Велапаркоўкi, антывандальныя трэнажоры i дадатковыя лiхтары з'явяцца пасля капрамонту ў мiнскiх дворыках

Стартапы нашага двара

Мінскія камунальнікі вяртаюцца да комплекснага добраўпарадкавання дваровых тэрыторый. Гэта азначае не толькі адрамантаваць праезную частку і пешаходныя дарожкі, але і паставiць новыя дзіцячыя пляцоўкі, велапаркоўкі і арганiзаваць азеляненне. У спісах на абнаўленне дзесяць мiнскiх двароў. Колькі часу пойдзе на рамонт «пад ключ» і за чый кошт ён будзе адбывацца, даведвалася карэспандэнт «Рэспублікі».

Новыя арэлі ці горкі ў дварах з'яўляюцца не толькі падчас капітальнага рамонту.

Дамы № 3 і № 5 на вуліцы Жудро капітальна адрамантавалі. Пад гэтую марку істотна зменіцца і дваровая тэрыторыя паміж імі. Аб цяперашнім яе стане рабіць вывад пакуль не дазваляюць гурбы снегу. Звычайны двор з турніком, жалезнай дзіцячай горкай і забіты пад завязку аўтамабілямі жыхароў. Да канца года праезную частку тут пашыраць, усталююць на ёй некалькi «ляжачых паліцэйскіх». Таксама тут з'явяцца дадатковыя парковачныя месцы, а на дзіцячай пляцоўцы — новае сучаснае абсталяванне.

Праект ужо падрыхтаваны, зараз праводзяцца электронныя таргі па выбары падраднай арганізацыі, удакладняе начальнік аддзела па добраўпарадкаванні і санітарным утрыманні жылфонду ЖКГ № 2 Фрунзенскага раёна Наталля Шчарбачэня. І такі двор выбраны ў кожным раёне горада.

Але гэта так званы капітальны рамонт. Часцей адбываецца бягучы. У ім можна паўдзельнічаць фінансава. Па-першае, работнікі камунальных службаў двойчы ў год аглядаюць дваровыя тэрыторыі. Вышчарбленая лесвіца, яма на асфальце, адсутнасць агароджы — усё заносіцца ў план работ па добраўпарадкаванні. Увесну гэты план карэкціруецца. Раз у месяц спецыялісты тэхнагляду на сходзе з жыхарамі абмяркоўваюць стан дваровых тэрыторый. На іх і прапануюць аказаць пасільную дапамогу. Па-другое, можна самастойна звярнуцца ў ЖЭК. Напрыклад, калі ёсць жаданне ўстанавіць дадатковую горку, ці турнік, ці арэлі. Праўда, і ў гэтым выпадку трэба ўзгадненне і эскізнае рашэнне. Дарэчы, толькі ў Мінску ў мінулым годзе выкананы бягучы рамонт элементаў добраўпарадкавання на 502 дваровых тэрыторыях. У гэтым годзе запланавана адрамантаваць яшчэ 435.

Вернемся да капрамонту мінскіх двароў. Праектная дакументацыя па комплексным добраўпарадкаванні і каштарыс для дзесяці з іх ужо распрацаваны. З гарадскога бюджэту на гэтыя мерапрыемствы выдзелена 4406 тысяч рублёў, прыводзіць лічбы намеснік дырэктара ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Аляксей Герасімчык. Тэрмін правядзення работ — ад двух да сямі месяцаў. Вызначаны ён праектнай дакументацыяй у залежнасці ад відаў і аб'ёмаў работ. Зараз КУП ЖКГ раёнаў Мінска праводзяць працэдуру дзяржаўнай закупкі па выбары падрадчыка на выкананне работ па капітальным рамонце названых дваровых тэрыторый. У пералік асноўных відаў работ уваходзіць пашырэнне праездаў з устройваннем штучных няроўнасцей; устройванне дадатковых парковачных месцаў, пешаходных дарожак, знадворнага асвятлення, дзіцячых гульнявых і спартыўных пляцовак з устаноўкай антывандальных трэнажораў і абсталявання, велапарковак, кантэйнерных і гаспадарчых пляцовак; азеляненне тэрыторый. Таксама мяркуюцца мерапрыемствы па забеспячэнні бяспечнага дарожнага руху і безбар'ернага асяроддзя.

misnik@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter