Роўна праз шэсць дзён пачнецца рэгістрацыя на ЦТ-2016. 2 мая а 9-й гадзіне раніцы адчыняць дзверы пункты рэгістрацыі на ЦТ у розных кутках краіны. Нагадаем, працаваць яны будуць да 19.00. Выключэнне складуць толькі суботнія (14 і 28 мая) і нядзельныя (22 мая) дні, калі час іх працы будзе скарочаны на гадзіну. З пералікам пунктаў рэгістрацыі, якія ёсць у кожнай вобласці і ў Мінску, можна азнаёміцца на сайце rikz.by. Працягнецца рэгістрацыя да 1 чэрвеня.

Пунктаў тэсціравання ва ўсіх рэгіёнах краіны, якія прымуць абітурыентаў у час уступнай кампаніі-2016, за сорак. У іх ліку Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце, БДУ, БНТУ, БДУІР, БДМУ, БДЭУ, БДПУ імя Максіма Танка і іншыя. Найбольшую колькасць жадаючых змогуць прыняць БДУ — 4500 чалавек і Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны — 4000 чалавек. Што датычыцца самога ЦТ, яно працягнецца 15 дзён — з 13 па 27 чэрвеня.
Нагадаем, першым уступным іспытам, які адбудзецца ўжо 13 чэрвеня, стане беларуская мова. На 14 чэрвеня запланаваны экзамен па рускай мове, 16 чэрвеня — па грамадазнаўстве, 18 чэрвеня — па біялогіі, 19 чэрвеня — па матэматыцы, 21 чэрвеня — па гісторыі Беларусі, 23 чэрвеня — па хіміі і 25 чэрвеня — па замежных мовах. А 27 чэрвеня завершаць пералік сусветная гісторыя (найноўшы час) і геаграфія. У якасці рэзервовага дня, зарэгістравацца на які ў шасці пунктах рэгістрацыі Мінска і рэгіёнаў можна з 28 чэрвеня па 1 ліпеня, вызначана 5 ліпеня. Месцам правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовы дзень традыцыйна стане Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Нагадаем: як і ў мінулым годзе, станоўчы адлік на ЦТ па беларускай або рускай мове пачнецца ад 10 балаў, выключаючы некаторыя філалагічныя спецыяльнасці, дзе гэтае значэнне можа дасягаць 20. Як мінімум, на 20 па першым прадмеце профільнага іспыту абітурыенты павінны будуць здаць гісторыю Беларусі, сусветную гісторыю найноўшага часу, грамадазнаўства, геаграфію і замежныя мовы. У 15 ацэньваюцца матэматыка, фізіка, хімія, біялогія. І на пяць балаў становіцца лягчэй кожны з названых прадметаў, калі гаворка ідзе пра другое профільнае выпрабаванне.
Але ёсць і выключэнні. Напрыклад, для ўстаноў вышэйшай адукацыі Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта, на ваенныя факультэты «грамадзянскіх» ВНУ, а таксама па групах спецыяльнасцей «Вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства», «Жывёлагадоўля. Рыбаводства. Пчалярства», «Сельскае будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторый» і іншых ніжнія парогавыя значэнні складаюць да 4 балаў уключна.
Што датычыцца прыёму дакументаў на бюджэт, ён адбудзецца з 8 па 14 ліпеня. На наступны дзень, 15 ліпеня, пачнуцца ўступныя іспыты па творчасці, фізічнай культуры, а таксама для тых, хто паступае на скарочаны тэрмін навучання на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Дарэчы, усе ўступныя іспыты для бюджэтнікаў і платнікаў пройдуць у адну сесію.
veraart14@mail.ru