Копія старадаўняга рукапіснага шэдэўра з’явілася ў бібліятэцы Барысава.
Гэта падзея адбылася ў рамках Месяца праваслаўнай кнігі, што нядаўна пачаўся на Барысаўшчыне. Факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля — амаль дакладная копія арыгінала — перададзена ў дар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева выдавецтвам Беларускага Экзархата ў рамках праграмы «Сям’я — Яднанне — Айчына».
Цырымонія прайшла ва ўрачыстай абстаноўцы — прэзентацыя Слуцкага Евангелля, фільм аб правядзенні самой праграмы, выступленне камернага хору. Азначылася яна і яшчэ адной прыемнай і важнай падзеяй — дырэктар бібліятэкі Галіна Слесарэнка атрымала медаль «За заслугі» і грамату «За высокае служэнне справе духоўнага адраджэння Айчыны». Гэта ўзнагароды Міжнароднага дабрачыннага фонду «Сям’я — Яднанне — Айчына». Каштоўная кніга будзе захоўвацца ў духоўна-асветніцкім цэнтры бібліятэкі. Але найперш мяркуецца, што яна зробіць шэсце па ўсіх навучальных установах горада.
Увогуле ж, у час Месяца праваслаўнай кнігі дарослыя і дзеці змогуць шмат даведацца пра багатую спадчыну духоўнай літаратуры. У школах, бібліятэках, гарадскім Палацы культуры пройдзе шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Бібліі, Евангеллю, іншым знакамітым праваслаўным кнігам. Ладзіцца ўсё гэта для таго, каб наблізіць людзей, і моладзь у прыватнасці, да кнігі, да чытання, да духоўных і маральных каштоўнасцей.
Трэба адзначыць, што Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І.Х. Кала-дзеева — сапраўдны культурны і асветніцкі цэнтр, які працуе на высокім узроўні прафесійнага майстэрства. І невыпадкова ў яе калекцыі шмат заслужаных узнагарод. Насычанае, багатае на падзеі жыццё там віруе кожны дзень. Цэнтральная дзіцячая бібліятэка, мастацкая галерэя «З’ява», духоўна-асветніцкі цэнтр, гарадскія і сельскія бібліятэкі працуюць у адзінай структуры, але кожная са сваім арыгінальным падыходам. Да прыкладу, у дзіцячай бібліятэцы завяршаецца конкурс «Мой любімы літаратурны герой», на які яго ўдзельнікі прадставілі апавяданні, вершы, эсэ, работы ў тэхніцы камп’ютарнай графікі, а таксама буктрэйлеры — невялікія фільмы па матывах кніг. Разам з тым конкурс плануе вырашыць пытанне: каму з літаратурных герояў дзеці хацелі б узвесці помнік і як ён павінен выглядаць?
Майстэрствам і вытанчанасцю зноў парадавала і галерэя «З’ява», там ідзе выставачны праект «Hand made». Інтэр’ерныя лялькі, вырабы з лямцу, дэкаратыўныя інсталяцыі, вырабы ў тэхніцы «цумамі канзашы» і шмат чаго яшчэ. Можна не толькі паглядзець, але і набыць аўтарскія работы.