Старые Юрковичи: деревня за рекой Аресой

Старыя Юрковічы: вёска за ракой Арэсай


На выцягнутым узвышшы сярод былых балот шчыльна забудавана вёска Старыя Юрковічы. Як сцвярджаюць вучоныя, што даследавалі навакольныя курганныя пахаванні, на пагорку жылі першабытныя людзі. Займаліся яны земляробствам і жывёлагадоўляй.

Стагоддзі таму мясцовасць належала Турава-Пінскаму княству. Пасля драблення яго перайшла слуцкім князям Алелькавічам. У Вялікім Княстве Літоўскім гаспадарыў тут род магнатаў Радзівілаў.

Неаднойчы ўрываліся ў схаваную сярод балот вёску крымскія янычары і знішчалі ўсё на сваім шляху.

Упершыню пісьмова паселішча разам з суседнімі вёскамі Невалаж, Чачэнск, Юшкавічы, Обчын, Смольгава, Закальнае, Касцяшы ўзгадваецца ў 1582 годзе як уладанне слуцкага войта Рэчы Паспалітай Васіля Тышкевіча. Як сведчыць летапісная хроніка Паўночнай вайны, спусташальны след пакінула ў Старых Юрковічах шведскае войска Карла ХІІ.

У канцы ХVІІІ стагоддзя пасля ліквідацыі Слуцкага княства вёска ўвайшла ў Глускую парафію Наваградскага ваяводства. Пасля II падзелу Рэчы Паспалітай Старыя Юрковічы як уладанне князя Вітгенштэйна адышлі да Забалоцкай воласці Бабруйскага павета Расійскай імперыі.

На пачатку мінулага стагоддзя папераменна мясцовасць захоплівалі кайзераўскія войскі і белапалякі. Пасля ўсталявання савецкай улады вяскоўцы аднымі з першых на Любаншчыне аб’ядналіся ў калгас «Звязда». Пачалося масавае наступленне на арэскія балоты. Гэтай падзеі прысвяціў вядомую паэму «Над ракой Арэсай» беларускі пясняр Янка Купала.

З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі ў навакольных лясах пачаў дзейнічаць партызанскі рух. Гітлераўцы часткова спалілі вёску. На барэльефе помніка ахвярам Вялікай Айчыннай вайны выбіты імёны 96 землякоў, якія загінулі ў барацьбе з ворагам.

У пасляваенныя гады ў Старых Юрковічах дзейнічалі лесапільня, млын, сепаратарны пункт, швейная майстэрня, сярэдняя школа.

Калгас рэфармаваны ў ААТ «Юрковічы».

Дырэктар ААТ «Юрковічы» Мікалай БОЙКА.

Бясспрэчна, што вялікую трываласць душы дае зямля продкаў, створаная імі прастора любові. Стагоддзямі крышталізаваліся традыцыі ў акружанай з усіх бакоў непраходнымі балотамі любанскай вёсцы Старыя Юрковічы. Неаднойчы яе знішчалі ворагі, але сядзібы зноў і зноў адраджаліся. Тутэйшых мацавала прыцягальнасць да Бацькаўшчыны. Талакою ўзводзіліся хаты, гас-падарчыя пабудовы, асушаліся арэскія балоты. Мяне чакала сустрэча з гэтай аддаленай ад вялікіх гарадоў вёскай, акружанай палямі і акультуранымі сенажацямі.

Ад райцэнтра Любані да Старых Юрковічаў амаль дваццаць кіламетраў. Шлях пралягае праз роўную, як стол, абноўленую амаль стагоддзе таму палескую прастору. За акном легкавіка, якім кіраваў дырэктар ААТ «Юрковічы» Мікалай Бойка, мільгалі назвы вёсак: Шыпілавічы, Арлёва, Рэдзькавічы, аграгарадка Сарачы — цэнтра сельсавета. Усё гэта родныя мясціны Мікалая Міхайлавіча. Ён тут кожную сцежку ведае. Дзяды і прадзеды на гэтай зямлі працавалі. Бацька Міхаіл Іванавіч шчыраваў на калгасных будоўлях, маці Марыя Андрэеўна была бухгалтарам. Мікалай — старэйшы з трох братоў. Пасля васьмігодкі вучыўся на агранамічным аддзяленні Жыліцкага саўгаса-тэхнікума. Ажаніўся з аднакурсніцай Зояй. Размеркаваліся на працу ў Любанскі раён. Завочна атрымаў вышэйшую адукацыю. Браты Анатоль і Васіль таксама не здрадзілі вёсцы. І сын Андрэй пасля заканчэння Белдзяржсельгасакадэміі вярнуўся ў родныя мясціны.

У размове не заўважылі, як хутка пад’ехалі да вёскі Новыя Юрковічы. Сялянскія сядзібы тут больш падобныя на хутары. Прыпыніліся ля крайняга падворка з бетоннай агароджай, дзе нас чакаў гаспадар Іван Цыбулька. У палісадніку перад дыхтоўным домам красаваліся густа ўсыпаныя чырвонымі кветкамі галінкі пышнай ружы. Над імі раскінуліся шаты разгалістага грэцкага арэха. На пытанне, ці выспяваюць плады паўднёвага дрэва, гаспадар усміхнуўся: добра родзяць не толькі арэхі, але і больш капрызныя да нашых умоў персікі, абрыкосы, чарэшні.

Васьмідзесяцігадовы ветэран працы Іван ЦЫБУЛЬКА.

Іван Міхайлавіч узгадаў, што садзіў дрэўцы, як толькі пабудаваў дом. Пільна сачыў, каб прыняліся. Вышукаў раяніраваныя саджанцы костачкавых дрэў. Штогадова родзяць адаптаваныя да мясцовых умоў персікі і абрыкосы. Шчодра адорвае ўраджаем грэцкі арэх.

Сваімі рукамі абуладжваў сядзібу. З жонкай Надзеяй Карнееўнай уручную ў бары пілавалі сосны для будоўлі. Працавалі Цыбулькі на калгаснай жывёлагадоўчай ферме. Гаспадыня даіла кароў, а ён даглядаў іх. Прызвычайвалі дочак да сялянскіх спраў. З малых гадоў дзяўчынкі дапамагалі маці даіць кароў. Старэйшая Святлана і малодшая Галіна з сем’ямі жывуць у Любані. Ніне пасля замужжа пабудавалі драўляны дом у суседняй вёсцы Рэдзькавічы.

Назапашваюць сена для каровы Яўген АДЗЯРЫХА з сынам Глебам.

Два гады таму Іван Міхайлавіч аўдавеў. Цяжка звыкацца са стратай. Звыш 60 гадоў пражылі ў шлюбе з Надзеяй Карнееўнай. Дзеці не мінаюць бацькоўскага парога. Унукі і праўнукі бавяць тут летнія дні.

Дзіцячыя галасы даносіліся з падворка, куды гаспадар параіў лепш не заходзіць. Пад садовымі дрэвамі больш за дзясятак вулляў. Зараз самы пік медазбору. Пчолы пільна ахоўваюць свае ўладанні. Іван Міхайлавіч прапанаваў прайсціся да жытнёвай ніўкі, што прымыкае да падворка. Гектарны прысядзібны ўчастак ён даглядае сам. Высокай сцяной каласіцца жыта. Пасля доўгачаканага дажджу збажына красуе, наліваюцца зернем каласы.

Механізатары ААТ «Юрковічы» Генадзь АДЗЯРЫХА і Сяргей ЧЭКАН.

Насупраць сядзібы Цыбулькі сіратліва выглядае пакінутая суседская хата. Вокны забіты дошкамі, падворак зарос пустазеллем. Іван Міхайлавіч патлумачыў, што яна адзіная кінутая сядзіба ў Новых Юрковічах. Спецыялісты Сароцкага сельвыканкама кантралююць стан падворкаў. Дамы, што застаюцца без гаспадароў, праз пэўную юрыдычную працэдуру зносяцца.

Кіраўнік мясцовай улады Аляксандр Шаплыка перакананы, што попыт на вясковыя сядзібы на тэрыторыі сельсавета расце. Побач статысячны Салігорск. Гараджане ладзяць у вёсках лецішчы. Большасць сяліб выкуплены салігорцамі. Праз тэрыторыю сельсавета пралягае шлях на Нежынскі горнаабагачальны камбінат, які ўзводзяць расіяне. Буйная будоўля ажыўляе навакольныя вёскі. Паўтара дзясятка іх на тэрыторыі Сароцкага сельсавета.

Галоўны аграном гаспадаркі Галіна ЛЕАНАВЕЦ і камбайнер Мікалай ПЕРАПЁЛКІН.

Цэнтральная сядзіба ААТ «Юрковічы» — вёска Старыя Юрковічы — па колькасці жыхароў сярод пятнаццаці населеных пунктаў сельсавета ўступае толькі аграгарадку Сарачы. Праязджаючы па выцягнутай амаль на кіламетр цэнтральнай вуліцы Старых Юрковічаў, нельга не прыкмеціць гаспадарлівасць сялян. Пафарбаваныя агароджы, за якімі стаяць прасторныя дамы з хлявамі, летнімі кухнямі, лазнямі і іншымі гаспадарчымі пабудовамі. Многія трымаюць жыўнасць.

Дырэктару гаспадаркі надышоў час ехаць на раённую нараду. Маім спадарожнікам у вандроўцы па вёсцы стала галоўны аграном ААТ «Юрковічы» Галіна Леанавец. З ёй завіталі на школьны двор. З адчыненых акон двухпавярховага будынка школы чуліся дзіцячыя галасы. Ад педагогаў даведаліся, што ў аздараўленчым лагеры адпачываюць выхаванцы сацыяльнага прытулку. Цудоўныя ўмовы для адпачынку: мурожны двор са спартыўнымі пляцоўкамі, чыстае паветра. На агародзе, які з другога боку школы, цешылі вока акуратна праполатыя радкі часнаку, цыбулі, морквы, буракоў, капусты.

Школьнікі Данііл ДАВЫДАЎ, Кірыл МАЦУКОЎ і Арсеній КУЛЕШ.

Намеснік дырэктара Наталля Навумовіч адзначыла, што ўраджаю гародніны хапае на ўвесь год для школьнай сталоўкі. Дзейнічае вучнёўская бізнес-кампанія «Да зямлі з любоўю». Юныя гаспадары рэалізуюць вырашчаную расаду гародніны, кветак. А за выручаныя грошы набываюць прылады для працы на зямлі. Кіруе ініцыятывай педагог Ніна Бруй.

Школьны двор патанае ў кветніках, газонах. Юннаты сёлета атрымалі Гран-пры ў рэспубліканскім конкурсе. Яны прэзентавалі разбіты па зонах сэнсарны прышкольны ўчастак: для малявання, умацавання ступняў ног і іншых карысных заняткаў. Старанна даглядаюць вучні алею руж, пасаджаную для ўшанавання педагогаў-ветэранаў.

У час вучэбнага года педагог Галіна Пажэмяцкас у кабінеце прафарыентацыі ладзіць сустрэчы старшакласнікаў са спецыялістамі сельскай гаспадаркі. Педагагічным вопытам выхавання вучняў зацікавіўся міністр адукацыі Ігар Карпенка. Ён спецыяльна прыязджаў сюды мінулай вясной.

Завяршаецца цэнтральная вуліца катэджамі. Галіна Леанавец патлумачыла, што жывуць у іх сем’і былых настаўнікаў. Да школьнага агарода прымыкае падворак Евы Валчок. З Галінай Мікалаеўнай падыходзім да веснічак. Зычна абазваўся і стралою кінуўся да нас маленькі сабачка. З двара крочыла гаспадыня. Да выхаду на пенсію Ева Севасцьянаўна выкладала хімію. Аўдавеўшы, жыве адна. Дзеці раз’ехаліся, маюць свае сем’і. Аднавяскоўцы выбралі яе старастай. Гаспадыня яшчэ і цудоўная кухарка. На раённых святах выставачную пляцоўку сельсавета заўжды ўпрыгожвае яе каравай. Узгадала, як нядаўна адзначалі Дзень вёскі. Запрасілі выступіць самадзейных артыстаў з Сароцкага палаца культуры.

Суседзі Евы Валчок таксама настаўнікі — Ганна Фёдараўна і яе муж Аляксандр Апалінаравіч Кірбай. Узгадалі педагогі пра сваіх выхаванцаў. Многія з іх працуюць у гаспадарцы. Механізатар Васіль Семяненя трактарам апрацоўвае прысядзібныя ўчасткі і заўжды ад аплаты адмаўляецца.

Педагогі-ветэраны Ева ВАЛЧОК, Аляксандр і Ганна КІРБАЙ.

Сустрэча з педагогамі напоўнілася ўспамінамі пра выпускнікоў школы. Анатоль Раменчык і Мікалай Бойка сталі кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў, школьная выдатніца Ірына Дзялендзік трымае сувязь з настаўнікамі з Ізраіля. Галоўным аграномам гаспадаркі стала выдатніца Галіна Леанавец. За некалькі кіламетраў з вёскі Лісцёнка хадзіла ў школу. Дзяўчынка чула ад старэйшых пра незабыўны наступ на арэскія балоты. У далёкія 30-я гады мінулага стагоддзя на іх усё звінела і гуло. Прыязджаў на Любаншчыну Янка Купала. Крылатым стаў радок з паэмы «Над ракой Арэсай»: «Паданне йшло ў векі: «Палешукі мы, а не чалавекі!»

Праехалі з Галінай Мікалаеўнай па наваколлях Старых Юрковічаў. Сцяною шуміць збажына, роўнымі радкамі цягнуцца за далягляд плантацыі кукурузы. Кіпіць праца на сенажацях. Механізатары косяць травы на сянаж, нарыхтоўваюць сена. Два камбайны на шырокім полі завяршалі абмалот азімай свірэпіцы. На ўскрайку поля прыпыніў агрэгат Мікалай Перапёлкін. 38-ы ўборачны сезон ён у полі. Механізатарам працуе і сын Дзмітрый. На трактары МТЗ-3025 перавозіць зялёную масу з сенажаці да сянажных траншэй.

Хлебаробы гаспадаркі ў чаканні жніва. Давядзецца ўбраць 1100 гектараў збожжавых і амаль столькі ж кукурузы. Пасевы радуюць галоўнага агранома. Галіна Мікалаеўна спадзяецца на шчодры ўраджай. Ад яго залежаць і заробкі працаўнікоў, продкі якіх гектар за гектарам амаль стагоддзе таму адваёўвалі гэтую шчодрую зямлю ў арэскіх балот.

Любанскі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter