Прыгажэюць нашы храмы Мельпамены, на іх абнаўленне дзяржава грошай не шкадуе

Стары новы тэатр

Тэатры — гэта не тыя ўстановы, якія прыносяць прыбытак. Яны сеюць добрае, вечнае, на чым шмат не заробіш. Затое яны робяць нас лепшымі. На гэтым эканоміць нельга, таму і прыгажэюць нашы храмы Мельпамены, на іх абнаўленне дзяржава грошай не шкадуе. 



Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета заўсёды быў гонарам нашай краіны. Але ззялі больш артысты, чым сцэна і сам будынак. Таму ў пачатку двухтысячных і была задумана грандыёзная рэканструкцыя Вялікага. Доўга не сціхалі спрэчкі аб замаху на святыню Іосіфа Лангбарда, пабудаваную яшчэ ў трыццатыя гады. Але зараз наўрад ці ў каго-небудзь павернецца язык сказаць, што тэатр стаў горшым. Сёння дзякуючы абнаўленню ён нагадвае палац. Але не гэта галоўнае. Важней, што змянілася ўся тэхнічная начынка, сцэна і зала. Сёння сюды не сорамна запрасіць зорак сусвет­най велічыні. Андрыс Ліепа, Ніна Ананіяшвілі і многія іншыя спявалі оды нашаму Вялікаму, параўноўваючы яго з лепшымі пляцоўкамі свету.

Будынку Купалаўскага больш за сто гадоў, але да нядаўняга часу ён мала чым нагадваў дзецішча польскага дойліда Караля Казлоўскага. У 1949 годзе ў тэатры прайшла рэканструкцыя інтэр`ераў па праекце Георгія Заборскага, а ў 1958 годзе быў зменены галоўны фасад па праекце архітэктара Абрама Духана: надбудаваны бакавыя крылы да другога паверха і праведзена перапланіроўка некаторых дапаможных памяшканняў. Задуманая ў пачатку гэтага стагоддзя рэканструкцыя мела на мэце вяртанне знешняга выгляду 1890 года. Разам з ім перайначана практычна ўсё «нутро», пачынаючы ад вешалкі. Гардэроб размясціўся на цокальным паверсе, змяніліся туалеты і буфет. Галоўнае – не пазнаць глядацкую залу і сцэну, апошняя стала глыбей, можа варочацца і апускацца. Крэслаў цяпер менш, затое яны больш камфортныя.

Купалаўскі па-раней­шаму застаецца самым запатрабаваным драматычным тэатрам краіны. І прычына гэтага не толькі ў сузор’і выдатных акцёраў, прыцягвае туды і атмасфера XIX стагоддзя, якую ўдалося аднавіць пасля рэканструкцыі.

Маладзёжны тэатр – адзін з са­мых маладых у краіне, але ў той жа час і найбольш шматпакутны. З першага дня свайго існавання ён не меў уласнай сцэны. Крыху пазней акцёры размясціліся ў будынку былога кінатэатра «Спартак», але нават яго рэканструкцыя не зрабіла тэатр зручным для трупы і гледачоў. Праўда, першы час гэта ніяк не адбівалася на творчасці: на ўздыме было пастаўлена некалькі выдатных спектакляў. Але потым стала зразумела, што ў такіх умо­вах далей жыць складана. Най­лепшым варыянтам бачылася рэканструкцыя будынка, яго па­шырэнне. Але супраць паўстала грамадскасць, маўляў, прыбудова будзе знаходзіцца на месцы ста­рых могілак.

Так у адзін момант, як і ў па­чатку свайго існавання, трупа стала бяздомнай. Хутка гарадскія ўлады знайшлі ўдалае выйсце. Яны перадалі тэатру закінуты будынак былога Дома культуры будаўнікоў. Год напружанай работы на рэканструкцыі – і яго не пазнаць. Выдатныя грымёркі, пра якія акцёры раней толькі марылі, шыкоўныя холы, вялікая сцэна: цяпер маладзёжны тэатр – гэта не толькі спектаклі, але

і добрае месца для канцэртаў, іншых урачыстасцей.

КАМПЕТЭНТНА

Барыс НОВІКАЎ, начальнік упраўлення капі­тальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры:

— Вялікі і Купалаўскі тэатры перажылі маштабныя рэканструкцыі, якіх не было з савецкіх часоў. На першы было выдаткавана 318 мільярдаў рублёў, на другі – 430 мільярдаў. Некаторым іншым падобным установам таксама патрабуецца абнаўленне. Напрыклад, у 2013-м быў праведзены рамонт у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага.

Міністэрства прыкладае шмат намаганняў, каб установы культуры адпавядалі самым высокім стандартам. Так, у мінулым годзе на закупку музычных інструментаў, гукавой і светлавой апаратуры, камп’ютарнага абсталявання было выдаткавана 19 мільярдаў рублёў. Падтрыманне тэатраў у здавальняючым стане – адна з прыярытэтных задач міністэрства, ёй удзяляецца шмат увагі.

stepuro@rambler.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter