В Гомеле начался новый сезон проекта «100 идей для Беларуси»

Стартапы заўтрашняга дня

Прэзентацыя стартапаў на базе Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В. Сухога — адбор на ўзроўні ВНУ. Гэта першы этап конкурсу ў сезоне 2018 года для ўсёй краіны, самы старт праекта. Строгае журы разгледзела 11 заявак ад актывістаў БРСМ. Тэмы для сваіх работ маладыя людзі ўзялі самыя розныя — ад эканоміі электраэнергіі да турызму.

Адна штучная няроўнасць дасць энергію для работы 17 ліхтароў.

Цікавую ідэю прапанаваў студэнт чацвёртага курса тэхнічнага ўніверсітэта Міхаіл Унукаў. Разам са сваёй сястрой Ганнай, выпускніцай той жа ВНУ, ён распрацаваў энерганезалежную сістэму электразабеспячэння вулічнага асвятлення. Сваю ўстаноўку для выпрацоўкі энергіі Міхаіл прапануе манціраваць у штучныя няроўнасці. Ужо існуючыя — каб не парушаць эстэтычны воблік горада.

— Аўтамабіль, праязджаючы праз няроўнасць, перадае ціск на элемент, які пачынае вярцецца. Два махавікі акумуліруюць iнерцыю, значыць, захоўваюць вярчэнне. Далей стаяць рэдуктар і машына, якая непасрэдна выпрацоўвае электраэнергію. Электрычнасць потым перадаюць на ліхтары.

Малады вучоны правёў даследчую работу, падлічыў колькасць транспарту, які праязджае праз адзін з «ляжачых паліцэйскіх», размешчаных у цэнтры горада. Па яго даных, адной устаноўкі хопіць, каб асвятляць 17 ліхтароў, — можна закрыць патрэбы пары кварталаў. Аднак гэтая сістэма — даволі дарагое задавальненне. Каштаваць апгрэйд штучнай няроўнасці будзе каля 25 тысяч долараў. Міхаіл тут жа парыруе:

— Гэта інвестыцыі ў будучыню. Тэрмін акупнасці — да 20 гадоў. Штогод дзякуючы сістэме можна зэканоміць каля 2,5 тысячы беларускіх рублёў, а працаваць асноўнае абсталяванне здольна каля 50 гадоў. 

Аўтобус-вышыванка можа стаць турыстычным брэндам.

Яго калегі Аліна Сурына і Маргарыта Краўчанка звярнуліся да тэмы турызму. На хвалі цікавасці да вышыванкі дзяўчаты прапануюць «апрануць» у нацыянальны арнамент гарадскі рэйсавы аўтобус. Такі сродак руху трэба належным чынам прапіярыць і зрабіць адным з турыстычных брэндаў Гомеля. Аліна сцвярджае:

— Гэта паслужыць добрым дадаткам да пліткі-вышыванкі, якой зараз выкладаюць тратуары ў Гомелі.

Да таго ж унутры транспартнага сродку, які дзяўчаты прапануюць назваць «аўтобус-прадказальнік», трэба прадаваць своеасаблівыя квіткі. Яны могуць быць рознага колеру і з розным арнаментам — кожны будзе даваць унікальны прагноз для пасажыраў. 

Трэба адзначыць, што журы разглядала праекты даволі строга. Студэнтка Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажыўкааперацыі Валерыя Емяльянчыкава прапанавала пабудаваць у кожным рэгіёне крэматорыі і паступова замяніць традыцыйныя рытуалы пахавання. Такая ініцыятыва вырашыла б зямельную праблему, палепшыла экалогію і эстэтыку развітання з памерлымі. З гэтым першы сакратар Гомельскай гарадской арганізацыі БРСМ Мікалай Светагор пагадзіўся, але задаў справядлівае пытанне:

— Чаму вы прыводзіце вопыт еўрапейскіх краін і ЗША? Трэба прааналізаваць сітуацыю і цікавасць да крэматорыяў у дзяржавах з пераважаючым праваслаўем. Ці гатовы людзі перайсці на падобную практыку?

 Журы прааналізуе прадстаўленыя заявы, і лепшыя з прапанаваных работ прымуць удзел у наступных этапах адбору. 

valchenko@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter