Мінулы год стаў у Беларусі рэкордным па колькасці нованароджаных дзяцей

Статыстыка стварае настрой

Мінулы год стаў у Беларусі рэкордным па колькасці нованароджаных дзяцей


Статыстыка апошніх гадоў не пакідае сумненняў: колькасць насельніцтва краіны нарэшце пачынае значна прырастаць. Скептыкі кажуць, што адбываецца гэта выключна за кошт міграцыйных працэсаў. Так, гэты факт таксама мае месца: толькі летась у Беларусь прыбылі 28,4 тысячы чалавек, у той час як выбылі з краіны толькі 9,9 тысячы. Гэта значыць міграцыйны прырост склаў амаль 18,5 тысячы чалавек.



Тым не менш гэта далёка не адзіная прычына. Дадатная дынаміка нараджальнасці захоўваецца ўжо некалькі апошніх гадоў, і гэта ці не поспех дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі? Намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Жанна Васілеў­ская не скрывала аптымізму. Узровень нараджальнасці застаецца нязменным на працягу трох гадоў і складае 12,5 на 1.000 чалавек насельніцтва. Пры гэтым самы высокі паказчык у 2015-м адзначаны ў Брэсцкай і Мінскай абласцях — 13,5.

— Летась адзначана максімальная колькасць нараджэнняў за апошнія пяць гадоў — больш за 119 тысяч дзяцей, — паведаміла намеснік старшыні. — Гэта амаль на 500 дзяцей больш, чым у 2014-м. І на 11 тысяч больш, чым у 2010-м. Па колькасці нованароджаных лідзіруе Мінск, дзе летась нарадзілася амаль 23 тысячы дзяцей, гэта значыць кожнае пятае дзіця з агульнай колькасці народжаных у краіне. Крыху больш за 19 тысяч немаўлят нарадзілася ў Мінскай вобласці. Набліжаюцца да гэтай лічбы Брэсцкая і Гомельская вобласці.

У выніку натуральны прырост насельніцтва па выніках мінулага года зафіксаваны ў 83 гарадах і 24 пасёлках гарадскога тыпу. Яшчэ 5 гадоў назад гэтыя лічбы складалі 51 і 17 адпаведна. Не пацвердзіліся і прагнозы скептыкаў адносна паўсюднага вымірання вёскі: натуральны прырост сельскага насельніцтва адзначаны ў Мінскім, Брэсцкім і Мазырскім раёнах. У цэлым жа за мінулы год колькасць жыхароў краіны павялічылася на 17,5 тысячы чалавек. І на пачатак бягучага года склала 9 мільёнаў 498 тысяч. Самым шматлікім рэгіёнам застаецца сталіца: у Мінску пражывае амаль 1,96 мільёна чалавек — кожны пяты жыхар краіны. А з абласцей найбольшая колькасць жыхароў сканцэнтравана на Гомельшчыне — 1,423 мільёна. Ці амаль кожны сёмы жыхар Беларусі.

Яшчэ адзін важны момант: мы сталі больш адказна падыходзіць да стварэння сям’і. Прычым і мужчыны, і жанчыны. Жанна Васілеўская бачыць істотную тэндэнцыю:

— У апошнія гады расце доля дзяцей, народжаных у зарэгістраваным шлюбе. Так, калі ў 2010 годзе ў зарэгістраваных шлюбах нарадзілася 80 працэнтаў дзяцей, то ў 2015-м — 86 працэнтаў. Сучасныя погляды моладзі на атрыманне адукацыі, набыццё прафесіі і на шлюбна-сямейныя адносіны прывялі і да змены ўзроставай мадэлі нараджальнасці: за апошнія 5 гадоў колькасць нараджэнняў на 1.000 жанчын ва ўзросце 15-19 гадоў паменшылася на 12,6 працэнта, у той жа час колькасць такіх нараджэнняў на 1.000 жанчын ва ўзросце 25-29 гадоў павялічылася на 13,6 працэнта, ва ўзросце 30-34 гадоў — на трэць, а ва ўзросце 35-39 гадоў — напалову.

У выніку і ўзнагароджанне звыш не прымусіла сябе чакаць. Летась у 1.316 жанчын нарадзіліся двайняты, яшчэ ў 21 жанчыны — трайняты (пяць гадоў назад такіх было 1.027 і 18). Але самае галоўнае — больш як палова нараджэнняў сёння звязана з нараджэннем жанчынай другога, трэцяга і наступных дзяцей. Дарэчы, па нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей летась лідзіравала Брэстчына. А другія дзеці больш нараджаліся ў Мінску.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter