Старшыня сваё слова трымае

ПЫТАЮСЯ ў старшыні СВК «Калгас імя Свярдлова», што на Кіраўшчыне, Анатоля Ланкуця: — Як вам удаецца замацоўваць у працоўным калектыве маладыя, актыўныя, ініцыятыўныя кадры? Яны шчыруюць у вас сярод інжынерных работнікаў, механізатараў, заатэхнікаў, у бухгалтэрыі? — Сакрэт вельмі просты, — адказвае Анатоль Ланкуць. — Сваіх маладых спецыялістаў мы жэнім, далей новай сям’і выдзяляем утульнае жыллё, дапамагаем і не пакідаем без увагі. Я сам заўжды езджу на размеркаванні ў навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю, гутару з іх навучэнцамі і студэнтамі, запрашаю да нас на працу. Вось зараз пазнаёмлю вас з новым галоўным ветурачом — выпускніцай Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, якая прыступіла да работы ў сёлетнім жніўні, Алінай Зорынай і з заатэхнікам Марынай Ашчэпкавай — яна прыйшла ў наш калектыў летась пасля заканчэння Клімавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа.

Якія мэты ставяць перад сабой маладыя спецыялісты з Кіраўшчыны Аліна Зорына і Марына Ашчэпкава...

ПЫТАЮСЯ ў старшыні СВК «Калгас імя Свярдлова», што на Кіраўшчыне, Анатоля Ланкуця: — Як вам удаецца замацоўваць у працоўным калектыве маладыя, актыўныя, ініцыятыўныя кадры? Яны шчыруюць у вас сярод інжынерных работнікаў, механізатараў, заатэхнікаў, у бухгалтэрыі? — Сакрэт вельмі просты, — адказвае Анатоль Ланкуць. — Сваіх маладых спецыялістаў мы жэнім, далей новай сям’і выдзяляем утульнае жыллё, дапамагаем і не пакідаем без увагі. Я сам заўжды езджу на размеркаванні ў навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю, гутару з іх навучэнцамі і студэнтамі, запрашаю да нас на працу. Вось зараз пазнаёмлю вас з новым галоўным ветурачом — выпускніцай Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, якая прыступіла да работы ў сёлетнім жніўні, Алінай Зорынай і з заатэхнікам Марынай Ашчэпкавай — яна прыйшла ў наш калектыў летась пасля заканчэння Клімавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа.

«Я прыехала не адпрацоўваць, а працаваць»

Аліна Зорына — бабруйчанка. Будучы сямікласніцай, дзяўчына ўжо задумалася, якую справу выбраць. Моцная прыхільнасць да братоў нашых меншых, жаданне даглядаць іх, дапамагаць сталі падставай для прыняцця рашэння. Сваімі меркаваннямі Аліна падзялілася з роднымі.

— Маё рашэнне адразу не падтрымалі, — прызнаецца ў размове з намі малады ветурач. — Адмаўлялі, аргументуючы тым, што ветэрынарны ўрач працуе не толькі ў сучасных клініках, але і на фермах, лечыць не толькі коцікаў і сабачак, але і кароў, свіней. Калі я паступала ў Віцебскую ветакадэмію, добра разумела, чым буду займацца пасля атрымання дыплома, але адчувала, што гэта справа мая. Ведаеце, вельмі важна знайсці сваё месца ў жыцці, я была ўпэўнена, што знайшла.

Гады вучобы для Аліны Зорынай праляцелі нібы адзін дзень: цікава, насычана, напоўненыя новымі ведамі, адкрыццямі, уражаннямі. Асабліва захапляла хірургія, праўда, навыкі аперыравання студэнты адпрацоўвалі толькі на мясакамбінаце. Праводзіць сапраўдную хірургічную аперацыю, рабіць вакцынацыю, прымаць роды ў кароў Аліна вучылася самастойна — на працы ў СВК «Калгас імя Свярдлова». Тут гэтага маладога спецыяліста чакалі з нецярпеннем (нават падрыхтавалі ёй утульны домік), тым больш што напярэдадні дзяўчына праходзіла ў гаспадарцы пераддыпломную практыку і станоўча зарэкамендавала сябе.

Аліна працягвае размову:

— Памятаю, у першы дзень майго прыезду старшыня Анатоль Ланкуць запытаўся: «Прыехала адпрацоўваць альбо працаваць?» Я адказала, што працаваць! Лічу абавязкам сваёй добрасумленнай, адказнай працай аддзякаваць гаспадарцы за тое, што тут добра прынялі мяне, з павагай і ўвагай паставіліся, прадаставілі першае ў жыцці рабочае месца і далі магчымасць напрацаваць вопыт, гэта дарагога варта.

На пытанне, што патрэбна сучаснаму маладому чалавеку, каб дасягнуць поспеху, Аліна адказала:

— Каб чагосьці дасягнуць, трэба ставіць перад сабой мэту. Рухацца да яе рэалізацыі, рэагаваць на няўдачы аптымістычна, з надзеяй на лепшае, а каб уліцца ў новы працоўны калектыў, трэба не канфліктаваць, знаходзіць агульныя шляхі вырашэння праблемных пытанняў. Такім жа маладым спецыялістам, як я, хачу пажадаць абавязкова знайсці сваё месца ў жыцці, ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх.

«Павысіць адукацыю і стварыць сям’ю»

Да нашай размовы з маладым ветурачом далучылася Марына Ашчэпкава. Дзяўчына — ураджэнка Чэрыкаўшчыны. З сельскагаспадарчай працай знаёма з дзяцінства. На прыкладзе сваёй маці бачыла, што справа вясковага працаўніка — цяжкая, аднак ганаровая, бо без хлеба, малака, мяса жыццё сучаснага чалавека наўрад ці будзе паўнацэнным.

— У СВК «Калгас імя Свярдлова» я трапіла невыпадкова, — распавядае аб сваім працоўным шляху Марына, — да нас, выпускнікоў Клімавіцкага агракаледжа, перад размеркаваннем Анатоль Ланкуць прыязджаў сам, з кожным пагутарыў. Ягоны расказ аб працы і жыцці ў гаспадарцы захапіў мяне, я самастойна выказала жаданне працаваць менавіта ў гэтай гаспадарцы.

Малады заатэхнік адзначыла, што ў сельскай гаспадарцы не бывае без цяжкасцей, аднак калектыў «свярдлоўцаў» зладжаны, тут не пакінуць адзін на адзін з праблемай, заўсёды падтрымаюць, дапамогуць.

— Ды і старшыня трымае сваё слова: не абмяжоўвае ўвагай, ведае, як пахваліць за добра зробленае і як далікатна ўказаць на недахопы, гэта для маладых спецыялістаў вельмі важна, — працягвае дзяўчына.

Для поспеху, на думку Марыны, трэба развіваць у сабе такую якасць, як імкненне дасягаць мэты, быць актыўным і адказным.

Пытаюся ў дзяўчыны:

— А якая ж у вас мэта, калі не сакрэт?

— Па-першае, закончыць вучобы ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, куды я паступіла, ужо працуючы ў СВК «Калгас імя Свярдлова». Па-другое, стварыць сям’ю. Па-сапраўднаму шчаслівым можна быць толькі ў коле родных, самых блізкіх для цябе людзей.

Яўгенія КАРАНКЕВІЧ

Фота Максіма МІКЕШЫНА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter