Афішы мінулых гадоў пакажа Вялікі тэатр перад сваім 85-гадовым юбілеем

Старонкі музычнай гісторыі

Важкая дата — важкія сюрпрызы. На мінулым тыдні ў галерэі “Універсітэт культуры” адкрылася выстава “Тэатр. Inside”. Яна ўключае эскізы касцюмаў і дэкарацый, сцэнічныя ўборы, постэры, тэатральную бутафорыю, фатаграфіі, якія прадстаўляюць найноўшую гісторыю Вялікага тэатра. Хутка экспанаты пераедуць у Нацыянальную бібліятэку, дзе ўжо рыхтуецца новая выстава, якая павінна ў першую чаргу расказаць пра багатую гісторыю тэатра. Зрабіць гэта плануецца незвычайным спосабам. Зазірнуць у мінулае дапамогуць... афішы.


Экспазіцыя “З тых даўніх дзён да сённяшняга часу” адкрыецца 19 красавіка і прадставіць на агляд 70 афіш, якія без лішніх слоў раскажуць пра гісторыю Вялікага тэатра з моманту яго нараджэння — 25 мая 1933 года — да сучаснасці. У прыватнасці, глядач убачыць афішу першага нацыянальнага балета “Салавей” Міхаіла Крошнера 1939 года, плакаты ваенных часоў (тэатральная трупа працавала ў эвакуацыі ў Горкім і Каўрове), афішы з краін, дзе Вялікі тэатр пабываў на гастролях — а гэта амаль увесь свет!


Юбілейны год багаты не толькі на выставы, але і на прэм’еры. Ужо 25 красавіка гледачоў парадуюць прэм’ерай оперы “Багема” Джакама Пучыні ў пастаноўцы народнага артыста Расіі Аляксандра Ціцеля. Крыху пазней нас чакае балет “Пятрушка” Ігара Стравінскага ад знакамітага Андрыса Ліепы, затым опера з харэаграфічным пралогам “Саламея” Рыхарда Штраўса і многае іншае. Сачыце за афішамі — Вялікі тэатр умее здзіўляць і на дзявятым дзясятку.

mila@sb.by

Фота прадастаўлены прэс-службай тэатра
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter