Бясконца чароўная... Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Стары сад

Стары сад

Добрага гаспадара ён заўсёды адорыць ураджаем 

Пытаюся ў дзядулi Кандрата, цi хвалiўся ён перад кiм-небудзь сваiм незвычайным садам.



— Не, — адказаў ён. — Мо i хвалiўся б, але ж баюся чалавечай зайздрасцi. Бо ад яе — ты яшчэ малады, мо i не ведаеш — паратунак знайсцi цяжка, а бывае, што i немагчыма. Нездарма яна ў пералiку самых страшэнных грахоў. А так людзi самi глядзяць, здзiўляюцца, нешта пытаюць. Некалi ў вёсцы студэнты з сельскагаспадарчай акадэмii кватаравалi, калгасу дапамагалi бульбу збiраць, уяўляеш? Дык яны толькi з майго саду чаранкi бралi. Казалi, што такiх гатункаў садавiны i не бачылi. Калi назвы iм пералiчыў, дык яны толькi вачыма лыпалi. Занатоўвалi ўсё нешта. Добра, што маладыя ды цiкаўныя. Ведаеш, дзякуючы цiкаўнасцi шмат якiя адкрыццi ды вынаходствы чалавецтва робiць.



— Слухай, — звярнуўся ён да мяне, — мо ты сам пакуль што пагуляй па садзе. У мяне тут невялiчкая неадкладная справа па гаспадарцы. Упраўлюся — падыду. Калi нечым зацiкавiшся, усё як ёсць, не тоячыся распавяду. Ну дык згодзен? Тады я хуценька.

Сад старога Кандрата быў адносна невялiкi. Там расло каля пятнаццацi яблынь, некалькi груш ды чарэшань. Па перыметры з халоднага боку i ад поля цяснiлiся слiвы, iрга i, вядома ж, вiшня. Усе дрэвы былi даволi старыя. Ад часу iх ствалы дзiўна павыкручвалiся i таму выглядалi даволi казачна, загадкава, асаблiва ўзiмку, калi сад губляў лiсце. Маляваць iх аголеныя постацi, здаецца, для мастака было б адно задавальненне.



Яшчэ сад быў незвычайны тым, што на кожным дрэве суiснавала па некалькi прышчэпаў. Як потым дзялiўся гаспадар саду, дзе па тры, а дзе па пяць гатункаў яблык на адным пнi. Вось i лiчыце — сад невялiкi, а гатункаў незлiчоная колькасць.

I ўраджай яны давалi кожны ў свой год, таму гаспадарка дзядулi Кандрата была заўсёды засыпана садавiной. У неўраджайныя гады ў людзей бывала па два-тры яблыкi на сад, а ў гэтым садзе стаялi поўныя кошыкi ды мяхi.

— Бяры, толькi не лянуйся. А мне падабаецца людзей частаваць, — дадаваў дзядуля. — Колькi на нас дваiх трэба было. Бо калi прападаюць, сэрца ведаеш, як шчэмiць. А цяпер яшчэ горш. Тых людзей на вёсцы адзiнкi, калi толькi нехта падарожны завiтае. I ты хоць мяшэчкi тры ў машынку ўкiнь, не на гарбу цягаць. У горадзе як зной­дзеш.



Акрамя таго, што сам сад быў у квеценi, цешыла кветкамi вока i трава пад дрэвамi. 

Спачатку прачыналiся дзьмухаўцы, якiх жонка дзядулi, нябожчыца Настасся, называла кветкамi сонца. Потым прастору саду залiвалi блакiтам незабудкi. Следам памiж дрэў ды каля платоў спаборнiчалi рознакаляровыя стакроткi, цi, як iх яшчэ называюць, маргарыткi. 

Нарэшце на танюткiх ножках выцягвалася з травы канюшына, якая, здаецца, добра ўжывалася з садовымi рамонкамi, якiя маюць вельмi смешную назву — нявянiк.



— У свой час, — стары быццам зазiрнуў некуды далёка i, уздыхнуўшы, працягнуў: — у нас з маёй Настассяй амаль што да бойкi даходзiла. Трава ўсё прэ i прэ, перастаiць — касiць будзе цяжка. А яна, бач, кветкi, мае кветачкi… Усё ж каса да травы дабiралася. Не, дзе абмiну тыя кветкi, дзе iх болей, каб толькi сцiшылася жонка, каб менш лямантавала. А цяпер во… — дзядулька зноў хвiлiнку памаўчаў. — Касi, хоць трэснi — хто слова скажа? Дык ведаеш, кашу, значыць, а голас як быццам за спiной чую. Ну так падаецца… Абкошваю тыя ж незабудкi ды рамонкi, — ён зноў спынiўся. — А чаго, i самому падзiвiцца такой прыгажосцю. Калi я ўжо мужык, дык што, мне кветкi будуць не даспадобы? Няхай сабе…

— Яшчэ дзядуля мой, — працягнуў свой расповед Кандрат, — садзiў гэты сад, прышчэпваў яго. Вядома ж, бачыў ты ўжо, як пасаджаны дрэвы. Я пра сцежку ў са­дзе. Бачыш, што яна дзелiць сад прыкладна на дзве роўныя часткi. А так як усе малыя гаспадарчыя пабудовы размешчаны за садам цi ў яго канцы, па гэтай сцежцы заўсёды хадзiлi туды-сюды людзi: цi ў той жа склеп, цi да лазнi, цi да агародаў. На выган цi на луг, якi ляжыць унiзе, пад узгоркам, таксама па ёй. Падаецца мне, што наўмысна гэта было зроблена, ой наўмысна. Iдзеш сабе па сцежцы — i вакол цябе такая прыгажосць! У квеценi цi ў садавiне рознай усё. 


Птушак тут незлiчонае мноства: сiнiцы, канаплянкi, залятаюць шчыглы, дразды, сойкi, у траве снуюць шпакi, не кажучы ўжо пра вераб’ёў ды сiтавак.

— Маладзейшы быў, добрую агароджу збудаваў. Яшчэ не мянялася пакуль, рамантаваў толькi. На што сiлы ёсць ды здароўя хапае. Думаю, яшчэ пастаiць, а там… разам да зямелькi нахiлiмся.

— Я чаму пра агароджу загаварыў. Яна сад надзейна абараняла, так шчыльна, што можа толькi кураняты, i то, калi яшчэ маленькiя, забегчы туды маглi. Ды яшчэ некалi я тут у садзе каня свайго без ляйчыны на выпас адпускаў. Так, у нас раней конь быў! Дужым яго клiкалi. Сiвы такi конiк, ладны быў. Што на воз нi пакладзеш — цягнуў, толькi колы рыпелi. Першы памочнiк!..



Можа, дачытаўшы да канца маю замалёўку, нехта скажа, што не такi ўжо i незвычайны быў сад у старога Кандрата. Я ж палiчыў наадварот, i таму вам пра яго i распавёў. Дарэчы, сябры, можа, у большасцi з вас цi ў вашых бацькоў, цi ў знаёмых, калi ўважлiва прыгледзецца, таксама сады асаблiвыя, непаўторныя, нават казачныя. Мы проста да ўсяго даўно прызвычаiлiся. А калi не пабаяцца ды трошкi паглядзець на навакольны свет пад другiм вуглом… Хутчэй за ўсё, вам нечакана адкрыецца нешта новае, непаўторнае. Вось! Я пра тое i кажу.

v-cvirko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter