Слава і страты старажытнага Старобіна

Старобін: радовішча лёсаў, славутых землякоў і солі

ВЫЯЎЛЕНАЕ ў пасляваенныя гады адно з найбольш буйных у Еўропе радовішч калійнай і каменнай салей прынесла славу старажытнаму Старобіну і пазбавіла статуса раённага цэнтра.


Упершыню паселішча ўзгадваецца ў архіўным дакуменце 1646 года фамільнага фонда “Князёў Радзівілаў”. Пісьмова засведчана, што прыналежным знатнаму роду дазвалялася пасяляцца ў Старобіне, будаваць дамы, весці гаспадарку. На пятнаццаць гадоў вызваляліся навасёлы ад выплаты падаткаў і павіннасцяў.

У Вялікім Княстве Літоўскім маёнтак належаў заможным магнатам Алелькавічам, потым Радзівілам. З сярэдзіны XVII стагоддзя граматай польскага караля Аўгуста II Старобін атрымаў статус мястэчка і дазвол на штогадовае правядзенне чатырох вялікіх кірмашоў: вясною – на працягу тыдня, летам – тры дні, восенню – тыдзень і на Каляды – два тыдні. Адкрылася народнае вучылішча. На сродкі мецэнатаў узведзена Мікалаеўская царква.

Старшыня райсавета дэпутатаў Галіна КЛІШЭВІЧ і старшыня Старобінскага сельвыканкама Ала ЯКАЎЛЕВА.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка адыйшло да Расійскай імперыі і ім валодалі князі Вітгенштэйны і потым Гагенлоэ.

Пасля ваенных і рэвалюцыйных падзей пачатку мінулага стагоддзя ўтвораны Старобінскі раён, які існаваў да 1962 года. Цэнтр яго ў 1938-м стаў гарадскім пасёлкам, у якім развівалася дрэваапрацоўчая прамысловасць, на базе некалькі дробных калгасаў створаны саўгас “Старобінскі”. Першы ток дала электрастанцыя, будаваўся торфабрыкетны завод.

Начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела торфабрыкетнага завода Мікалай АЛЕХНО.

З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі на Старобіншчыне пачалі дзейнічаць партызанскія атрады. Народныя мсціўцы не давалі спакою захопнікам. Героем Савецкага Саюза стаў камандзір брыгады № 101 імя Аляксандра Неўскага Дзмітрый Гуляеў, які загінуў восенню 1943 года ў жорсткім баі з ворагам. На магіле яго, у старым парку Старобіна на беразе Случы, устаноўлены помнік.

У пасляваенныя гады аднавілі дзейнасць леспрамгас, саўгас, які цяпер рэарганізаваны ў ААТ “Старобінскае”. На пачатку шасцідзесятых гадоў пачало эксплуатавацца радовішча калійных і каменнай салей. Уступіў у дзеянне торфабрыкетны завод. Меліяратары прыйшлі на векавыя балоты.

Майстар па азеляненні торфабрыкетнага завода Таісія ЯКУБОВІЧ.

Гонар Старобіна – легендарная народная артыстка БССР і СССР Галіна Макарава, якая тут нарадзілася і закончыла школу.

ПА шляху ў Старобін завітаў у Салігорскі райвыканкам. Дзве юбілейныя даты адзначаць будучым летам салігорцы: 95 гадоў таму створаны Старобінскі раён, які потым стаў Салігорскім, і 60 гадоў — гораду беларускіх шахцёраў. Старшыня райсавета дэпутатаў Лідзія Клішэвіч заклапочана арганізацыяй святкавання. Хапае і надзённых спраў: працаўладкаванне, стварэнне жыллёвых кааператываў, дапамога шматдзетным сем’ям, пошукі інвестараў і іншае. З праблемай занятасці насельніцтва ў раёне справіліся. Два жыллёвых кааператывы арганізавалі ў Чырвонай Слабадзе і Старобіне. Кватэрамі забяспечылі некалькі дзясяткаў шматдзетных сем’яў. А вось з інвестарамі складана. Пакуль рэдка яны звяртаюць увагу на глыбінку. Вядуцца перамовы з саліднай замежнай фірмай пра адкрыццё вытворчасці ў Старобіне. Але пахваліцца яшчэ няма чым.

Кіраўнік справамі сельвыканкама Марыя АНТАНОВІЧ уручае бацькам Алене і Дзмітрыю НОВІКАМ пасведчанне аб нараджэнні дачкі Арыны.

Так у разважаннях непрыкметна пад’ехалі да Старобінскага сельвыканкама. Нас сустрэла старшыня Ала Якаўлева. Продкі яе спакон вякоў жылі ў гэтых мясцінах. Бацькі па закліку партыі ў пяцідзесятыя гады мінулага стагоддзя паехалі асвойваць цаліну. У Казахстане нарадзілася дачка. Закончыла школу, а потым і інжынерны інстытут у казахскім горадзе нафтавікоў — Рудным. Покліч продкаў прывёў Алу Мікалаеўну на Старобіншчыну, дзе ёй наканавана было ўзначаліць сельвыканкам.

На службовым легкавіку толькі што яна аб’ехала ўсе дзесяць населеных пунктаў сельсавета, правяла вясковыя сходы, на якіх выбралі стараст. З імі кіраўнік мясцовай улады трымае сувязь. Па спрэчных пытаннях раіцца са старшынёю райсавета дэпутатаў. І на гэты раз ім было што абмяркоўваць. Развіталіся з Лідзіяй Анатольеўнай, і Ала Мікалаеўна села за руль, мы адправіліся на торфабрыкетны завод. На ажыўленых вуліцах гарпасёлка кіпела жыццё. Каля прахадной нас чакаў каржакаваты шырокаплечы мужчына, дэпутат сельсавета, начальнік вытворча-тэхнічнага ўчастка Мікалай Аляхно. З-за бетоннай завадской агароджы курэў дымам высокі мураваны комін. Перахапіўшы мой позірк, Мікалай Рыгоравіч адзначыў, што спецыяльнае прыстасаванне ўлаўлівае шкодныя выкіды. На прадпрыемстве, якому сорак гадоў, пільна прытрымліваюцца экалагічных норм.

Урач-стаматолаг бальніцы Жана ШЧАРБОВІЧ і медсястра Марыя ХАМІЦЭВІЧ.

Мікалай Аляхно – адзін са старэйшых у амаль паўтысячным калектыве. Прыехаў у Старобін пасля заканчэння сталічнага політэхнікума, завёў сям’ю, атрымаў жыллё. Мікрараён торфабрыкетчыкаў будаваўся побач з вытворчай базай. Большасць жыхароў яго – моладзь. Многія вярнуліся з вялікіх гарадоў. Сын Мікалая Рыгоравіча пасля заканчэння політэхнічнага інстытута пакараў сталіцу. Працаваў інжынерам-тэхнолагам на аўтамабільным заводзе. Не вытрымаў гарадскога тлуму і паехаў дамоў. Працуе інжынерам на чацвёртым рудаўпраўленні ”Беларуськалія”. Бацькі задаволены, што вярнуўся, але хвалююцца, каб не застаўся бабылём.

Праблема нявест адчуваецца ў Старобіне. Побач шахцёрская сталіца — Салігорск. Восенню кожныя выхадныя гудуць вяселлі. Дзіцячы садзік перапоўнены. Амаль паўсотні выпускнікоў закончылі сёлета сярэднюю школу, а ў першы клас прыйшло ў два разы больш навучэнцаў. Пры школе дзейнічаюць вячэрнія класы па падрыхтоўцы вадзіцеляў грузавых аўтамабіляў і трактарыстаў. Сотня старобінскіх старшакласнікаў і вучняў з навакольных вёсак атрымлівае рабочыя прафесіі. Праезд на вучобу і харчаванне бясплатныя. Тэарэтычныя заняткі ў класе праводзіць вопытны Уладзімір Кернажыцкі, а кіраваць трактарамі і аўтамашынамі вучыць спрактыкаваны майстар Уладзімір Агіевіч.


Вучаніца 11-га класа Дар’я ЗАЛЕСКАЯ і намеснік дырэктара сярэдняй школы Алена ДАНІЛЕВІЧ.

ЧАСТА завітвае да навучэнцаў дырэктар ААТ “Старобінскае” Таццяна Кудзёлка, якая дзевятнаццаць гадоў кіруе калектывам. Гаспадарка шэфствуе над школай. Вучнёўская вытворчая брыгада на летніх канікулах звычайна  працуе на збожжатаку. Сёлета такой неабходнасці не было. Многія выпускнікі пасля атрымання атэстата сталасці застаюцца ў гаспадарцы, у будаўнічых і меліярацыйных арганізацыях. Механізатарамі сталі Міхаіл Бондараў і Мікалай Бародка, кароў доіць Святлана Кузьміч, аддзелам кадраў загадвае Наталля Круковіч, а бухгалтарскую службу ўзначаліла Наталля Кернажыцкая. Большасць настаўнікаў таксама былыя выхаванцы гэтай школы, якой ужо 150 гадоў. Авіядыспетчарам вырашыла стаць выдатніца Дар’я Залеская. За перамогу ў рэспубліканскім творчым конкурсе “100 ідэй для Беларусі” і поспехі ў вучобе прызнана “Вучнем года Мінскай вобласці”.

Выпускніца былых гадоў Алена Якавец пасля заканчэння школы асвоіла на торфабрыкетным заводзе прафесію транспарцёршчыка. Месяц таму нарадзіла дзяўчынку. Разам з мужам Дзмітрыем Новікам прыйшлі зарэгістраваць у сельвыканкаме нованароджаную Арыну. Кіраўнік справамі Марыя Антановіч павіншавала іх. Торфабрыкетны завод дапамог будаваць кааператыўную кватэру. Пяціпавярховыя жылыя дамы ўпрыгожаць мікрараён Маладзёжны. Здадзены ў эксплуатацыю першы шматкватэрны дом, прызначаны ў асноўным для шматдзетных сем’яў, якіх у сельсавеце больш за сотню. Кіраўніцтва торфабрыкетнага завода, як і іншых арганізацый, фінансуе сацыяльнае жыллё. Прадпрыемства мадэрнізавана. Па вузкакалейцы з прыроднага сховішча “Кіявец” торф пастаўляецца ў перапрацоўчы цэх. Палепшыліся якасць і аб’ём выпускаемых брыкетаў. Вырас прыбытак. Адноўлены пастаўкі прадукцыі праз літоўскі порт Клайпеда ў заходнееўрапейскія краіны. Заключаны перспектыўны кантракт са шведскімі партнёрамі. Знешнегандлёвая дзейнасць праводзіцца праз дзяржаўную фірму, якая стала адзіным афіцыйным прадстаўніком дзевятнаццаці аналагічных заводаў Беларусі на тэрыторыі Еўропы. З гадавым аб’ёмам выпуска 204 тысячы тон торфабрыкету справіліся ў канцы лета. Бліжэйшыя раёны сталічнай вобласці забяспечаны танным палівам на зімовы перыяд.

Самадзейныя артысты Таццяна РАМАНІКА, Галіна ЛЕВАНОВІЧ, Вольга ПІЛЬКЕВІЧ, Наталля ДАНІЛЕВІЧ і Мікалай ЛІХТАР.

Дбаюць у калектыве і пра рэкультывацыю выпрацаваных тарфянікаў. Сёлета 5300 гектараў паўторна забалочаны. Ідэальны парадак на вытворчай базе. Пярэстымі фарбамі кветак палаюць асеннія клумбы, акуратна дагледжаны газоны і сквер перад прахадной завода. Майстар па азеляненні Таісія Якубовіч з вялікай любоў’ю і стараннем стварае жывую прыгажосць. Зелена і ўтульна ў гарпасёлку. За прадпрыемствамі і арганізацыямі замацаваны вуліцы. Неаднойчы Старобін выходзіў пераможцам у абласным спаборніцтве па добраўпарадкаванні.

У ЗАСЕНІ дрэў патанаюць ціхія вулачкі партызанскай сталіцы, старажылы якой памятаюць ваеннае ліхалецце. Нямецка-фашысцкія акупанты ў першыя месяцы вайны зверскі забілі  каля чатырох тысяч мірных жыхароў. Палаюць фарбы восені ў густой лістоце дрэў ля брацкай магілы, усланай кветкамі. Пра мужнасць піянера-героя Алега Вабішчэвіча, армейскага камісара Уладзіміра Сумара, байца Антона Дрызгаловіча, Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Гуляева і іншых змагароў з гітлераўцамі расказваюць экспанаты школьнага музея.

Аператар пачтовага аддзялення сувязі Валянціна КУДЗЯЛЕВІЧ.

Сярод слынных выпускнікоў школы і Агата Чаховіч — народная артыстка БССР і СССР Галіна Макарава. Калі пачынала тэатральную кар’еру, чамусьці саромелася быць Агатай і назвалася Галінай. Выйшла замуж за афіцэра Макарава, дачку нарадзіла. Геніяльная актрыса была кумірам не толькі для гледачоў, але і для калег. Пасля рэпетыцыі ў Купалаўскім тэатры магла ўзяць у рукі матыку і прапалоць кветнік ля тэатра. У апошнія гады жыцця любіла вырошчваць кветкі. Радавалася, калі госці з захапленнем называлі яе невялікі кавалак зямлі “батанічным садам”. Якім шчасцем было для нас, студэнтаў, трапіць на спектакль з удзелам Галіны Макаравай. Славутая “Лявоніха на арбіце” Андрэя Макаёнка існавала ў рэпертуары тэатра шмат гадоў. У Галіны Кліменцьеўны не было замены. Ролю Лушкі сыграла 600 разоў і заўсёды з вялікім поспехам. Амаль 60 роляў падарыла кіно. На “Ленфільме” яе называлі “Жан Габэн у спадніцы”. Яна была не толькі Вялікай актрысай, але і Чалавекам з вялікай літары. У Старобіне ёсць вуліца Макаравай.

Яна любіла родны куток, дзе кожную восень пузатыя гарбузы, умытыя частымі вераснёўскімі дажджамі, бурштынна жаўцеюць на агародах пад яркімі сонечнымі промнямі. З садоў даносіцца водар спелых антонавак. Стромкія векавыя грушы быццам навагоднімі цацкамі ўвешаны пачырванелымі слуцкімі бэрамі. Побач з патрыярхальным мястэчкам будуецца сучасны Старобін і прырастае насельніцтвам. Шматпавярховыя дамы падступаюць да ажыўленай аўтамагістралі. Актыўна вядзецца індывідуальнае будаўніцтва. У новыя катэджы, узве- дзеныя за свае сродкі, перабраліся сотні сем’яў. Трыста чалавек чакаюць атрымання сядзібных участкаў. Для жадаючых набыць зямельныя надзелы рэгулярна праводзяцца аўкцыёны. Летась самы дарагі падворак на вуліцы Гуляева абыйшоўся пакупніку ў 87 недэнамініраваных мільёнаў рублёў.

Бібліятэкар Вера ВАЛАДЗЬКО.

Ажываюць і навакольныя вёскі. У аддаленых за трыццаць кіламетраў ад Старобіна Крушніках, дзе засталося дзесятак жыхароў, узводзяцца новыя сядзібы. Навасёлы гадуюць авечак, качак, гусей, курэй, вырошчваюць гародніну, разбіваюць сады. Некалькі гадоў таму па сельсавету пуставала амаль шэсцьдзесят дамоў. Цяпер няма і дзесяці пакінутых сядзіб. Вяртаецца жыццё ў старобінскую глыбінку.

Салігорскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter