Старыя сцены

Рэшткi Навагрудскага замка выйдуць з-пад зямлi на паверхню

Пасля рэстаўрацыi рэшткi Навагрудскага замка, якiя зараз знаходзяцца пад зямлёй, выйдуць на паверхню

Больш як год таму Беларускай рэспублiканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гicторыка-культурнай спадчыны пры Мiнiстэрстве культуры была прынята канцэпцыя рэстаўрацыi Навагрудскага замка. Калi i якiя будуць праводзiцца работы? Што можна будзе ўбачыць у вынiку iх на Замкавай гары? Пра ўчора, сёння i заўтра найбольшай славутасцi Навагрудка мы гутарым з начальнiкам Упраўлення па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны i рэстаўрацыi Мiнiстэрства культуры Iгарам ЧАРНЯЎСКIМ.

— Iгар Мяфодзьевiч, як рухаюцца справы?

— За гэты час вызначаны заказчык праекта, iм стала упраўленне капiтальнага будаўнiцтва Гродзенскага аблвыканкама. З канца мiнулага года пачалiся праектныя работы, якiя сёлета прадоўжацца. Будзе праведзена не закончанае ў 2000 годзе абследаванне замчышча. Дарэчы, iснуе вялiкая праблема, якую давядзецца вырашаць архiтэктарам i канструктарам, яна датычыць умацавання схiла пад Касцельнай вежай. Грунт пад ёй рухаецца, там выцякаюць крынiцы, якiя яго вымываюць. Таму трэба правесцi работы па ўтрыманню пагорка i самой вежы. Падобнае было паспяхова выканана на Барысаглебскай царкве ў Гродне, тое ж трэба будзе зрабiць i ў Навагрудку.

Пасля правядзення ўсiх неабходных даследаванняў помнiка архiтэктуры будзе распрацавана i ўнесена на ўзгадненне ва ўстаноўленым парадку навукова-праектная дакументацыя на выкананне работ па яго кансервацыi, i, як мяркуецца, па добраўпарадкаванню тэрыторыi i музеефiкацыi асобных элементаў замка.

— Калi зазiрнуць наперад, што ўбачаць наведвальнiкi?

— У вынiку правядзення работ, магчыма, на паўметра цi метр рэшткi замкавых сцен выйдуць з зямлi. Сёння мы iх проста не бачым. Справа ў тым, што i ў перадваенны перыяд, i пасля вайны тэрыторыя замчышча была месцам, куды вывозiлiся з горада грунт, рэшткi будаўнiчых матэрыялаў. Фактычна ў значнай частцы ўзровень зямлi падняты дзесьцi на 3,5 метры. Пасля панiжэння тэрыторыi адкрытыя рэшткi сцен Навагрудскага замка будуць закансерваваны, гэтак жа, як i рэшткi вежаў Шчытоўка i Касцельная, якiя сёння на паверхнi. Магчыма, архiтэктарамi будзе прапанавана сiстэма добраўпарадкавання тэрыторыi, напрыклад, дарожкi для турыстаў, якiя паўтораць колiшнюю планiроўку замка. Ёсць меркаванне, што ў нiжнiм ярусе вежы Шчытоўкi ўдасца зрабiць памяшканне для музейнай экспазiцыi.

— Трэба адразу ўдакладнiць: адбудоўвацца на замчышчы нiчога не будзе.

— Дый гэта i немагчыма, бо нiхто не ведае, якiм дакладна быў Навагрудскi замак. Можна толькi здагадвацца, рабiць графiчныя варыянты рэканструкцый, але ажыццявiць рэканструкцыю ў матэрыяле – немагчыма. Таму, калi з зямлi будуць адкапаны сцены, то толькi на мiнiмальны ўзровень, каб iх закансерваваць: пакрыць новай муроўкай з пэўных сучасных матэрыялаў, магчыма, зрабiць нязначныя дахi, якiя будуць аберагаць ад дажджу цi снегу, i не больш таго.

Наведвальнiкi змогуць убачыць перыметры сцен, з чаго яны складалiся, дзе, у якiх месцах знаходзiлiся вежы. Прадстаўленыя на тэрыторыi замка макеты дадуць магчымасць уявiць, як ён мог выглядаць. Бо, падкрэслiваю, няма на гэты час дакументальных крынiц, якiя маглi б нам сказаць, як гэты замак выглядаў на самай справе.

— Нехта, напэўна, расчаруецца, маўляў, што ж там будзе глядзець, тыя ж руiны...

— Руiны з поспехам дэманструюцца ў розных краiнах. Узяць хаця б самыя знакамiтыя, той ж Парфенон у Афiнах цi Калiзей у Рыме. Многа замкаў у нашых суседзяў у Лiтве, ва Украiне, у Польшчы, якiя таксама знаходзяцца ў руiне. Больш таго, iснуе такое правiла, яго прытрымлiваюцца ўсе прафесiянальныя архiтэктары, якiя займаюцца рэстаўрацыяй i працуюць у сферы аховы спадчыны: руiну трэба захаваць, стварыць умовы для яе экспанавання, але не займацца адбудовай. Бо любое ўмяшанне ў руiну — гэта вынiк погляду, мыслення сучаснага чалавека. Не ўдасца нiколi паўтарыць тое, што было зроблена 300—400 гадоў таму.

— У ходзе цяперашнiх даследванняў замчышча магчымы новыя археалагiчныя знаходкi?

— Усе можа быць. Раскопкi ў Навагрудку праводзiлiся ў 1960—70-х гадах ленiнградскiмi спецыялiстамi, у прыватнасцi вядомым археолагам Фрыдай Давыдаўнай Гурэвiч. Наш вядомы даследчык абарончага дойлiдства Мiхась Ткачоў таксама там працаваў. Апошнiя раскопкi рабiў беларускi археолаг Валянцiн Собаль, як раз калi пачыналiся абследваннi замка для распрацоўкi праектнай дакументацыi для кансервацыi, гэта дзесьцi 2000 год. Але тое, што археолагi могуць знайсцi яшчэ многае, гэта зразумела. Значная частка замка яшчэ не даследавана, i пры вызваленнi сцен ад грунту знаходкi могуць быць самыя неверагодныя. Зрэшты, знаходка — гэта ўжо самi сцены, бо, па крайняй меры, некалькi пакаленняў людзей падземнай iх часткi не бачылi.

Не выключана, што будзе знойдзена шмат артэфактаў, звязаных з матэрыяламi, выкарыстанымi некалi для будаўнiцтва мураванага замка, якое вялося пачынаючы з 13-га стагодзя. Гэта вельмi важна i каштоўна для аховы помнiкаў архiтэктуры пэўных перыядаў. Зразумела, могуць быць знойдзены i прадметы матэрыяльнай культуры. Дарэчы, колiшнiя раскопкi Фрыды Давыдаўны Гурэвiч паказалi, што Навагрудак быў унiкальным горадам. Хоць стаяў трошкi ўбаку ад асноўных гандлёвых шляхоў, але там былi знойдзены старажытныя прадметы, прывезеныя з Вiзантыi, з тэрыторый азiяцкiх краiн, i гэта азначае, што Навагрудак здаўна карыстаўся вядомасцю, быў значным цэнтрам развiцця гандлю i рамёстваў, адыгрываў пэўную ролю ў палiтычным жыццi, i ў вынiку з яго пачалася гiсторыя Вялiкага княства Лiтоўскага. Можа, цяперашнiя даследаваннi яшчэ больш пацвердзяць высновы адносна яго вартасцi.

— На якi тэрмiн разлiчаны праект рэстаўрацыi?

— Пра тэрмiны гаварыць пакуль ранавата. Паслядоўнасць правядзення i аб’ём работ вызначацца толькi пасля завяршэння распрацоўкi праектнай дакументацыi. Але паколькi маштабных работ па рэканструкцыi на замку не плануецца, папярэдне можна гаварыць дзесьцi пра тэрмiн у пяць гадоў. 

 А колькi спатрэбiцца грошай?

— Мы разлiчваем, што гэта сума ў межах каля пяцi цi крыху больш мiльярдаў рублёў. Сёння рэальна ёсць недзе 100 мiльёнаў. Летась з рэспублiканскага бюджэту было выдзелена 41,5 мiльёна рублёў, каля 39 мiльёнаў склалi сродкi ад рэалiзацыi латарэi «Скарбнiца», заснавальнiкам якой з’яўляецца Мiнiстэрства культуры, каля 20 мiльёнаў прынеслi дабрачынныя ахвяраваннi. Дарэчы, сёлета з мэтай прыцягнення дабрачынных сродкаў на рэстаўрацыю плануецца правядзенне розных акцый. Напрыклад, кiраўнiк ансамбля «Сябры» народны артыст Беларусi Анатоль Ярмоленка выказаў гатоўнасць даць дабрачынны канцэрт, грошы ад якога пойдуць на рэстаўрацыю замка. Не выключана, што адгукнуцца i iншыя дзеячы культуры i мастацтва. Ведаю, што некаторыя прадпрыемствы Гродзенскай вобласцi пералiчылi сродкi на спецыяльна адкрыты банкаўскi рахунак. З нагоды Мiжнароднага дня аховы помнiкаў спадзяёмся правесцi валанцёрскую акцыю, у якой маюць намер удзельнiчаць прадстаўнiкi сродкаў масавай iнфармацыi. Але не лiшнiмi будуць i любыя ахвяраваннi простых грамадзян. Мы ж памятаем прыклад аднаўлення Каралеўскага замка ў Варшаве, калi праз патрыятычны парыў простымi людзьмi былi сабраны даволi значныя сродкi, дзякуючы якiм сёння можна наведаць музейную экспазiцыю гэтага замка. Я думаю, беларусы не меньш, чым нашы суседзi, далёкiя i блiзкiя, ганарацца сваёй гiстарычнай спадчынай, разумеюць неабходнасць яе захавання i шырока адгукнуцца на збор сродкаў для рэстаўрацыi замка ў старажытным Навагрудку – горадзе, якi мае славу першай сталiцы Вялiкага княства Лiтоўскага.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter