Аб чым пісала «Сельская газета» 70 гадоў таму

Старшыня Рамашка не краў i не прыпicваў

Аб чым пісала «Сельская газета» 70  гадоў таму
ПЕРШЫ снежаньскі тыдзень 1945-га выдаўся шчодрым на цікавую афіцыйную хроніку. Да прыкладу, нямецкія воінскія злучэнні да гэтага часу знаходзіліся ў англійскай зоне акупацыі Германіі; ішлі пасяджэнні Нюрнбергскага працэсу; у Грэцыі на выбарах перамаглі партыі нацыяналістычнага толку, якія замучылі Афіны фашысцкім тэрорам. Але невыпадкова “Савецкі селянін” акцэнтуе чытацкую ўвагу на 12-годдзі прыняцця Канстытуцыі СССР.

У галоўным дзяржаўным праграмным дакуменце былі сканцэнтраваны нормы, якія карэкціравалі першую Канстытуцыю, прынятую на V Усерасійскім з’ездзе Саветаў у снежні 1918 года. Прынцыповымі зменамі ў новым нарматыўна-прававым акце стала тое, што Канстытуцыя гарантавала кожнаму права на працу і адпачынак. На курортах СССР пачалі працаваць санаторыі, у тым ліку ў палацах, якія належалі дваранам. Сталінская Канстытуцыя таксама дэкларавала роўнасць нацый і рас, прадугледжвала права на бясплатную адукацыю. Уведзена ўсеагульнаабавязковая пачатковая адукацыя, створана сетка сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў. Цікава, што да Вялікай Айчыннай у Савецкім Саюзе студэнтаў было больш, чым у Германіі, Францыі, Італіі, Японіі разам узятых.

5 снежня 1945 года вёсцы Заастравечча Клецкага раёна прысвечана цэлая газетная старонка.  На  паласе размешчаны матэрыялы, у якіх ідзе гаворка пра развіццё вёскі. Напрыклад, загадчык хаты-чытальні А. Жукава апавядае пра тое, хто з’яўляецца наведвальнікам  культурнай  установы, дзе ідуць  не  толькі   культасветзаняткі, а нават і пастаноўкі   мясцовага  драматычнага  гуртка. Загадчык   урачэбнага   ўчастка   вёскі А. Іваноўскі піша, як у першы год пасля вызвалення ад фашысцкай навалы ў Заастравеччы агульнымі сіламі змаглі арганізаваць амбулаторыю. А лепшыя землі панскай Польшчы цяпер — у сялян, якія многія гады задыхаліся ад беззямелля і беспрасветнага жабрацтва.

На старонцы адзіны фотаздымак. На ім — Андрэй Рамашка, старшыня Заастравечскага сельсавета.

Чаму менавіта ён, растлумачыла нам загадчыца школьнага музея Марыя Палоннікава. Марыя Іванаўна з вучнямі збірала інфармацыю пра ветэранаў Вялікай Айчыннай, у тым ліку і пра Андрэя Мікалаевіча. Больш таго, ведала яго асабіста:

— Вясной 1944 года ў суседніх Колках ён стварыў партызанскі атрад з 55 чалавек, які ўваходзіў у 18-ю партызанскую брыгаду імя Фрунзе. Андрэй Мікалаевіч на той момант наваяваўся спаўна. У 1915 годзе пайшоў на фронт Першай сусветнай, пасля рэвалюцыі ўдзельнічаў у вайне з Польшчай. А калі летам 41-га прыйшоў вораг, быў сувязным атрада імя Жукава Мінскай вобласці. Якраз да вызвалення.

На той час Колкі былі спаленыя, таму сям’ю перавёз ва ўцалелае Заастравечча, удакладніла “СГ” 75-гадовая дачка Андрэя Рамашкі Таццяна Швайка:

— Чатыры гады мы з маці, сястрой і двума братамі жылі ў лесе. Голад, нястача… Нацярпеліся. Пасля вызвалення вяртацца не было куды, таму тата вырашыў змяніць месца жыхарства. Да чэрвеня 1950 года працаваў у Савеце, потым тры гады на такой жа пасадзе ў Морачы. І яшчэ 12 гадоў намеснікам старшыні калгаса “Праўда” (цяпер СВК “Заастравечча”). За заслугі перад Радзімай яму прызначылі персанальную пенсію ў 35 рублёў. Гэта ў 60-я былі салідныя, паверце, грошы.

Аднавяскоўцы-старажылы заўважалі: старшынёўская сям’я не шыкавала. Рамашкі жылі вельмі і вельмі сціпла. Больш клапаціўся Андрэй Мікалаевіч пра лёс і дабрабыт сялян. Тыя ж далі старшыні мянушку Босы. Таму што не краў ды не прыпісваў нічога кіраўнік, усё жыццё якога было падчынена працы. За гэта патрабаваў ад работнікаў безумоўнай выканаўчасці, быў вельмі строгі, момантамі нават жорсткі. Не пераносіў людзей неабавязковых. А з гультаямі не вітаўся прынцыпова.

У Заастравеччы хіба толькі маладыя не ведаюць пра старшыню Рамашку. Аднавяскоўцы ж успамінаюць добрым словам. А ўнукі і праўнукі — іх з Таццянай Андрэеўнай мы налічылі 17 — заўсёды прыязджаюць на могілкі, каб пакланіцца свайму прашчуру за тое, што разам з аднавяскоўцамі спачатку адваёўваў Перамогу, а потым узнімаў (фактычна ўласнымі рукамі) сельскую гаспадарку клецкага калгаса.

uskova@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter