Аб чым пісала «Сельская газета» 60 год таму

Старшыня без калгаснай дэмакратыi

Галоўнай тэмай у красавіцкія дзянькі 1955 года былі весткі з палёў. Паўсюль ішла сяўба. “Калгаснікі сельгасарцелі імя Леніна Тураўскага раёна з дапамогай механізатараў трактарнай брыгады Грыгорыя Карася першымі ў раёне ў сціслыя тэрміны правялі сяўбу ранніх каласавых. Ужо нават пасеяны першыя 20 гектараў ільну. Добра працуюць на палях калгаса імя Калініна Слонімскага раёна механізатары Рышчыцкай МТС. Трактарысты Анатоль Далатоўскі, Лявонцій Блізнюк і Іван Шукалаў на веснавым ворыве перавыконваюць нормы. Трактарная брыгада працуе кругласутачна. Закончылі падкормку азімага палетка калгаснікі сельгасарцелі імя Скварцова і Маёрава Старадарожскага раёна. Перавыконваюць заданні на баранаванні азімых і ворыве камсамольцы Аляксандр Міхневіч, Георгій Амяльчэня, Аляксей Раманеня і іншыя”, — рабіла пераклічку рэгіёнаў “Калгасная праўда”.


“На палях сельгасарцелі “Новы шлях” у гэтыя дні не змаўкае гул трактараў. Ідзе перадпасяўная падрыхтоўка глебы, сяўба ранніх каласавых. З першых дзён веснавой сяўбы тэхніка Кобрынскай МТС працуе бесперабойна. Асабліва высокай выпрацоўкі дабіўся трактарыст Аляксей ПЕТРАСЮК (на здымку). Ён вядзе сяўбу пшаніцы ў першай паляводчай брыгадзе калгаса”. 

Лепшай даяркай па выніках на пачатак красавіка стала Соф’я Машлякевіч з калгаса “Сцяг камунізма” Давыд-Гарадоцкага раёна. “Яшчэ ў 1953 годзе яна атрымала па 3065 кілаграмаў малака ад кожнай замацаванай за ёю каровы. Пасля давяла надой да 3771 кілаграма, выйшаўшы на трэцяе месца ў спаборніцтве даярак рэспублікі. За апошнія месяцы яна дасягнула новых поспехаў. Па надоях у зімовы стойлавы перыяд яна заняла першае месца ў рэспубліцы, атрымаўшы ад кожнай каровы ў сярэднім па 1830 кілаграмаў малака. Сёлета знатная даярка змагаецца за атрыманне не менш чатырох тысяч кілаграмаў малака ад каровы”. 

Па выніках першага квартала ў сацыялістычным спаборніцтве лепшым па надою малака стаў Любанскі раён, дзе ад каровы атрымалі ў сярэднім 380 кілаграмаў. На другім месцы Слуцкі раён з паказчыкам 365 кілаграмаў. На трэцім — Давыд-Гарадоцкі — 360 кілаграмаў. 

Перадавая даярка калгаса “Зара камунізма” Карэліцкага раёна Н. Карповіч дзялілася праз газету вопытам, які дапамагае ёй дабівацца надояў звыш двух тысяч кілаграмаў ад каровы: “Самае важнае ў нашай справе — гэта добрае кармленне і добры догляд кароў. Прывяду прыклад. Ёсць у нас на ферме карова Зазуля. Намучыліся з ёю нашы даяркі: давала ўсяго 5—6 кілаграмаў малака ў дзень, да таго ж мела “дрэнныя звычкі” — адмаўлялася піць ваду, біла даярак заднімі нагамі. Яны баяліся Зазулю, на дойку ішлі толькі з палкай. Аднак я папрасіла перавесці яе да мяне. Замест палкі брала на дойку кавалачак хлеба — пачаставаць кароўку, паіла яе цёплай вадой, імкнулася яе прылашчыць. У час даення я тройчы масажырую карове вымя. У выніку Зазуля змяніла характар. І ў мінулым годзе я атрымала ад яе больш за 3 тысячы кілаграмаў малака! Вось што значаць добрыя адносіны да жывёлы! А калі падыходзіць да справы з абыякавасцю, можна сапсаваць і высокаўдойную карову”.

Журналісты газеты пільна сачылі за непарадкам, які часам адбываўся ў калгасах, падымалі на старонках газеты праблемныя пытанні. Напрыклад, спецыяльны карэспандэнт Ф. Здаравец наведаў сельгасарцель “Другая пяцігодка” Жыткавіцкага раёна, каб разабрацца ў супрацьстаянні, пра якое напісалі ў лісце ў рэдакцыю калгаснікі. Аказалася, што ў арцелі парушаецца калгасная дэмакратыя: “На справаздачна-выбарчыя сходы запрашаюць не ўсіх калгаснікаў, а толькі тых, хто сябруе са старшынёй і галасуе за яго. Між іншым, ураджай усіх культур тут самы нізкі ў раёне. Збожжа збіраюць усяго 2 цэнтнеры з гектара, ільносемені — цэнтнер, бульбы — 80. А ад каровы дояць усяго 490 кілаграмаў малака ў год”. Пасля камандзіроўкі карэспандэнта “Калгаснай праўды” сітуацыяй у арцелі зацікавіліся Жыткавіцкі райкам партыі і райвыканкам. Быў праведзены агульны сход калгаснікаў, на якім выбралі новага старшыню. 

Падшыўкі гартала Юлія БАЛЬШАКОВА, «СГ»

bolshakova@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter