Старонкi залатога фалiянта

Якiя незабыўныя ўражаннi чакаюць 3 верасня гасцей Пастаў i ў чым адметнасць сёлетняга Дня беларускага пiсьменства ў параўнаннi з мiнулагоднiм, расказвае мiнiстр iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр РУСАКЕВIЧ.

— Сёлета Дзень беларускага пiсьменства пройдзе ў трынаццаты раз. Мэта, якую з першага дня iснавання свята ставяць перад сабой яго арганiзатары, — павышэнне прэстыжу пiсьменства i друку як асновы шматвяковай культуры беларускага народа, умацаванне iх ролi i значэння ў духоўным жыццi грамадства, пашырэнне творчых сувязей з кнiгавыдаўцамi, калектывамi рэдакцый друкаваных СМI, пiсьменнiкамi, паэтамi iншых краiн. Свята мае агульнанацыянальны характар, i вялiкая ўвага, якую наша дзяржава на самым высокiм узроўнi ўдзяляе арганiзацыi Дня беларускага пiсьменства, стала добрай традыцыяй. У гэтым годзе арганiзацыйны камiтэт свята — а ўзначальвае яго намеснiк прэм’ер-мiнiстра Аляксандр Косiнец — iмкнецца, каб па-за ўвагай не засталася нi адна дробязь, нават асфальтаванне пад’язных шляхоў да асноўных святочных пляцовак.
Некаторыя дзяржаўныя ўстановы, напрыклад АСБ “Беларусбанк”, канцэрн “Беллегпрам”, у падрыхтоўцы святочнай праграмы ўдзельнiчаюць упершыню. А асноўным арганiзатарам гэтага важнага для краiны мерапрыемства па традыцыi выступае Мiнiстэрства iнфармацыi сумесна з iншымi зацiкаўленымi дзяржаўнымi ведамствамi — мiнiстэрствамi адукацыi, культуры, сувязi i iнфарматызацыi, Вiцебскiм аблвыканкамам, Нацыянальнай акадэмiяй навук, Пастаўскiм райвыканкамам.1a.jpg
— Месцам правядзення Дня беларускага пiсьменства заўсёды былi старажытныя беларускiя гарады, якiя адыгралi вялiкую ролю ў развiццi нацыянальнай культуры: Полацк, Тураў, Камянец... Чаму сёлета сталiцай свята выбраны менавiта Паставы?
— Сапраўды, гэты горад не такi старажытны, як, напрыклад, Полацк або Тураў. Першая згадка пра Паставы ў пiсьмовым помнiку адносiцца да 1552 года. Аднак у канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя мястэчка Паставы было значным культурным цэнтрам Паўночна-Заходняй Беларусi. У горадзе iснаваў театр, працавалi арнiталагiчны музей i мастацкая галерэя.
Гэты раённы цэнтр i сёння прываблiвае турыстаў як з нашай краiны, так i з-за межаў Беларусi — з пачатку бягучага года Паставы наведала каля 8 тысяч чалавек. Тут захавалася шмат старажытных помнiкаў дойлiдства. Гэта i палац Тызенгаўзаў, якi ўваходзiць у пералiк помнiкаў архiтэктуры, якiя ахоўваюцца дзяржавай, i з’яўляецца адной з найбольш папулярных турыстычных мясцiн, i неагатычны касцёл Антонiя Падуанскага канца XIX — пачатку XX стагоддзя, i Мiкалаеўская царква канца XIX стагоддзя, i нават старажытны вадзяны млын. Унiкальныя помнiкi Пастаў стануць цудоўнай “дэкарацыяй” да свята, абудзяць у сэрцах гасцей XIII Дня беларускага пiсьменства ўзнёслыя пачуццi.
— У чым асаблiвасцi свята ў параўнаннi з папярэднiмi?
— У гэтым годзе ўпершыню пераможцам рэспублiканскага конкурсу “Мастацтва кнiгi” будзе ўручацца ганаровы знак-сiмвал “Залаты фалiянт”. Цырымонiя ўзнагароджання пройдзе падчас адкрыцця свята i стане адным з галоўных яго мерапрыемстваў. Нагадаю, што рэспублiканскi конкурс “Мастацтва кнiгi” ў гэтым годзе прайшоў ужо ў 46-ы раз, але ў папярэднiя гады цырымонiя ўзнагароджання праходзiла досыць сцiпла. Стваральнiкам лепшых выданняў гэтага года будуць уручаны 19 статуэтак “Залаты фалiянт”.
Гран-пры конкурсу заваявала двухтомнае выданне “Перамога”. Статуэткi “Залаты фалiянт” i вышэйшыя ўзнагароды — дыпломы iмя Францыска Скарыны — атрымаюць выдавецтва “Мастацкая лiтаратура”, палiграфiчнае прадпрыемства “Мiнская фабрыка каляровага друку”, а таксама мастакi, што працавалi над кнiгай: Аляксей Пятроў i Валерый Рагалевiч. Яшчэ тры знакi-сiмвалы будуць уручаны стваральнiкам лепшых выданняў года. Знакi-сiмвалы “Залаты фалiянт” атрымаюць i пераможцы конкурсу ў розных намiнацыях.
Плануецца, што ў гэтым годзе тэлегледачы атрымаюць магчымасць убачыць Дзень беларускага пiсьменства ў прамым эфiры. Як i ў папярэднiя гады, у межах святочных мерапрыемстваў пройдзе Фестываль кнiгi i прэсы. У павiльёне “Сучасная беларуская кнiга” на плошчы 100 квадратных метраў будзе прадстаўлена кнiжная прадукцыя апошняга года выдання — больш за тысячу кнiг i брашур выдавецтваў розных форм уласнасцi. Гэта кнiгi-лаўрэаты 46-га рэспублiканскага конкурсу “Мастацтва кнiгi”, пераможцы трэцяга мiжнароднага конкурсу “Мастацтва кнiгi” краiн—удзельнiц СНД, што нядаўна завяршыўся ў Маскве. Дарэчы, Беларусь атрымала там 7 дыпломаў. Будзе прадстаўлена ў гэтым павiльёне i выстаўка Вiцебскай абласной бiблiятэкi “Вiцебшчына. Гiсторыя i сучаснасць”.
Назва другога павiльёна, што запросiць гасцей фестывалю, — “Скарбы беларускага кнiгадрукавання”: яго экспазiцыю — дарэчы, упершыню — разам з Мiнiстэрствам iнфармацыi рыхтуе Полацкi музей кнiгадрукавання. Тут будуць экспанавацца больш за 200 кнiг-лаўрэатаў мiжнародных i рэспублiканскiх конкурсаў, пачынаючы з 60-х гадоў мiнулага стагоддзя. У гэтым жа павiльёне будуць працаваць два друкарскiя станкi — старажытны, на якiм майстар будзе ствараць афорты, i сучасны.
На свяце будуць працаваць тэматычныя пляцоўкi “Люблю цябе, Белая Русь”, “Планета дзяцiнства”, “Шлях да ведаў”, “Пiсьменнiк, час, эпоха”, фотавыставы “Мая радзiма Беларусь” — больш за 150 фотаздымкаў для яе прадаставiць буйнейшае ў краiне iнфармацыйнае агенцтва БЕЛТА, “Памяць Чарнобыля” — работы Анатоля Кляшчука i “Нечаканая Беларусь” Сяргея Плыткевiча.
Рэдакцыi друкаваных СМI, як рэспублiканскiя, так i рэгiянальныя, прадставяць сваю прадукцыю на асобнай выставе. Праграма свята насычана разнастайнымi сустрэчамi, прэзентацыямi, канцэртамi. I, зразумела, па ўсiм горадзе будзе разгорнуты кнiжны гандаль.
— Пiсьменства сёння, як i многа стагоддзяў назад, гэта ў першую чаргу кнiга. Наколькi высокi, на ваш погляд, узровень прадукцыi беларускiх выдавецтваў?
— Свята беларускага пiсьменства мы разглядаем як своеасаблiвую справаздачу кнiгавыдаўцоў, палiграфiстаў, журналiстаў перад чытачамi, як падвядзенне вынiкаў iх работы за год. Сёння ў нашай краiне 584 прадпрыемствы маюць лiцэнзiю на выдавецкую дзейнасць. Шэсць з iх — дзяржаўныя, яны ўдзельнiчаюць у выданнi сацыяльна значнай лiтаратуры. Друкаваную прадукцыю выпускаюць таксама мiнiстэрствы i ведамствы, навучальныя ўстановы i грамадскiя аб’яднаннi нашай краiны. Актыўна развiваюцца i выдавецтвы недзяржаўнай формы ўласнасцi.
За шэсць месяцаў бягучага года ў нашай краiне выдадзена 6525 кнiг i брашур. Для параўнання: за такi ж перыяд мiнулага года свет убачыла 5628 назваў. А з 2002 года выпуск кнiг у краiне амаль падвоiўся. Лiчбы ўказваюць на тое, што ў Беларусi стабiльна развiваюцца i выпускаюць дастойную, запатрабаваную грамадствам прадукцыю як дзяржаўныя, так i  недзяржаўныя выдавецтвы. Гэтаму спрыяе дзяржаўная падтрымка кнiгавыдаўцоў. Напрыклад, значная фiнансавая дапамога аказваецца дзяржаўным выдавецтвам, якiя ажыццяўляюць выпуск сацыяльна значнай прадукцыi, што дазваляе зрабiць гэтыя кнiгi танней для чытача. Акрамя таго, Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь выдавецтвы i прадпрыемствы кнiжнага гандлю — i дзяржаўныя, i прыватныя — вызвалены ад арэнднай платы.
Што ж датычыць якасцi сучаснай беларускай кнiгi, вынiкi мiжнародных конкурсаў гавораць самi за сябе. Па колькасцi дыпломаў, што атрымалi беларускiя кнiгавыдаўцы ў гэтым годзе на конкурсе ў Маскве, Беларусь заняла другое месца (пасля Расii) сярод краiн СНД. А ў мiнулым годзе тры беларускiя кнiгi ўвайшлi ў сотню лепшых кнiг свету.
— Напярэдаднi Дня беларускага пiсьменства як вы ацэньваеце ўзровень беларускiх перыядычных выданняў — рэспублiканскiх i рэгiянальных?
— Нельга не заўважыць, што ў апошнi час узровень нашай прэсы змянiўся ў лепшы бок. Яшчэ некалькi гадоў таму амаль што ўсе раённыя i гарадскiя газеты былi чорна-белымi, раёнкi традыцыйна былi чатырохпалоснымi. У апошнi час практычна ўсе беларускiя газеты сталi двухкаляровымi або поўнакаляровымi, выходзяць павышаным аб’ёмам. I хоць пакуль што яшчэ iнфармацыйная насычанасць, вёрстка i дызайн рэгiянальных СМI не заўсёды адпавядаюць сучаснаму ўзроўню, iдзе актыўная работа ў гэтым накiрунку. Калi весцi размову пра рэспублiканскiя газеты, то тут галоўнай задачай з’яўляецца ўмацаванне ўласных пазiцый на рынку сродкаў масавай iнфармацыi Беларусi, пашырэнне кола чытачоў. Тым больш што дзяржава аказвае друкаваным СМI iстотную падтрымку. У адпаведнасцi з Комплекснай праграмай развiцця дзяржаўных перыядычных друкаваных выданняў у Рэспублiцы Беларусь на 2005—2008 гады, што была зацверджана пастановай  Савета Мiнiстраў, у гэтым годзе рэдакцыям як рэспублiканскiх, так i мясцовых перыядычных выданняў будзе выдзелена каля 1,5 мiльярда рублёў на аснашчэнне матэрыяльна-тэхнiчнай базы.
— Давайце зноў звернемся непасрэдна да свята. Каго 3 верасня чакаюць у госцi Паставы?
— На свяце беларускага пiсьменства традыцыйна прысутнiчаюць прадстаўнiкi вышэйшага кiраўнiцтва краiны, кiраўнiкi пасольстваў, што акрэдытаваны ў нашай краiне, замежныя дэлегацыi. Чакаюцца кнiгавыдаўцы i прадстаўнiкi перыядычных выданняў з Санкт-Пецярбургу, Маскоўскай, Нiжагародскай, Ленiнградскай абласцей Расiйскай Федэрацыi, госцi з iншых краiн СНД.
А што тычыцца жыхароў Беларусi, Дзень беларускага пiсьменства даўно стаў для iх любiмым святам. Летась ў Камянцы сабралiся тысячы прыхiльнiкаў друкаванага слова з усiх куткоў нашай краiны. У гэтым годзе, я ўпэўнены, гасцей будзе не менш. Мы як арганiзатары запрашаем на свята ўсiх. Прыязджайце ў Паставы!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter