Рекордную урожайность – 105 центнеров с гектара зерна – получили хлеборобы СПК «Гродненский»

Старшыня СВК «Гродзенскі» Аляксандр Шантыр: «Рызыкую сам і не забараняю іншым, але кожны крок, як шахматыст, пралічваю»

Сёлетні год юбілейны для СВК «Гродзенскі» Гродзенскага раёна: 70 гадоў з моманту арганізацыі калгаса «Ленінскі шлях» з цэнтральнай сядзібай у прыгараднай вёсцы Падлабенне. Рэкордным ураджаем сустрэлі хлебаробы юбілей — 105 цэнтнераў зерня на круг (збожжавы клін — 993 гектары). Упершыню ў гісторыі сельгаспрадпрыемства ў засекі засыпана 10 500 тон збажыны. І летась па ўраджайнасці зерневых гаспадарка заняла другое месца ў вобласці.

Формулай поспеху старшыня Аляксандр ШАНТЫР лічыць добрасумленную працу земляробаў і дакладнае выкананне тэхналогіі. Дбаюць у калектыве і пра зніжэнне затрат на вытворчасць прадукцыі. Такі закон сельгасбізнесу.

Сельгаспрадпрыемства стала маяком, на які раўняюцца хлебаробы не толькі Гродзеншчыны, але і ўсёй краіны. Умеюць тут зарабляць і лічыць грошы. Сродкі ўкладваюць менавіта ў вытворчасць, якая дае найбольшую аддачу. За ўсім гэтым стаяць таленавітыя і працалюбівыя людзі, сапраўдныя патрыёты сваёй зямлі.

За руплівасць і адданасць справе кіраўнік сельгаспрадпрыемства па выніках конкурсу абласнога аграпрамысловага саюза неаднаразова выходзіў у прызёры. Аляксандр Станіслававіч адзначаны граматамі Мінсельгасхарча і Гродзенскага абласнога і гарадскога выканкамаў. Абраны дэпутатам Гродзенскага райсавета.


Вырас Аляксандр Шантыр у вялікай сялянскай сям'і. Бацькі працавалі ў калгасе. На падворку трымалі дзвюх кароў, цялят, свіней, хатнюю птушку. Летам усёй сям'ёю на лугавіне за навагрудскай вёскай Сялец нарыхтоўвалі сена. У засушлівыя гады, калі ад спёкі трава выгарала, для корму жывёле запасаліся яловымі галінкамі. На калгасным полі апрацоўвалі па некалькі гектараў буракоў.

Спакойнае жыццё сялянскай сям'і абарвала бяда: раптоўна не стала бацькі. Аўдавелай маці цяжка стала гадаваць васьмёра дзяцей. Дзяржава падтрымала сірот. Восем класаў Аляксандр скончыў у Парэцкай школе-інтэрнаце, што непадалёку ад Гродна. У юнацтве сто дарог адкрыта.

— Мяне вабіла мора. Мроіў пакараць акіяны на ваенных караблях, — узгадвае мінулае Аляксандр Шантыр. — Вырашыў пасля васьмігодкі вучыцца на марака-радыста. Падаў дакументы ў мараходнае вучылішча. Пасля паспяховай здачы ўступных экзаменаў даведаўся, што рыхтуюць спецыялістаў для рыбаперапрацоўчых заводаў-караблёў. Адчуў, што памыліўся ў выбары. У той жа год паступіў на агранамічнае аддзяленне Навагрудскага саўгаса-тэхнікума. Быў старастаю групы. Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, захапляўся спортам. Пасля двух з паловай гадоў вучобы перавёўся на завочнае аддзяленне, бо трэба было дапамагаць састарэлай маці. Пайшоў працаваць у будаўнічую брыгаду калгаса. Як споўнілася 18 гадоў, у ДТСААФ скончыў курсы вадзіцеляў. Потым было два гады службы на перасоўна-тэхнічнай базе ў Мурманску. Адслужыў і дома сеў за руль калгаснага грузавіка. Завочна скончыў вучобу ў тэхнікуме і атрымаў дыплом з адзнакаю. Працаваў спецыялістам у гродзенскіх гаспадарках. Карцела вярнуцца ў родныя мясціны. Прыехаў на Навагрудчыну. У бацькоўскім доме гаспадарылі чужыя людзі. Зашчыміла сэрца, як убачыў забітыя плёнкай вокны калгаснай канторы. Вырашыў звярнуцца да кіраўніка вядомага СВК «Кастрычнік-Гродна» Героя Беларусі Віталя Ілліча Крамко, каб працаўладкавацца. Ён выслухаў мяне, пацікавіўся, чым займаўся, сямейным становішчам і прапанаваў праз тыдзень сустрэцца. У вызначаны час ён зноў прыняў мяне. Выклікаў спецыяліста, якому даручыў зрабіць даведкі пра мяне. Але той не выканаў распараджэнне. Старшыня папрасіў у мяне прабачэння і сказаў праз некалькі дзён патэлефанаваць яму. Так я і зрабіў — і пачуў ад кіраўніка запрашэнне на пасаду агранома вытворчага ўчастка. Хутка праляцелі дзесяць гадоў працы пад кіраўніцтвам мудрага старшыні. Завочна скончыў аграфак Гро­дзенскага сельгасінстытута. Займеў сям'ю. Нарадзілася дачка. У вёсцы Ніжнія Пагараны атрымалі жыллё ў былым панскім доме. Уражвала мудрасць Крамко, яго ўменне кіраваць калектывам, адчуваць кожнага працаўніка. Віталь Ілліч годна ўвайшоў у гісторыю калгаснага руху нашай краіны.

У жыцці кожнага грамадзяніна важную ролю адыгрывае гістарычная памяць. Мы абавязаны ведаць не толькі пра сваіх продкаў, але і пра краіну, ганарыцца слаўнымі старонкамі яе мінулага. Нашы сельгасугоддзі прымыкаюць да дзяржаўнай мяжы з Польшчай. Побач з хлебнымі нівамі захаваліся чатыры форты, пабудаваныя ў Першую сусветную вайну. На першым узвышаецца помнік невядомаму салдату. На абеліску выбіты прозвішчы франтавікоў, што загінулі ў вайну на подступах да Гродна. Непадалёку ад трэцяга форта ўсталяваны мемарыял смуткуючай маці. Штогод у Дзень Перамогі там ладзяцца мітынгі. З жонкаю Леакадзіяй Мечыславаўнай, дачкою Мартай, зяцем кожную вясну на гэтых святынях наводзім парадак. Бяром з сабою і ўнучку Эвеліну. Ёй працягваць сямейныя традыцыі.

— Аляксандр Станіслававіч, вы 13‑ы год кіруеце калектывам. З чаго пачыналі старшынёўства?

— З пошуку кармоў для жывёлы. Кукуруза займала 400 гектараў, што не дазваляла назапашваць неабходнай колькасці фуражу. Перад вясною не было чым карміць кароў. Ездзілі па сусе­дзях. Нам прадавалі не самы лепшы корм. Прыняў гаспадарку з вялікімі даўгамі. Стаяла задача падняць надоі на фермах. Заняліся мадэрнізацыяй жывёлагадоўчых памяшканняў. Пабудавалі малочна-таварны комплекс на 777 кароў. Вырашылі самастойна рыхтаваць прэміксы для жывёлы. Фураж атрымліваўся больш спажыўным. Скараціліся затраты на вытворчасць малака. Зусім інакш абстаяць справы зараз. Па падліках эканамістаў, праз тры гады выплацім банкаўскія пазыкі і будзе магчымасць атрыманыя сродкі накіроўваць на развіццё вытворчасці і сацыяльнай сферы, каб усім камфортна працавалася і жылося. Быць кіраўніком — адказна і складана: за тваімі плячыма лёсы падначаленых і іх сем'яў.

У калектыве было 240 працуючых, зараз амаль на сотню менш, аб'ём жа выпускаемай прадукцыі вырас. Поўнасцю пазбавіліся ручной працы.

За першыя два гады стар­шынёўства амаль падвоілі выпуск прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Ад рэалізацыі яе на рахунку з'явіліся грошы. Гэта дало магчымасць абнаўляць машынна-трактарны парк. Збожжавыя высяваем сучаснай камп'ютарызаванай сеялкай. Электроніка дазіруе норму высеву. У час сяўбы агрэгаты ачышчаюць глебу ад расліннасці і камянёў. Сінхронна ўносяцца ўгнаенні, што дае магчымасць у тры разы зніжаць расход паліва. Па іржышчы высеялі свірэпку на сянаж. Гэта дадаткова папоўніць фуражны запас. Набылі прэс для ўборкі саломы і сена. Як аграном, разумеў: без сучасных тэхналогій на палях не абысціся — восьмы год так убіраем салому. Распрацавалі картаграму зямельных угоддзяў. Згодна з ёю кожнае поле сталі максімальна запраўляць неабходнымі ўгнаеннямі.

Значную частку прыбытку накіроўваем на развіццё сацыяльнай сферы. На цэнтральнай сядзібе ў аграгарадку Падлабенне будуем шэсць блакіраваных кватэр, кожная па 128 квадратных метраў.

— Гэта садзейнічае замацаванню кадраў?

— Жыллём забяспечваем спецыялістаў, механізатараў, жы­вёла­водаў. Імкнёмся, каб моладзь пускала карані ў гаспадарцы. Дзеля гэтага ствараем максімальна спрыяльныя ўмовы для жыцця і працы. Побач абласны цэнтр з разнастайнасцю сацыяльных спакус. Аднымі заробкамі сёння нікога не затрымаеш. Маладыя жадаюць нарміраваны працоўны дзень, пастаянныя выхадныя. Пасля заканчэння праф­тэхліцэяў калектыў папаўняюць механізатары, жывёлаводы. Большасць з іх адпрацоўвае неабходны тэрмін і потым разлічваецца. Гэта праблема не толькі прыгарадных гаспадарак. Пытанне матывацыі да працы на зямлі патрабуе вырашэння на дзяржаўным узроўні.

Горад наступае на нашы палі. Пасяўныя плошчы змяншаюцца, але валавы намалот большае. Сёлета ўпершыню атрымалі па 105 цэнтнераў збожжа на круг. Вясною па моцным куставым апараце было відаць, што ўраджай будзе высокі. Некаторыя суседнія гаспадаркі перасявалі зерневыя, а ў нас не было такой неабходнасці.

З амаль тысячагектарнага збожжавага кліна 80 працэнтаў займала азімая пшаніца. Вырошчваем і азімае жыта нямецкага гібрыднага сорту. Яно таксама добра родзіць на нашых землях.

— Як плануеце выкарыстаць шчодры ўраджай?

— Святое правіла — выкананне дзяржзаказа. Летась дзяржаве рэалізавалі 500 тон збожжа, а сёлета паставілі амаль у чатыры разы больш. Парадаваў азімы рапс: кожны з 170 гектараў даў па 70 цэнтнераў насення. Пасяўныя плошчы па­вя­лічым на 60 гектараў. Гэта дасць магчымасць значна папоўніць бялком кармавы баланс для грамадскага статка. За дзесяцігоддзе надой ад кожнай каровы вырас амаль на 3 тоны. Рэалізуем малако толькі гатункам экстра.

— Па ўраджайнасці збожжавых вы лідзіруеце ў рэспубліцы. На вашых хлебаробаў раўняюцца іншыя. А які сёння арыенцір у гас­падарцы?

— Ён абгрунтаваны на патэнцыяльных магчымасцях. У будучым годзе маем намер узняць планку ўраджайнасці збожжавых яшчэ на 15 працэнтаў. Гэта абсалютна рэальна. Такім чынам, гарантавана не толькі забяспечым свой статак уласнымі кармамі, але і створым сур'ёзны запас фуражу. Каб трымацца ў лідарах, трэба дбаць пра будучае. Сёлета ўпершыню пасеялі 200 гектараў сланечніку. Кукуруза — крыніца энергіі для жывёл, а сланечнік папаўняе кармавы баланс бялком. Пад удзеяннем энергіі бялок расшчапляецца, і лепш ўжываецца корм. Сярэднегадавы надой ад каровы на нашых фермах набліжаецца да 8000 кілаграмаў. Дойны статак паступова пераводзім на больш прадукцыйную галштынскую пароду.

— Ваша галоўнае правіла ў працы?

— Не замінаць іншым. Самому не спыняцца на дасягнутым. Імкнуцца, каб праца была ў радасць і прыносіла плён. Тады і настройваешся працаваць яшчэ лепш. З дзяцінства памяць моцна трымае пах таго хлеба, што пякла бабуля. У нашым доме не было печы. Яна ў дзяжы рашчыняла хлеб, вымешвала цеста рукамі, распальвала печ і пякла боханы. Бабуля частавала кавалкам свежаспечанага хлеба і шклянкай малака. У жытняга непаўторны духмяны водар. У школе-інтэрнаце мы сушылі скібачкі магазіннага хлеба і падсілкоўваліся ім. Да працы хлебароба стаўлюся з асаблівай павагай.

— Сучасны кіраўнік — гэта…

— …Менеджар, які здольны ў першую чаргу наладзіць вытворчасць прадукцыі з мінімальнымі затратамі. З галоўнымі спецыялістамі параіліся і прынялі рашэнне будучай вясною кукурузу сеяць па пожні без унясення ўгнаенняў. Сёлета на невялікім участку эксперыментавалі. Гэта ідэя зацікавіла намесніка старшыні аблвыканкама Валерыя Хелскага. Прыязджаў тройчы на доследнае поле. Кукуруза ўзнялася сцяною. Так у любой справе кіраўнік павінен быць мадэратарам ідэй і арганізатарам іх рэалізацыі.

З вясны і да позняй восені ў працаўнікоў вёскі клопатаў хапае. Толькі паспявай з усім спраўляцца. На закладцы сенажу механізатары без перадыху працавалі ад відна да цямна. Калі напоўнілі зялёнай масай траншэю, далі ім магчымасць некалькі дзён адпачыць. Так у любой справе важна не перагнуць, адчуць меру. Людзі на клопат аб іх адгукаюцца. Чулым павінен быць сучасны кіраўнік.

— Вы жывяце розумам ці сэрцам?

— Сэрца — цудоўны дарадчык, а розум ратуе ад памылак. Да асенняй непагадзі спяшаемся завяршыць трэці ўкос траў, падсушыць зялёную масу для закладкі на сянаж. Звяртаюся да механізатараў, каб паспець справіцца. За перапрацоўку даплачваем. І гэта сябе апраўдвае. Кіраваць сельгаспрадпрыемствам — не жыць адным днём, а прадбачыць верагодныя перашкоды, адчуваць, што чакае за паваротам.

— А ці даводзілася рызыкаваць?

— Без гэтага немагчыма кіраваць. Не забараняю рызыкаваць спецыялістам. Усё пазнаецца ў параўнанні. Кожны крок, як шахматыст за дошкай, пралічваю і толькі тады прымаю рашэнне ці ісці на рызыку.

— Якім сваім учынкам ганарыцеся?

— Гэта павінны ацаніць іншыя. Мне прыемна, што змог вывесці гаспадарку з даўгоў, даць людзям магчымасць добра зарабляць, выйсці на такую рэкордную ўраджайнасць. Радуюць і поспехі на нашых фермах. Адпаведна і заробкі ў нас высокія. Аператары машыннага даення ў сярэднім атрымліваюць штомесяц па 2000 рублёў. А ў механізатараў у час жніва заробкі яшчэ большыя.

— Што для вас прыемней: браць ці даваць?

— Святая справа — дапамагаць. З дзяцінства да гэтага прызвычаены. Так вучылі паступаць бацькі і педагогі ў школе-інтэрнаце. Узаемавыручка падтрымлівала і ў час службы на флоце. Дапамога людзям стала маім жыццёвым правілам. У суседняй гаспадарцы няма крана і іншай спецыяльнай тэхнікі. Калі ім неабходна, выручаем. Другой гаспадарцы не адмовілі вясною ў фуражным збожжы.

— Дзе бавіце вольны час?

— Для кіраўніка сельгаспрадпрыемства, нават калі поле ляжыць да вясны пад снежным покрывам, спраў удосталь. Кожны дзень напоўнены падзеямі, сустрэчамі, нарадамі і іншымі клопатамі. Увечары стомлены вяртаешся дамоў, найбольшая асалода — сустрэча з унучкай Эвелінай. Для мяне гэта бальзам. Стому як рукой здымае. Люблю вандраваць у машыне па палях і сенажацях, бываць на жывёлагадоўчай ферме. Увечары звычайна ўсе збіраемся дома. Жонка, дачка і зяць працуюць у гаспадарцы. Часта за сямейным сталом абмяркоўваем справы калектыву, дзелімся думкамі і планамі. Напэўна, для шчасця большага і не трэба.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter