Старшыня Пінскага райвыканкама Валерый РЭБКАВЕЦ: «Ткацкі станок – цудадзейная машына часу»

-ДЗЕ ЖЫВЕ душа народа? У песні яго.

Дзе горача б’ецца сэрца народа? У танцах яго. Дзе жыве памяць народа? У фальклоры, у адвечных традыцыях, у рамёствах, што перадалі дачцэ — маці, сыну — бацька. Гэта і ёсць тое невыказанае і неад’емнае, што робіць нацыю нацыяй, чым далёка славіцца Беларусь. А калі гаворка заходзіць пра беларускі каларыт, то, напэўна, няма нічога больш сакавітага і самабытнага, чым наша роднае Палессе.

Народныя традыцыі сталі своеасаблівай чырвонай стужкай, што звязвае нас з мінуўшчынай і злучае з будучыняй. Гэтаму спрыяе карпатлівая штодзённая праца таленавітых, улюбёных у сваю справу людзей, якія жывуць на Піншчыне. Сярод іх — больш за 200 народных умельцаў і майстроў, якія займаюцца разнастайнымі відамі творчасці, а таксама працуюць тры клубы народных майстроў.

На фестывалі этнакультурных традыцый «Зов Полесья» мы будзем прадстаўляць адзін з самых старажытных відаў народнай творчасці — ткацтва. Жанчыны-ткачыхі пакажуць майстар-класы па традыцыйнаму рамяству, а гасцям і ўдзельнікам фестывалю прадставіцца магчымасць самім сесці за ткацкі станок, які, нібы цудадзейная машына часу, дасць магчымасць хоць на імгненне адчуць мінулае.

Таксама наш раён на фестывалі прадставіць адзін з мілагучных і непаўторных этнаграфічных калектываў Піншчыны «Чабатухі» Сташанскага Дома фальклору, а вясёлы вакальны калектыў «Забава» і жвавы танцавальны гурт «Весялуха» Аснежыцкага цэнтра культуры нададуць добры настрой гасцям свята.

У ТЭМУ

ПІНСКІ РАЁН — адзін з самых буйных раёнаў у рэспубліцы. Плошча — 3,2 тысячы квадратных кіламетраў. Праз раён праходзяць аўтамабільныя дарогі Брэст — Гомель, Івацэвічы — Столін. Найбольш аддаленыя ад Пінска населеныя пункты знаходзяцца на адлегласці: в. Канатоп — 77, Малая Плотніца — 67 кіламетраў. Колькасць насельніцтва (на 01.06.2012 г.) складала 48,9 тысячы чалавек. Падзяляецца на 1 пасялковы Савет (г. п. Лагішын) і 24 сельсаветы. У раёне 179 населеных пунктаў.

Мария ЛЯШУК

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter