Старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Мікалай КАКОРА: «Палешукі – народ руплівы і ўнікальны»

– ТАКОЙ колькасці ўлюбёных у фальклор людзей, як у нас, мала знойдзеш у рэспубліцы.

Сёння ў нашым раёне 35 калектываў са званнем «народны», дзе займаюцца 720 чалавек. Яны — удзельнікі рознага ўзроўню. На нашай зямлі шмат сямейных народных калектываў. Напрыклад, «Абібок». Ёсць таксама цэлыя дынастыі майстроў. Займаюцца бондарствам, разьбой па дрэве, ткацтвам, вязаннем, скульптурай. Сярод іх нават мужчына-мастак, які вышывае крыжыкам. З гонарам успамінаю, што на мінулым фестывалі «Зов Полесья» менавіта наш, Жыткавіцкі, раён заваяваў Гран-пры. Журы спадабаліся не толькі выступленні, але і этнавыстаўка. Мы не рыхтаваліся спецыяльна, этнакуточкі аформлены амаль у кожным пасёлку.

У гэтым годзе мы прадставім на фестывалі рыбалоўны промысел. У жыхароў захаваліся нават старажытныя прылады для рыбнай лоўлі, а народныя ўмельцы рыхтуюцца паказаць сапраўдны майстар-клас па вырабе такіх рэчаў. Прыемна, што цяпер на Палессі ёсць асабісты фестываль. Нашы дзеці будуць памятаць традыцыі, ды і ў рэспубліцы нядрэнна паказаць, што палешукі — народ руплівы і па-свойму ўнікальны. Напрыклад, наш «Юраўскі карагод» ведаюць ужо на міжнародным узроўні. Легендарным стаў абрад «Жаніцьба коміна». Жыткаўшчына багатая на гасцей. І ў нас тут паўнацэнны сэрвіс. У райцэнтры і ў Тураве пабудаваны камфартабельныя гасцініцы. А па ўсім раёне ўжо 27 аграсядзіб, большая частка з якіх — у фальклорным стылі. Нават мэбля — «тых часоў». Асабліва гараджанам цікава адпачыць тут. За агратурызмам, несумненна, будучыня.

У ТЭМУ

ЖЫТКАЎШЧЫНА — гэта амаль тры тысячы квадратных кіламетраў, дзе больш за палову займае лес, а астатняе — сапраўдная водная прастора са сваімі казкамі і легендамі. Тут працякае адна з самых вялікіх рэк нашай краіны — Прыпяць з прытокамі Случ, Сцвіга, Скрыпніца. Тут раскінуліся возера Белае, плошчай больш за 15 квадратных кіламетраў, ды возера Чырвонае — буйнейшае на Гомельшчыне (каля 44 кв. км). Рыбацкі промысел з даўніх часоў у жыткаўчан амаль на першым месцы. На тэрыторыі раёна сёння працуюць два рыбгасы— ААТ «Красная зорька» і ААТ «Опытный рыбхоз «Белое». Тут стаяць на ўвесь свет знакаміты горад Тураў і непаўторная сядзіба «Затерянный рай» майстра-самародка Маслава. А сярод нізіны і дрыгвы — радовішчы торфу і кааліну, гаручых сланцаў, граніту і кварцавых гнейсаў.

Ганна ЖУКОЎСКАЯ, «БН»

Фота  аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter