Што абмяркуюць удзельнікі VII Касмічнага кангрэса, які адкрываецца сёння ў Мінску

Старонкі зорнага атласа

Сёння космас стане да нас крыху бліжэй - VII Касмічны кангрэс стартуе ў Мінску. Каб абмеркаваць новыя дасягненні ў касмічнай галіне і выкарыстанне касмічнай прасторы ў мірных мэтах, вызначыць прыярытэтныя кірункі развіцця касмічнай дзейнасці, у нас збяруцца сотні навукоўцаў і спецыялістаў.

 

Геаграфія ўдзельнікаў шырокая - Беларусь, Расія, Украіна, Казахстан і іншыя краіны.

На форуме будуць працаваць сем секцый. Тэмамі для дыскусій стануць перспектыўныя матэрыялы, элементная база для касмічнай тэхнікі, інавацыйныя праграмы, праекты і тэхналогіі ў ракетна-касмічнай галіне, самі касмічныя апараты, мэтавая і навуковая апаратура. Закрануць навукоўцы аспекты апрацоўкі і адлюстравання даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, спадарожнікавай сувязі і вяшчання і, вядома ж, падрыхтоўкі кадраў для касмічнай галіны. Чым могуць быць карысныя спадарожнікі для сельскай гаспадаркі, як вырашыць праблему касмічнага смецця — усе гэтыя тэмы трапяць пад прыцэл кангрэса.

— Калі тэма смецця для нас пакуль не самая актуальная — мы яшчэ не паспелі ў космасе насмеціць, то вось тэма практычнага прымянення касмічнай інфармацыі для сельскай гаспадаркі і іншых галін вельмі важная, — такое меркаванне выказвае намеснік старшыні кангрэса акадэмік НАН Сяргей Абламейка. — Усе напрацоўкі краіны мы пакажам на гэтым кангрэсе, у тым ліку на выставе навукова-тэхнічнай прадукцыі касмічнага прызначэння.

Цяперашні кангрэс сёмы па ліку. Першае мерапрыемства прайшло ў 2003 годзе. Аднак гэта не робіць яго менш важным, перакананы Сяргей Абламейка:

— Кожны кангрэс важны па-свойму. Цяпер, калі краіна запусціла ў космас два спадарожнікі, у нас ёсць вопыт у гэтай сферы, асабліва па дыстанцыйным зандзіраванні Зямлі. А кангрэс — выдатная нагода падвесці своеасаблівы вынік: ацаніць стан спраў за апошнія некалькі гадоў і, вядома ж, намеціць планы на будучыню. У гэтым го-дзе заканчваецца саюзная касмічная праграма, таму мы плануем пасяджэнне рабочай групы з тым, каб абмеркаваць некалькі новых праграм.

Як адзначаюць многія, кангрэс — мерапрыемства ў нейкім сэнсе знакавае, паколькі стане своеасаблівай падрыхтоўкай да буйнейшага форуму, правядзенне якога запланавана на наступны год — Міжнароднага касмічнага кангрэса.

veraart14@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter