Старшыня Хойніцкага райвыканкама Аляксандр ЦІТОК: «Традыцыі і звычаі захоўваем беражліва»

– ВЫДАТНАЯ наша хойніцкая зямля, ды і людзі — прыгожыя, працавітыя, таленавітыя.

– ВЫДАТНАЯ наша хойніцкая зямля, ды і людзі — прыгожыя, працавітыя, таленавітыя. Узровень культуры раёна адзначаны не толькі вынікамі сельскагаспадарчай дзейнасці і прамысловасці, але і тым, як нашы жыхары ставяцца да сваёй спадчыны, як захоўваюць і адраджаюць яе для будучых пакаленняў.

Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС падзяліла жыццё Хойніцкага раёна на да і пасля. Палова жыхароў раёна была выселеная, сцёртыя з твару зямлі дзясяткі вёсак. Але тыя, хто застаўся жыць і адраджаць наш раён, беражліва захоўваюць старадаўнія традыцыі, звычаі, прыкметы, павер’і, святы… Пацверджанне таму — агляд-конкурс «Традыцыйныя святы і абрады Хойніцкага раёна», удзел у якім прынялі ўсе нашы ўстановы культуры. Клубныя работнікі аднаўляюць і адраджаюць народныя традыцыі па каляндарнай і сямейнай абраднасці, якая праводзіцца ў сельскай мясцовасці.

У Хойніцкім раёне вельмі шмат майстроў народнай творчасці, чые працы перыядычна выстаўляюцца разам з працамі раённага Дома рамёстваў. Яго прыярытэтны напрамак — развіццё і прапаганда народнай творчасці і здабыткаў, вяртанне іх у побыт людзей, у паўсядзённую культуру зносін, у духоўны свет беларусаў. Дарэчы, на I Рэспубліканскім фэсце «Зов Полесья» наш раён быў дыпламаваны за лепшую калекцыю выставачных работ, прадстаўленых Домам рамёстваў.

Нашы самадзейныя артысты пастаянна ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх фестывалях і з’яўляюцца неаднаразовымі лаўрэатамі разнастайных конкурсаў, тым самым уносяць свой уклад у росквіт малой радзімы, услаўляюць свой любімы край.

Мы радыя прадставіць свой раён на II Рэспубліканскім фестывалі этнакультурных традыцый. Нам ёсць што паказаць і на свяце ў гонар 500-годдзя нашага горада Хойнікі.

У ТЭМУ

Плошча ХОЙНІЦКАГА  РАЁНА складае 202,8 тысячы гектараў, з іх лясы займаюць 58,2 тысячы гектараў. Тэрыторыя знаходзіцца ў межах Гомельскага Палесся, на поўдні мяжуе з Украінай. Агульная колькасць насельніцтва — 21,3 тысячы чалавек, больш за 3,5 тысячы якога — моладзь. На тэрыторыі раёна размешчаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, куды ўвайшлі землі, якія былі выведзены з карыстання ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Плошча запаведніка — 215 тысяч гектараў. У 1996 годзе сюды завезена 15 белавежскіх зуброў, цяпер іх колькасць складае 40 асобінаў.

Наталья ВАКУЛИЧ, «БН»

Фото  автора

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter