Старшыня Лунінецкага райвыканкама Васіль АГІЕВІЧ: «Наша разыначка застанецца і праз сто гадоў»

– ЛУНІНЕЦКІ раён адметны тым, што мясцовыя жыхары ўмеюць добра працаваць на зямлі і адначасова з густам адпачываць.

Радавацца розным святам і адмыслова іх праводзіць. Нашы людзі таксама дбайна захоўваюць этнакультурныя традыцыі сваіх продкаў. І, самае галоўнае, імкнуцца перадаць іх наступным пакаленням. Гэтаму спрыяе і правядзенне фестывалю этнакультурных традыцый «Зов Полесья». Наш край славіцца ў першую чаргу сваімі ткацтвам і вышыўкай. Дзеля захавання традыцый у гэтых сферах у 2008 годзе створаны Цэнтр культуры і народнай творчасці, які ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта краіны за захаванне і адраджэнне фальклорных традыцый на Лунінеччыне. Наогул жа, у раёне шмат мастацкіх калектываў, якія шануюць традыцыі продкаў. Гэта перш за ўсё «Лабчанка» Лобчанскага СДК — актыўна збірае народную творчасць. Аўтэнтычны калектыў «Вытокі» Дзятлавіцкага ЦСДК дбайна захоўвае старажытны абрад «Ваджэнне Траецкага куста». Багданаўскі СДК шануе традыцыі ганчарства, у горадзе Лунінцы захоўваюць рамяство саломапляцення. У Цэнтры культуры і народнай творчасці аграгарадка Вулька-1 дзейнічае майстэрня па вырабу традыцыйных народных касцюмаў — там шыюць іх для ўсіх мастацкіх калектываў раёна. Дарэчы, на першым фестывалі «Зов Полесья» ўзнагароды атрымалі лунінецкія народныя калектывы «Шляхцічы» і «Вандроўнікі». Яны, як кажуць, высока ўзнялі планку нашых магчымасцей, таму ўдзельнікі сёлетняга фуруму будуць імкнуцца не толькі яе ўтрымаць, але і падняць вышэй. Усё гэта надае ўпэўненасці ў тым, што лунінецкая фальклорная разыначка застанецца і праз сто гадоў.

У ТЭМУ

ЛУНІНЕЦКІ РАЁН знаходзіцца на ўсходзе Брэсцкай вобласці. Плошча раёна — звыш 270 тысяч гектараў, з якіх каля 91 тысячы — сельгасугоддзі, у тым ліку звыш 59 тысяч — асушаныя землі. Каля 40 працэнтаў плошчы раёна занята лясамі. Па яго тэрыторыі цякуць рэкі Прыпяць, Цна, Бобрык, Волхва, Лань, Смердзь. Самыя вялікія азёры — Белае, якое з’яўляецца цэнтрам рэспубліканскага запаведніка, Чорнае і Вулькаўскае.

У 82 населеных пунктах жывуць 73 тысячы чалавек.

Васіль ГЕДРОЙЦ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter