзеўках.

— А ці хацелі бацькі, каб вы вучыліся?

— У нашай вёсцы была чатырохгадовая польская школа. А каб далей вучыцца, трэба было мець добрыя грошы. Таму наша навука на тым і заканчвалася.

— Што больш помніцца?

— Калі ўсё ўзгадаць і параўнаць, то, мусіць, вайна. Лета, жыта красавала, бульба на полі цвіла — і тут раптам у нашу вёску на матацыклах нямецкія салдаты ўварваліся. Нешта па-свойму гергечуць, крычаць, а мы не разумеем. Бацька нам загадваў менш трапляць ім на вочы. Пайшлі чуткі, што маладых на працу ў Нямеччыну будуць пасылаць. А наш сусед быў солтысам у немцаў і падказаў, што рабіць, каб не трапіць туды. Татко наш слабы ўжо быў, і мы зімою ад калодкі не адыходзілі, секлі дровы. Неяк да нас прыйшла з-пад Зэльвы маміна сястра і параіла мне ісці вучыцца на краўчыху да яе суседкі. Некалькі месяцаў я вучылася. Мяне заўважыў сусед цёткі — халасцяк. Ён мяне і ўсватаў. А было гэта напрыканцы лета другога года вайны. Вяселле прызначылі на восень, на каталіцкае свята Багача.

— Вайна і вяселле…

— Так вось выйшла. Калі немцы даведаліся пра наша вяселле, загадалі вокны ў хаце, дзе будзем гуляць, наглуха закрыць. Пры свечках частавалі гасцей.

— А шмат было запрошана?

— Самыя блізкія родныя з боку жаніха і мая радня блізкая. Ды яшчэ дружкі з абодвух бакоў. Вянчаліся ў нашым касцёле Святой Тройцы.

— Вы былі ў шлюбным строі?

— Сама я пашыла белую сукенку, а вэлюм пазычыла. Пасля вянчання нас фатограф зняў на партрэт. Вось і цяпер у рамцы на сцяне трымаю. Быццам учора ўсё было.

— І музыкі былі?

— А як жа. Скрыпка, гармонік і бубен. За хатай на грудку толькі сталі скакаць, а тут самалёты наляцелі — і мы ўсе хавацца хутчэй. Вось такое вяселле. Пад вечар пагрузілі мой пасаг з куфрам і паехалі да жаніха. Там яшчэ за стол селі. А назаўтра я ўжо  засталася там гаспадарыць. Мяне свякроў добра прыняла. У іх карова была, але я яе не даіла. Шкадавалі мяне. Мне бацькі набылі дарагую па тым часе швейную машынку «Зінгер». І ў вайну, і пасля людзі прыходзілі з заказамі на шыццё. Так што мы заўжды былі з хлебам. Пасля вызвалення вырашылі свой дом збудаваць. Збіралі капейку да капейкі, і неяк склалі зруб. Перавезлі яго ў Мачуліна. Нам на самым краю выдзелілі зямлю, і мы там збудаваліся.

— А чаму не засталіся жыць на радзіме мужа?

— Там у іх з вадою было дрэнна. Адна студня вельмі-вельмі глыбокая на ўсю вёску. Сорак адна бочачка ў зямлю была ўкапана і толькі з ночы набярэш вады, бо ўдзень усім той вады не хапала. Калі, звычайна перад Вялікаднем, хочаш хату пабяліць, то трэба ноч не спаць і вадой запасацца. А каля нашага Мачуліна рэчка Рось цячэ, мясціны прыгожыя. І я пераканала мужа пераехаць.

— А дзе вы тут працавалі?

— Муж ў калгасе быў брыгадзірам, а я пайшла ў паляводы. Палолі з жанчынамі бульбу, лён, збожжавыя. Праца была розная, і ніякай я не цуралася. Была ахвота, хаця што мы тады зараблялі. Па жменьцы збожжа на працадзень, ды і то толькі ў канцы года. Але ж неяк жылі. Дзяцей расцілі, радаваліся кожнаму новаму дню. Я ніколі нікому не зайздросціла. Гэтую хаціну з мужам збудавалі, у ёй свой век і пражыла. Скажу шчыра, у нашым Мачуліна ў некаторых жаданне — паболей усяго мець. У мяне такога няма і ніколі не было. Яшчэ бацькі вучылі жыць па сродках, у вялікае не ўбівацца. Гэтага і трымаюся і дзецям, унукам наказваю. Галоўнае багацце чалавека — здароў’е. А яго ні за якія грошы не купіш. Ніколі я так асабліва на здароўе не скардзілася. А цяпер вымушана вось з кавенькай хадзіць.

— І як даўно сталі ёй карыстацца?

— Гадоў дзесяць таму. Ногі вельмі стомленыя, столькі выхадзілі за век.

— А агарод каля хаты ўжо не саджаеце?

— Толькі сад. І соткі пад бульбу на полі. Добра тое, што заплацім у гаспадарку — і нам, пенсіянерам, пасадзяць бульбу, апрацуюць і выкапаюць. Толькі ўраджай дамоў забірай.

— А што вам часцей за ўсё сніцца?

— Вось прыснілася, што на белай машыне еду. Я падумала, што нейкая навіна будзе. І тут вы раптам з’явіліся.

— А маладыя гады не сняцца?

— Не сняцца. Даўно тая маладосць была, аж на пачатку мінулага веку.

— А пра што марыцца ў сто гадоў?

— Прашу Бога, каб годна прадстаць перад ім. Мару пра крылы, каб узняцца да нябёс.

— Якую пару года вы любіце больш за ўсё?

— Люблю цёплыя дні, калі ўсё красуе. Асабліва вясной, да Тройцы, як усё абуджаецца і навокал так прыгожа. Кожная кветачка стараецца дацягнуцца да сонечных промняў і ўсё на вачах мяняецца. Гэта мой самы любімы і самы радасны час, калі мы ўсёй вёскай рыхтуемся да касцёла, нясем туды зеляніну і ўпрыгожваем касцёл. Дай Бог, дачакацца яшчэ адной Тройцы.

Ваўкавыскі раён

Фота аўтара

Уладзімір СУБАТ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter