У Старым замку ў Гродна пачалася рэканструкцыя

Стары замак на новы лад

Гiсторыя Старога замка ў Гродне налічвае шмат гадоў. Сярэдневяковая крэпасць з'явілася на гэтым месцы яшчэ ў XI стагоддзі. З таго часу будынак некалькі разоў перабудоўваўся і аднаўляўся пасля войнаў і пажараў. Да нашага часу комплекс усё ж такі дажыў, але вось стан візітнай карткі горада ў апошнія гады выклікаў занепакоенасць, прычым не толькі ў навуковых работнікаў, але і ў простых гараджан. І вось нарэшце на тэрыторыі Старога замка зноў з'явілася будаўнічая тэхніка. З чаго пачнуць і калі скончаць рэканструкцыю — даведвалася карэспандэнт «Р».

На работы з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў выдзелена больш за мільён рублёў
Фота аўтара

Некалькі гадоў таму разга­рэліся спрэчкі аб праўдзівым выглядзе каралеўскай рэзі­дэнцыі. Эскіз праекта быў распрацаваны Уладзімірам Бачковым яшчэ 30 гадоў таму. У аснову яго легла гравюра Томаша Макоўскага пачатку XVII стагоддзя. Як вядома, навуковы кіраўнік узяў у якасцi высновы замак часоў караля Стэфана Баторыя працы вядомага італьянскага архітэктара Санці Гучы. У выні­ку менавіта ў такім выглядзе замак і будзе адноўлены. Але калі?

Два гады таму ў замак ужо прыходзілі будаўнікі. Яны знялі тынкоўку, выставіўшы напаказ пустэчы і гнілыя драўляныя перакрыцці. І ўсё заціхла. І вось нядаўна тут зноў закіпела праца. Дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка спадзяецца, што на гэты раз усё пойдзе па плане:

– Пачаліся падрыхтоўчыя работы. Рыхтуецца будпляцоўка, усталёўваецца агароджа. Побач з асноўным будуецца часовы пешаходны мост, каб плынь турыстаў і будаўнічая тэхніка не сустракаліся. Такі мост ужо ўзводзілі ў 2004 годзе, калі рамантавалі старадаўні мост. Ён быў у аварыйным стане. Зараз будаўнікі прыбралі старую плітку, спілавалі дрэвы, якія перашкаджалі работам. Пачаліся разборачныя работы, якія можна правесці ў цяперашні асенне-зімовы сезон. Нічога глабальна разбіраць не збіраемся. Усё, што будзе тым ці іншым чынам разбурацца – тут жа будзе аднаўляцца ў тым выглядзе, у якім павінна быць у выніку. Дах застанецца да вясны. Усё гэта робіцца, каб як мага менш падвяргаць уздзеянню атмасферных з'яў тыя ўнутраныя памяшканні, якія на кароткі час будуць адкрытымі.
Для працягу археалагічных раскопак трэба знесьці сцяну над Нёманам

У гэтым годзе на работы з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў выдзелена больш за мільён рублёў. Паралельна ідзе разлік будучых грашовых траншаў, якія будуць асвоены ў наступным годзе. Аб'ект вельмі няпросты. Неабходна правесці археалагічныя даследаванні. Даследчыкі адзначаюць: гэта надзвычай складанае месца для іх правядзення.

Катлаван будуць капаць да таго часу, пакуль будзе такая магчымасць. Акрамя таго, трэба завяршыць праект інтэр'ернай часткі. У свой час дэталёвая распра­цоўка была часова прыпыненая з-за недахопу фінансавання. Гэтая праца таксама вельмі складаная і карпатлівая. Дарэчы, падчас археалагічных рас­копак, якія праводзіліся з 2014 па 2015 год, было знойдзена нямала элементаў дэкору часоў Стэфана Баторыя, якія ўпрыгожвалі замак.

У гэтым годзе ўма­цуюць усе падмуркі, якія будуць захаваны, а таксама мур з валуноў і буту. Таксама плануецца разбіць палевае поле для ўмацавання ўсёй платформы. Палі будуць забурвацца на глыбіню да 23 метраў. Некаторыя з іх дастануць ледзь не да падэшвы гары. Толькі пасля гэтага пачнецца ўзвядзенне ўсіх запланаваных канструкцый: яшчэ аднаго паверха над уязной вежай, купалоў, сцен над Нёманам, сярэдняй вежы. Праекціроўшчыкі разлічылі, што ў ідэале ўсё гэта можна пабудаваць за 17 месяцаў. Аднак, улічваючы, што будаў­ніцтва істотна адрозніваецца ад ўзвядзення тыпавога дома, тэрміны могуць зацягнуцца. Ужо цяпер многія фірмы-субпад­радчыкі, бачачы, у якіх умовах давядзецца працаваць, ад­маў­ляюцца ад прапаноў.

Пакуль што гаворка iшла толькі аб першай чарзе рэканструкцыі Старога замка. Другая чарга – гэта непасрэдна сам палац, трэцяя – сцены і ўнутраны дворык. Наперадзе велізарны комплекс работ, якія ў лепшым выпадку будуць скончаны ў 2019 годзе.

— Практычна кожную раніцу ля падножжа Старога замка збіраецца штаб, — працягвае Юрый Кітурка. — Графік работ складзены да канца года. Пры неабходнасці ў праект будуць уносіцца змяненні і дапаўненні.

Пакуль ніхто не можа назваць дакладнай сумы, якая спатрэбіцца для завяршэння рэканструкцыі Старога замка. Для параўнання: на аднаўленне палаца вялікіх літоўскіх князёў у Вільнюсе пайшло больш за сто мільёнаў у доларавым эквіваленце. Хочацца верыць, што праз некалькі гадоў гродзенскі замак будзе адноўлены, што ў яго зноў з'явяцца вежы і палац часоў караля Баторыя.

tanula.k@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter